Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб сацыяльнай абароне грамадзянаў, прызваных у войска на тэрміновую службу. Тэкст указу яшчэ не апублікаваны афіцыйна — пра новыя нормы вядома з камэнтара на сайце прэс-службы кіраўніка дзяржавы.
Вядома, што ўказ №48 вызначае наступнае:
- ад 1 студзеня 2020 году вайскоўцы на тэрміновай службе падлягаюць абавязковаму дзяржаўнаму страхаваньню на выпадак дасягненьня пэнсійнага ўзросту, інваліднасьці або страты кармільца;
- час на службе ў войску будзе залічвацца ў час, неабходны для атрыманьня працоўнай пэнсіі;
- пасьля тэрміновай службы і службы ў рэзэрве даюцца льготы на падрыхтоўку да паступленьня ў навучальныя ўстановы і перавага ў праве выбару месца разьмеркаваньня па завяршэньні вучобы;
- зь бюджэту прафінансуюць падрыхтоўчыя курсы ў дзяржаўных установах для тых, хто мае ў атэстаце сярэдні бал не ніжэй за 6, а таксама мае рэкамэндацыю ад вайсковай часьці;
- гэтае фінансаваньне дадуць толькі ў год завяршэньня службы і ў наступны за тым год;
- за чальцамі сям’і вайскоўцаў захаваюць месцы ў інтэрнатах на ўвесь час тэрміновай службы (гэта ж прапісана ў Жыльёвым кодэксе).
У камэнтары да ўказу не ўдакладняецца, што будзе са страхавым стажам за службу ў войску да 1 студзеня 2020 году.
Акрамя таго, з 28 студзеня 2020 году набылі моц ініцыяваныя Мінабароны зьмены ў Працоўным кодэксе Беларусі. Згодна зь імі, за тымі, хто адслужыў, на працягу трох месяцаў пасьля службы захоўваецца працоўнае месца (або даецца раўнацэнная пасада) незалежна ад формы ўласнасьці наймальніка (раней гэта тычылася толькі дзяржаўных установаў).
Абяцалі больш
Пра тое, што службу ў войску хочуць уключыць у страхавы стаж і што пасьля службы хочуць даць бясплатныя падрыхтоўчыя курсы, Міністэрства абароны расказвала і раней. Але Мінабароны прапаноўвала і іншыя льготы за службу ў войску, якія ня згадваюцца ў камэнтары да ўказу.
Абяцалі таксама:
- перавагу пры залічэньні на бясплатную адукацыю ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спэцыяльнай адукацыі пры роўнай суме балаў для тых, хто адслужыў;
- залічэньне бяз конкурсу тых, хто служыў,
- на найбольш запатрабаваныя эканомікай спэыцыяльнасьці» пры наяўнасьці балаў па прадметах ўступных іспытаў, не ніжэйшых за 6 для ВНУ і не ніжэйшых за 4 для сярэдне-спэцыяльных устаноў;
- у ВНУ на спэцыяльнасьці, зьвязаныя з аховай здароўя — пры наяўнасьці сярэдняй спэцыяльнай мэдыцынскай адукацыі і балах па прадметах уступных іспытаў, не ніжэйшых за 6;
- зьніжкі на платнае навучаньне ў дзяржаўных установах пры атрыманьні ня меней за 6 балаў па ўсіх прадметах;
- «першачарговае» права на абслугоўваньне ў дзяржаўных установах аховы здароўя і зьніжку 25% на платныя паслугі клінік для тых , хто атрымаў траўмы ў час службы пры выкананьні службовых абавязкаў;
Лёс гэтых прапановаў невядомы. Міністар абароны казаў толькі, што гэткі «пакет матывацыйных захадаў» ухваліў (не падпісаў) Аляксандар Лукашэнка.
Акрамя таго, Мінабароны называла льготы, на якія ўжо могуць прэтэндаваць тыя, хто адслужыў:
- паступленьне па-за конкурсам у вайсковае ВНУ (а вайскоўцы роты ганаровай варты маюць права паступаць па-за конкурсам ва ўсе ВНУ),
- залічэньне пэрыяду вайсковай службы ў тэрмін абавязковай працы па разьмеркаваньні пасьля ВНУ (па жаданьні выпускніка),
- выплату матэрыяльнай дапамогі пры вяртаньні на старое месца працы пасьля службы,
- адтэрміноўку пагашэньня крэдыту на будаўніцтва жыльля на час службы,
- абавязковае дзяржаўнае страхаваньне на час праходжаньня службы,
- жонкам тых, хто служыць у войску, — права на працаўладкаваньне не пазьней чым праз два месяцы з дня звароту, а дзецям — на гарантаванае месца ў дзіцячым садку на працягу трох месяцаў з дня падачы заявы.
- магчымасьць паступіць на дзяржаўную службу і службу ў сілавых структурах.