Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нерэабілітаваная пакутніца за Беларусь. Вянок памяці Надзеі Дземідовіч


Надзея Дземідовіч
Надзея Дземідовіч

На 94-м годзе памерла Надзея Дземідовіч — адна з найстарэйшых беларускіх актывістак, сябра антысавецкага Саюзу беларускай моладзі, які дзейнічаў у часе вайны, засуджаная да 25 гадоў ГУЛАГу за прабеларускую дзейнасьць, так і не рэабілітаваная.

Паходзіла зь сямʼі рэпрэсаваных

Надзея Дземідовіч нарадзілася 24 лютага 1927 году ў вёсцы Мажэйкаве на Слонімшчыне. Падчас вайны вучылася ў беларускай прагімназіі ў Слоніме, у 16 гадоў уступіла ў Саюз беларускай моладзі. Бацькі і старэйшы брат пасьля далучэння Заходняй Беларусі да саветаў сядзелі ў астрогах як «кулакі» ды ўдзельнікі антыбальшавіцкай партызанкі, таму «ворагам» яе зрабілі самі ўлады, казала яна.

Ад 1944-га, калі пачаліся рэпрэсіі супраць актывістаў, Надзея амаль пяць гадоў хавалася ў сваякоў на Палесьсі, а ў 1948-м бацькі пераправілі дачку ў Казахстан. Але і там уратавацца не ўдалося: арыштавалі Надзею ў верасьні 1949 году ў Петрапаўлаўску. Некалькі месяцаў катавалі, выбівалі паказаньні, выносілі з допытаў без прытомнасьці. Але паплечнікаў яна не здала.

Яе вярнулі на радзіму і асудзілі за антысавецкую дзейнасьць да 25 гадоў лягераў і 5 гадоў пазбаўленьня правоў. Спачатку сядзела ў Чэлябінску, а ў 1952-м этапавалі ў Кенгірскі лягер для палітычных вязьняў, які ўваходзіў у карную сыстэму ГУЛАГ.

Вызвалілі Надзею Дземідовіч у 1956 годзе, ужо пасьля сьмерці Сталіна. Яна так і не была рэабілітаваная.

Адважная жанчына была гераіняй публікацыяў Свабоды, дзе дзялілася ўспамінамі пра жудасныя эпізоды лягернага жыцьця.

Удзельніца паўстаньня ў ГУЛАГу

У траўні 1954 году, правёўшы ў лягеры два гады, Надзея Дземідовіч патрапіла ў вір неймаверных падзеяў. Фізычна і маральна зьнясіленыя нечалавечымі ўмовамі ўтрыманьня, вязьні ўзьнялі паўстаньне ў Кенгірскім лягеры ў Казахстане. Гэтая трагічная старонка стала вядомай на ўвесь сьвет праз 20 гадоў, калі пісьменьнік Аляксандар Салжаніцын прысьвяціў паўстаньню асобны разьдзел у «Архіпэлягу ГУЛАГ».

Сорак дзён удзельнікі адстойвалі выспу свабоды пасярод ГУЛАГу, вялі перамовы з адміністрацыяй аб паслабленьні рэжыму, патрабавалі прыслаць у лягер урадавую камісію. Калі ўлады зразумелі, што зламаць паўстанцаў ня ўдасца, пачаўся штурм з выкарыстаньнем танкаў.

Успамінала, што лягер быў агароджаны высокай глінабітнай сьцяной і дзяліўся на дзьве паловы — жаночую і мужчынскую. Унутры стаялі вялікія баракі — асобна для пакараных на 10 і 25 гадоў. Агулам там трымалі 7-8 тысяч чалавек, пераважна мужчынаў. Бальшыня зьняволеных былі людзі адукаваныя — настаўнікі, лекары, літаратары, сьвятары.

Адной з прычынаў паўстаньня стала наўмыснае «зьмешваньне» палітычных з крымінальнікамі. «Блатных» прыкрывала лягерная адміністрацыя, зацікаўленая ў тым, каб антысаветчыкі былі пад безупынным прэсінгам. Але калі пасьля сьмерці Сталіна адбылося паслабленьне рэжыму, да Кенгіру адліга не дайшла.

