Па словах кіраўніка вайскова-мэдыцынскага ўпраўленьня Мінабароны Дзьмітрыя Альховіка, перамены закрануць нязначную колькасьць беларусаў.
7 лютага на Нацыянальным прававым партале была апублікаваная пастанова Міністэрства абароны і Міністэрства аховы здароўя Беларусі за 3 студзеня 2020 году «Аб зацьвярджэньні Інструкцыі па вызначэньні патрабаваньняў да здароўя грамадзян, зьвязаных з вайсковым абавязкам». Новы дакумэнт адразу выклікаў абмеркаваньне ў сацыяльных сетках. Кіраўнік вайскова-мэдыцынскага ўпраўленьня Мінабароны Дзьмітры Альховік у размове са Свабодай пракамэнтаваў новаўвядзеньні.
«Нічога кардынальна новага перавыданьне гэтага дакумэнту ня ўносіць, — сказаў спэцыяліст Мінабароны. — Гэта перапрацоўка і перавыданьне ўжо існуючай сумеснай пастановы Мінабароны і Міністэрства аховы здароўя.
Прычыны наступныя. Першае — прывядзеньне дакумэнту ў адпаведнасьць з законам „Аб нарматыўна-прававых актах“. Другое — прывядзеньне яго ў адпаведнасьць патрабаваньням часу. Мэдыцынская навука не стаіць на месцы, яна рухаецца наперад. Гэта неаспрэчна. Таксама патрабаваньні, якія ёсьць у абноўленай інструкцыі, не нясуць за сабой кардынальных зьменаў. Яны ўдакладняюць падыходы да фармаваньня дыягназу, удакладняюць падыходы да асобных патрабаваньняў».
Сярод пераменаў, якія былі выкліканыя прагрэсам у мэдыцынскай сфэры, Дзьмітры Альховік назваў скарачэньне адтэрміновак для тых прызыўнікоў, хто меў апэрацыі лазэрнай карэкцыі зроку. Калі раней у войска ня бралі на працягу 6 месяцаў пасьля апэрацыі, то цяпер гэты тэрмін скарочаны да трох месяцаў. Па словах прадстаўніка Мінабароны, гэта зьвязана ў першую чаргу з удасканальваньнем мэдыцынскіх лазэраў і працэдур правядзеньня падобных апэрацый.
Абвяргаюць у Мінабароны і думку, што пасьля публікацыі абноўленай інструкцыі ў беларускае войска будуць браць літаральна ўсіх.
«У большай ступені абноўленая інструкцыя датычыць асобных вайсковых уліковых спэцыяльнасьцяў, — гаворыць Дзьмітры Альховік. — У цэлым вялікую масу прызыўнікоў перамены не закрануць. „Учора ўсе былі нягоднымі, а сёньня стануць годнымі“ — гэта ня так. Папярэдняй ацэнкі колькасьці прызыўнікоў, якіх могуць закрануць перамены, мы не праводзілі. Гэта будзе зроблена пасьля вясновага прызыву, калі дакумэнт пакажа сябе на практыцы. Але магу сказаць, што гэта ня будзе мець уплыў на значныя зьмены ў колькасьці прызыўнікоў».
Згодна з новым дакумэнтам, годнымі для службы ў войску становяцца некаторыя катэгорыі грамадзян, інфіцыяваных ВІЧ. Аднак гэта не датычыць службы ў мірны час. Як тлумачаць у Мінабароны, прызваць на службу ў беларускім войску ВІЧ-інфіцыяваных змогуць толькі ў выпадку вайны. Падобныя правілы дзейнічаюць у арміі Расеі.
«Падчас падрыхтоўкі гэтага дакумэнту мы прааналізавалі патрабаваньні да стану здароўя ва Ўзброеных сілах Расейскай Фэдэрацыі, — дадае Дзьмітры Альховік. — Патрабаваньні да стану здароўя работнікаў, якія займаюцца цяжкай фізычнай працай, і патрабаваньні да стану здароўя юнакоў, якія праходзяць набор у спартовыя школы. Давайце будзем шчырымі — гэта абсурдна, калі юнак годны займацца прафэсійным спортам, але ня годны для службы ў арміі. Гэтага ж быць ня можа? Ня можа. Калі малады чалавек прыдатны да заняткаў цяжкой фізычнай працай, у будаўніцтве, у прамысловасьці, але ня годны для службы ў войску, гэта не зусім нармальна. Такія моманты былі ўлічаныя».
Пазнаёміцца з абноўленай інструкцыяй можна тут.