20 лістапада Аляксандр Лукашэнка прысьвяціў свой працоўны дзень кадравым пытаньням. Ён выказаў незадаволеньне кіраўніку сваёй адміністрацыі Дзьмітрыю Крутому працай у гэтым кірунку. Маўляў дрэнная кадравая палітыка прыводзіць да таго, што няма стабільнасьці, даводзіцца «тасаваць гэтую калоду кожны год ці праз два-тры гады».
Што ж прапануе Лукашэнка, каб вырашыць гэтае пытаньне? Ягоная парада — гэта бюракратычная клясыка. Ён адзначыў «неабходнасьць узмацніць гэты кірунак» і стварыць «савет нейкі». Стандартны бюракратычны адказ на выклік: узмацніць, павысіць, пашырыць і паглыбіць. А яшчэ стварыць камісію ў праблемным пытаньні. Нічога новага ад кіраўніка, які 31 год знаходзіцца на адным месцы.
Праблема маленькіх «царкоў»
Падчас чарговых кадравых прызначэньняў Лукашэнка абазначыў важную, на яго погляд, праблему. Ён крытычна ацаніў паводзіны асобных кіраўнікоў вышэйшых навучальных установаў: «Некаторых панесла. Асабліва маладых рэктараў. Яны ўжо дастукаліся да антыдзяржаўнай палітыкі. Яны сталі „царкамі“ там, ва ўнівэрсытэце. Уратуй вас Гасподзь ад гэтага галавакружэньня ад посьпехаў».
Мясцовыя «царкі», адчуўшы асалоду ўсёабдымнай улады на сваёй тэрыторыі, праз пэўны час выходзяць з пад кантролю, у іх зьяўляюцца ўласныя інтарэсы, яны пачынаюць гуляць у свае гульні
Але гэтая праблема выцякае з лёгікі створанай у краіне сыстэмы кіраваньня. Жорсткая цэнтралізацыя, герархічная ўладная вэртыкаль, скіраваная зьверху ўніз, якая не прадугледжвае зваротнай сувязі і ніякага кантролю зьнізу, спараджае мясцовых кіраўнікоў з дыктатарскімі паўнамоцтвамі. То бок на ўсіх узроўнях кіраваньня рэй вядуць «маленькія лукашэнкі», якія імкнуцца дзейнічаць паводле прыкладу свайго правадыра. Яны капіююць стыль галоўнага ўладара. Чаго ж зьдзіўляцца, што там на месцах зьяўляюцца «царкі».
Аднак справа ў тым, што сыстэма з панаваньнем мясцовых аўтарытарных лідэраў ставіць пад пагрозу рэжым аднаасобнай улады Лукашэнкі. Гэтыя мясцовыя «царкі», адчуўшы асалоду ўсёабдымнай улады на сваёй тэрыторыі, праз пэўны час выходзяць з пад кантролю, у іх зьяўляюцца ўласныя інтарэсы, яны пачынаюць гуляць у свае гульні.
І каб трымаць сыстэму ў раўнавазе, патрэбен моцны кантроль за кожным кіраўніком. Таму неабходным элемэнтам створанага ў краіне палітычнага рэжыму зьяўляецца гіпэртрафаваная роля кантрольных органаў. Акрамя сілавых структур, Камітэту дзяржаўнага кантролю, у кожным ведамстве існуюць уласныя кантрольныя структуры. Лукашэнка ператварыў «кантралёраў» ў апірышча дзяржаўнага кіраваньня. Значэньне чыноўніка-кантралёра аказваецца часам важней за чыноўніка-мэнэджэра.