У ноч на 16 траўня 1954-га мужчыны прабілі праходы ва ўнутранай агароджы, далей падзеі адбываліся ў жаночай зоне. У патрабаваньнях да адміністрацыі гучала, каб з Масквы прыехала камісія і выслухала прэтэнзіі. Сярод іншага дамагаліся вываду крымінальнікаў, 8-гадзіннага працоўнага дня, ліставаньня з роднымі, лепшага харчаваньня.

Фактычна ўлада перайшла да вязьняў: яны абралі свой «урад», стварылі баявыя групы, сфармавалі лягерную службу аховы. Начальства пускалі ў зону, але раззбройвалі.

Танкі і аўтаматнікі супраць вязьняў

Паўстаньне доўжылася 40 дзён — да 26 чэрвеня 1954 году. Паводле Надзеі Дземідовіч, усе цудоўна разумелі, што рана ці позна пачнецца штурм. Таму абаронцы капалі равы на выпадак, калі пойдуць танкі. Прыяжджала камісія з Алма-Аты, аднак паўстанцы па-ранейшаму патрабавалі партыйцаў з Масквы.

Чэкісты правакавалі на ўцёкі. Напрыклад, разьбівалі агароджу, а воддаль хавалі кулямёты, каб расстрэльваць нібыта пры спробе ўцёкаў. Але гэтыя хітрыкі ня мелі плёну... Усё сьведчыла, што выконваць выстаўленыя ўмовы ніхто не зьбіраецца.

26 чэрвеня над лягерам на мінімальнай вышыні праляцелі самалёты, а потым праз праломы ў сьценах пайшлі танкі — проста на людзей. Адзін з баракаў, дзе трымалі старых і інвалідаў, на вачах Надзеі Дземідовіч расплюшчыла танкавымі тракамі. Неўзабаве зьвіліся ўзброеныя вайскоўцы, якія сталі закідваць баракі гранатамі з задушлівым газам.

Колькі было ахвяраў, жанчына ня ведала, але казала, што паўстаньне ў літаральным сэнсе тапілі ў крыві (паводле асобных зьвестак, загінулі прыкладна 700 чалавек). Некаторыя вязьні, каб ня бачыць увесь жах, самі кідаліся пад танк ды аўтаматныя чэргі. Параненых даколвалі штыхамі. Сьледам ішлі грузавыя машыны, і салдаты кідалі ў іх трупы, як дровы. Хто застаўся жывы, вывелі ў стэп і паклалі ніцма на зямлю.

Праз колькі гадзінаў пачалі зачытваць прозьвішчы, хоць дагэтуль усе вязьні былі пранумараваныя. Беларуска нават тады знайшла сілы выкрыкнуць «Далоў берыеўскі праізвол!» Надзею выправілі на поўнач у Тайшэцкія лягеры.

Там ужо сядзела яе слонімская сяброўка Ніна Карач. Ганялі «шчыпаць сьлюду» — вельмі шкодная праца. Калі іншых вязьняў пасьля сьмерці Сталіна паступова пачалі вызваляць, яна пайшла да опэрупаўнаважанага. І атрымала адказ: у сувязі з удзелам у Кенгірскім паўстаньні пакінуць у лягеры. Агулам Надзея Дземідовіч прабыла ў ГУЛАГу ад 1949 году да 1956-га.

Надзея Дземідовіч, 2010 год
Надзея Дземідовіч, 2010 год

Якім быў Саюз беларускай моладзі

Амаль 7 гадоў нечалавечых умоваў за год сяброўства ў Саюзе беларускай моладзі. Гэтая арганізацыя была створаная ў Беларусі падчас нямецкай акупацыі, налічвала больш за 10 тысяч чалавек. Многія з тых маладых людзей прайшлі турмы і лягеры толькі за сам факт сяброўства.

Як згадвала сама Надзея Дземідовіч, у СБМ яна была нядоўга — ад моманту ўтварэньня ў 1943-м да вызваленьня Беларусі чырвонаармейцамі ў 1944-м. Чаго дамагаліся слонімскія «эсбээмаўцы»?