Праслухоўваньне высокіх чыноўнікаў
З рэплікаў Лукашэнкі падчас кадравых прызначэньняў вынікае, што адбываецца праслухоўваньне размоваў высокіх чыноўнікаў, на іх зьбіраюць кампрамат. Ён паведаміў, што бліжэйшым часам на месцы накіруюць «жахлівыя матэрыялы»: «Вы ўбачыце і размовы, і перамовы, і ўсё астатняе з мацюкамі-пераматамі, пʼянкамі… Каб яны не казалі, што я на іх дарма накатваю. Як адзін губэрнатар: „Бʼюць нас і бʼюць!“.
То бок, праслухоўваюць у тым ліку старшынь аблвыканкамаў. І Лукашэнка гэта не хавае, а адкрыта дэманструе. Такім чынам, сачэньне і кантроль у краіне адбываецца ня толькі за апазыцыянэрамі, але і за ўсімі чыноўнікамі. Гэта такі штрых да разуменьня палітычнай сыстэмы Беларусі, дзе ніхто не свабодны. Нагадаю, што ў савецкія часы за Мікітам Хрушчовым КДБ забаранялася сачыць за партыйнымі кіраўнікамі. Таму тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, ёсьць адкатам да сталінскіх часоў.
Падвойны кантроль
Яшчэ Лукашэнка згадаў, што падвойны кантроль за кіраўніком кожнай вобласьці ажыцьцяўляюць чыноўнікі, афіцыйна прызначаныя Лукашэнкам. Па-першае, гэта інстытут „упаўнаважаных прадстаўнікоў кіраўніка дзяржавы ў абласьцях і горадзе Менску“. Да прыкладу: упаўнаважанымі прадстаўнікамі Лукашэнкі ў Гомельскай вобласьці прызначаны кіраўнік спраў прэзыдэнта Юры Назараў і віцэ-прэм’ер Анатоль Сівак, у Віцебскай вобласьці — старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Сяргеенка.
Апошні выпадак асабліва цікавы, бо, паводле Канстытуцыі, сьпікер ніжняй палаты парлямэнта зьяўляецца кіраўніком незалежнай ад прэзыдэнта заканадаўчай галіны ўлады, і фармальна Лукашэнка ня мае права яго кудысьці прызначаць.
Але вернемся да пытаньня кантролю за „губэрнатарамі“. Акрамя згаданых вышэй упаўнаважаных, існуе яшчэ інстытут інспэктараў ці памочнікаў Лукашэнкі па абласьцях. Кіраўнік дзяржавы прызначае іх адмысловымі ўказамі.
Таму кожны крок абласных кіраўнікоў знаходзіцца пад падвойным кантролем. Сытуацыя настолькі заблытаная, што Лукашэнка нават занепакоіўся неабходнасьцю дакладнага разьмежаваньня сфэры адказнасьці і паўнамоцтваў кожнага з гэтых чыноўнікаў.
Замежныя візыты
Яшчэ адзін цікавы сюжэт, які тычыцца замежных камандзіровак чыноўнікаў. Лукашэнка запатрабаваў: „Я прэмʼеру ўжо даручыў, ураду — усім… І мяне гэта датычыцца. Паехаў (за мяжу. — РС.) — колькі прадаў трактароў, камбайнаў, сеялак, веялак, культыватараў, дыскатараў? Колькі ты прадаў? У адваротным выпадку чаго туды паехаў? Усіх датычыцца. І кіраўнікоў парлямэнта, і ўсіх вышэйшых службовых асоб“.
Такі ўтылітарны, прымітызаваны падыход да замежных камандзіровак, візытаў, замежнай палітыкі ўвогуле. Дзе яшчэ ў сьвеце кіраўнікі парлямэнта займаюцца продажам „сеялак, веялак“ падчас камандзіровак за мяжу?
Хоць Лукашэнка і сказаў, што „і мяне гэта датычыцца“, аднак калі б па такіх мерках ацэньвалі ягоныя замежныя візыты, то большасьць іх мусілі б прызнаць правальнымі. Бо рэдка калі пасьля ягоных замежных паездак назіраецца рост гандлю з краінамі наведваньня.
Форум