Надзея Дземідовіч казала, што у СБМ хацелі, каб была беларуская дзяржава, каб беларусы не былі пад чыімсьці прыгнётам, каб жылі як вольныя людзі. Яшчэ дзяўчынкай яна склала сама сабе дэвіз: «Жыць на карысьць для народу свайго, калі ён тут будзе гаспадарыць, і штосьці такое зрабіць для яго, каб добрую думку аставіць!»

«Мы выцерпелі ўсё. І не шкадуем, што цярпелі, — гаварыла Надзея Дземідовіч. — У 1956-м прыйшла дамоў надта нямоглая, важыла 42 кіляграмы. Больш за 40 гадоў на інваліднай групе. Але душа ня ўмёрла. І трэба, каб мы былі ўсе беларусамі, каб Беларусь адрадзілася. Бо калі і сьцяг пагубім, і „Пагоню“ кінем, і самі будзем адно цягнуцца, каб мець кавалак хлеба — гэта ўжо не жыцьцё. А хочацца, каб усё было сваё. Перажыўшы і тых палякаў, і немцаў, і расейцаў — усё змарнавалася за Саюз беларускай моладзі. Каб ня ён, мо вывучылася б і кім стала. Але не шкадую».

Да апошняга адзначала 25 Сакавіка і Дзяды

Пасьля вызваленьня ў 1956 годзе Надзея Дземідовіч вярнулаcя на радзіму, працавала на ўласнай гаспадарцы ў Слонімскім раёне. Потым перабралася бліжэй да Менску, жыла ў Калодзiшчах. Праз сваё лягернае мінулае была абмежаваная ў выбары месца працы, нейкі час працавала на заводзе «Гарызонт».

Літаральна да апошняга жанчына ўдзельнічала ў грамадзкім жыцьці: пакуль дазваляла здароўе, наведвалася ў Курапаты, брала ўдзел у шэсьцях на Дзяды і 25 Сакавіка.

Яе так і не рэабілітавалі, ніхто з савецкіх ці беларускіх кіраўнікоў не папрасіў прабачэньня за пакуты, якія яна перажыла.

Летась Рада БНР узнагародзіла Надзею Дземідовіч юбілейным мэдалём да 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, тым самым адзначыўшы яе ўнёсак у справу нацыянальнага адраджэньня.

Надзея Дземідовіч напісала некалькі кніг вершаў і ўспамінаў: «Век так ня будзе» (2002), «Успаміны сэрца майго» (2006), «Мы марылі дома спаткацца» (2010), «Кенгір» (2012).

У 1999 годзе паэт Анатоль Вярцінскі прысьвяціў Надзеі Дземідовіч верш пад назвай «Жывы голас»:

Вось гэта голас!
Вось гэта і слова, і дзея!
Нізкі паклон Вам, цётка Надзея.
Нізкі паклон Вам,
спадарыня Дземідовіч.
Нагледзеліся Вы
столькі жахлівых відовішч.
Наслухаліся Вы
столькі слоў паганых.
Зьведалі столькі пакут...
Душа ваша ўся ў ранах.
Душа Ваша ў ранах уся,
але яна ўсё ж жывая.
Бывае, нясьцерпна баліць,
баліць, але годна трывае.
Вынесла ўсё яна —
зьдзекі, этапы, краты.
Не дасягнулі свайго
шматлікія Вашы каты.
Ня вынішчылі ніяк
яны беларускасьці Вашай.
Яна, як Божы знак,
давала Вам моц і бясстрашша.
Ня змусілі каты Вас
скарыцца, стаць на калені.
Вышэйшыя судзьдзі для Вас —
Радзіма і сумленьне.
Ды яшчэ матчын наказ
крыху грэў Вашы грудзі:
«Надзейка, ня плач.
Век так ня будзе!»

Разьвітаньне з Надзеяй Дземідовіч і паніхіда пройдуць у Менску 5 сакавіка, у рытуальнай залі на вуліцы Кульман, 33а, з 12 да 14-й гадзіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG