Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Былы муж казаў, што фэміністкі з „Радзіславы“ прымусілі мяне разьвесьціся»


Марына
Марына

Увосень 2018 году Свабода наведала прытулак «Радзіслава» для ахвяраў хатняга гвалту. Шэсьць жанчын на ўмовах ананімнасьці пагадзіліся расказаць свае гісторыі на відэакамэру пры выключаным сьвятле. Мы вырашылі даведацца, як зьмянілася іхнае жыцьцё за гэты год.

Паводле дадзеных МУС, у Беларусі за сем месяцаў 2019 году ад хатняга гвалту загінулі 55 чалавек, 4,5 тысячы хатніх скандалістаў былі прымусова адселеныя ад сям’і. У найбліжэйшай пэрспэктыве гаворкі пра падрыхтоўку законапраекту аб процідзеяньні хатняму гвалту не ідзе.

На сайце Свабоды вы можаце знайсьці гісторыі 44-гадовай Алы, 26-гадовай Натальлі і 24-гадовай Аліны, якія здолелі пайсьці ад гвалту і распачаць новае жыцьцё. У выпадку з Марынай сытуацыя за год не зьмяніліся — яна па-ранейшаму жыве з былым мужам і траімі дзецьмі ў адной кватэры і пакуль ня бачыць выйсьця з тупіковай сытуацыі.

Гісторыя чацьвёртая. Складаная

38-гадовая Марына ў дзяцінстве страціла слых у выніку хваробы. Гэта не перашкодзіла ёй стаць выдатніцай у школе, атрымаць вышэйшую адукацыю і працу ў Акадэміі навук. У жанчыны трое дзяцей — 13-гадовы сын і дочкі 8 і 12 гадоў. Марына зьвярнулася ў прытулак для ахвяраў хатняга гвалту «Радзіславу» па псыхалягічную і юрыдычную дапамогу, калі яна разводзілася з мужам, які прыніжаў яе, не дазваляў прымаць самастойных рашэньняў, мог ударыць. Мужа падтрымлівала маці жанчыны, якая лічыла, што дачцэ нельга разбураць сям'ю.

Марына па вуснах разумее, што гаворыць суразмоўца. Нягледзячы на добрую інтэграцыю, яна прызнаецца, што ў сьвеце глухіх ёй больш камфортна. Яе былы муж таксама дрэнна чуе. Ён ня мае вышэйшай адукацыі, працуе грузчыкам у гатэлі. Ён дагэтуль спрабуе кіраваць былой жонкай. Галоўная праблема для Марыны — адсутнасьць уласнага жытла і невысокі заробак.

«Магу купіць нешта сабе, не пытаючыся яго згоды»

Я не шкадую, што разьвялася. Цяпер я магу сама прымаць рашэньні, магу кудысьці пайсьці, не пытаючыся ў яго дазволу, магу купіць нешта сабе, не пытаючыся яго згоды, магу знаёміцца з новымі людзьмі і мне гэта цікава...

Мы разьвяліся ў ліпені 2018 году. Пасьля разводу я некалькі тыдняў адпачывала зь дзецьмі на лецішчы, потым са згоды дзяцей зьехала на шэсьць дзён пад Полацак, каб прыйсьці ў сябе ад стрэсу. Як высьветлілася, мая маці патэлефанавала ў службу сацыяльнай апекі і сказала, што я кінула дзяцей і зьехала. Яна спрабавала такім чынам аформіць апякунства на сябе. А былы муж пайшоў у школу дзяцей да дырэктара... Туды ж пайшла і маці скардзіцца сацыяльнаму пэдагогу, што дзецям дрэнна з бацькамі, асабліва з маці.

На што разьлічвала мая мама? Хацела, каб сацыяльны пэдагог націснуў на мяне, каб я спраўна або ідэальна выконвала матчыны абавязкі? Ці яна не разумела, што яе дачцэ цяжка і дрэнна, і яна яшчэ не зусім аднавілася пасьля разводу? Калі маці дзяцей дрэнна, ці будзе добра дзецям? Нават у самалётах ёсьць інструкцыя, што кіслародную маску апранае спачатку маці, потым дзеці.

Разыходжаньне з маці адбылася на ўсе 100%. Ёй я нічога больш не магу распавесьці, няма даверу. Сацыяльны пэдагог прапануе скласьці пагадненьне паміж мной і маёй маці, каб яна не крытыкавала мяне ў прысутнасьці дзяцей, каб пытаньні харчаваньня і здароўя дзяцей былі маёй адказнасьцю.

Мая мама часта кантактуе з маім былым мужам, радзей стала мяне наведваць, пры гэтым працягвае кантраляваць, што і як у дзяцей адбываецца. Я чую ўвесь час і папрокі і загады, што мне трэба рабіць.

«Я выклікаю міліцыю на былога мужа, калі ён становіцца агрэсіўным»

Зь верасьня па сакавік я часта і моцна хварэла. Мабыць, гэта была псыхасаматыка на фоне стрэсаў. Герпэс двойчы на месяц, тэмпэратура 37-38 пасьля сварак. У старэйшай дачкі з прычыны стрэсу пачалося моцнае абвастрэньне псарыязу. Была зусім зьнясіленая, ледзь прытомнасьць не губляла ў транспарце.

Мы жывем усе разам у трохпакаёвай кватэры. Пэрыядычна я працягваю выклікаць міліцыю на былога мужа, калі ён становіцца агрэсіўным. Калі выклікала першы раз, нас забралі ва ўчастак і я напісала заяву. Потым атрымала ліст, што размова з былым мужам праведзеная... На другі і трэці выклік усё было гэтак жа — забіралі ва ўчастак, пісала заяву, участковы размаўляў намі і ўсё. Былога мужа гэта задавальняла...

Калі я выклікала міліцыю чацьверты раз, яго затрымалі на двое сутак. Пасьля гэтага ён заціх... Пасьля арышту ўмяшаліся ягоныя сваякі, усё замялі. Прасілі мяне больш не выклікаць міліцыю, а калі будуць праблемы, тэлефанаваць ім. Цяпер я шкадую, што расказала і наогул зьвязалася зь імі.

«Самы лепшы варыянт — сысьці ад яго зь дзецьмі, ня жыць разам у яго кватэры»

З кастрычніка па люты мы з былым мужам хадзілі да школьнага сацыяльнага пэдагога. Яна як мэдыятар спрабавала скласьці пагадненьне паміж мной і бацькам маіх дзяцей аб выхаваньні дзяцей — хто што робіць. Гэта было вельмі складана, таму што былы муж увесь час вінаваціў мяне і патрабаваў тое, чаго ўжо нельга патрабаваць, паколькі я ўжо не зьяўляюся яго жонкай.

Сацыяльны пэдагог лічыць, што самы лепшы варыянт — сысьці ад яго зь дзецьмі, ня жыць разам у яго кватэры. 3-пакаёвая кватэра — гэта ягоная ўласнасьць, падораная бацькам. Ёсьць у нас аднапакаёвая кватэра, якую мы пабудавалі як шматдзетная сям’я, цяпер яна ва ўласнасьці былога мужа. Дзяліць яе ён не жадае. А ў мяне няма грошай, каб праз суд адсудзіць сваю долю.

Былы муж кажа, што калі я атрымліваю алімэнты, жыву ў ягонай кватэры і працую на палову стаўкі, то ўсе клопаты аб дзецях — на мне. Нават абвінавачваў, што алімэнты я марную на сябе. Хоць якія там грошы — на траіх каля 350 руб у месяц.

Пасьля таго як я хадзіла на інтэрвію ў «Радзіславу», былы муж пісаў дзяўчатам «Радзіславы» лісты з пагрозамі і папярэджаньнямі. Хадзіў да ўсіх маіх знаёмых і распавядаў пра мяне нядобрае (большую частку надуманае і перабольшанае). Празь яго я страціла сяброўку, якая да гэтага заўсёды падтрымлівала мяне. Яна бачыла толькі ідэальную вонкавую карцінку, і цяпер падтрымлівае былога мужа і асуджае мяне. Яна мне казала, каб я цярпела, што былы муж і мая мама ўсё робяць дзеля мяне і маіх дзяцей...

«Сказаў „Ты плюнула ў твар Госпаду“, калі я бровы пафарбавала»

Былы муж казаў усім, што фэміністкі з «Радзіславы» навучылі мяне ўсяму нядобраму, зьмянілі мяне, прымусілі разьвесьціся. Насамрэч у «Радзіславу» па дапамогу я зьвярнулася пасьля першага судовага паседжаньня па разводзе.

Ён злуецца, што я прымаю рашэньні самастойна, раблю нешта, не параіўшыся зь ім, называе мяне фэміністкай: «Цябе гэтаму навучылі ў «Радзіславе». Я адмаўляюся наогул мець зносіны зь ім апроч кароткіх размоваў наконт дзяцей.

Кажа: «Ты плюнула ў твар Госпаду». На маё пытаньне якім чынам, адказвае: «Ты зьмяняеш сваё аблічча, які стварыў Гасподзь». Я тады бровы пафарбавала.

Ён і мая маці лічаць, што я па-ранейшаму павінна быць увесь час побач з дзецьмі і пра сваё асабістае жыцьцё забыць. Мой расейскі сябар, зь якім я пачала сустракацца пасьля разводу, пры канцы верасьня пераехаў у Менск. Я дапамагала яму зьбіраць розныя даведкі, зрабіць прапіску, потым від на жыхарства, уладкаваць на працу. На працягу году я зразумела, што мяне нешта спыняе. Узьніклі сумненьні... Ня хочацца мяняць шыла на мыла, пераходзіць з адных хворых адносін у іншыя нездаровыя... І своечасова спынілася.

«Ці ёсьць шанец у разьведзенай глухой жанчыны з трыма дзецьмі шчасьліва выйсьці замуж?»

Марына
Марына

Раней было цікава праз сайты знаёмстваў даведацца, ці ёсьць шанец у разьведзенай глухой жанчыны з трыма дзецьмі шчасьліва выйсьці замуж? Шмат хто пісаў, што не. А вось жадаючых мець мяне ў ролі каханкі было шмат. Але гэта не для мяне.

Я працягваю шмат чытаць у інтэрнэце на тэму гвалту, трапіла ў групу падтрымкі, дзе дзяўчаты дзеляцца сваімі гісторыямі, раяць як выйсьці зь нездаровых адносінаў. Спрабую знайсьці іншую працу з лепшым заробкам, бо нам не хапае алімэнтаў і майго мізэрнага заробку. Нават калі працаваць на поўную стаўку, мой заробак будзе ня больш за 500 рублёў.

Вось так і жыву. Часта бывае сумна ад адчуваньня, як быццам, патрапіла ў лябірынт і не знаходжу выхаду. Я адна, практычна без падтрымкі. Бываюць рэдкія моманты, калі проста так міжвольна сьлёзы льюцца. Потым супакойваюся і жыву далей, стараюся ўсюды шукаць пазытыў.

Я стала сама мяняцца і зьмяняць сваё жыцьцё. Вельмі павольна, але я мяняюся, і мне становіцца ўсё лягчэй і лягчэй. Мне ўсё роўна, што кажуць пра мяне былы муж і маці, я раблю тое, што хачу і што лічу патрэбным без аглядкі на кагосьці, не баючыся чагосьці.

***

У кастрычніку 2018 году пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі МУС адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб процідзеяньні хатняму гвалту». Кіраўнік Беларусі заявіў, што гэта «дурасьць, узятая з Захаду», а таксама расказаў, што ад яго «часта атрымліваў» старэйшы сын Віктар.

Паводле дадзеных МУС, у Беларусі за сем месяцаў 2019 году ад хатняга гвалту загінулі 55 чалавек, 4,5 тысячы хатніх скандалістаў былі прымусова адселеныя ад сям’і. У бліжэйшай пэрспэктыве гаворкі пра падрыхтоўку законапраекту аб процідзеяньні хатняму гвалту не ідзе.

Грамадзкае абʼяднаньне «Радзіслава» было створанае ў 2002 годзе ў горадзе ў Менску жанчынамі, якія пацярпелі ад гвалту, для аказаньня дапамогі іншым жанчынам, якія патрапілі ў такую ж сытуацыю. Цяпер у ім 30 спальных месцаў. Жанчыны могуць жыць у прытулку ад 1 дня да 1 году. Ім бясплатна прадастаўляецца дапамога псыхолягаў, сацыяльных работнікаў, юрыстаў.

Кругласутачны тэлефон экстраннай дапамогі — 8029 610 83 55 email: kartanasiliya@gmail.coм

Як караюць за хатні гвалт у Беларусі?

У Беларусі няма мэханізму прадухіленьня хатняга гвалту, ёсьць толькі пакараньні за фактычна ўчынены гвалт. Канстытуцыя Беларусі гарантуе права на прыватнае жыцьцё, недатыкальнасьць, абарону гонару і годнасьці.

Паводле МУС, у 2019 годзе ад хатняга гвалту загінулі 55 чалавек і 4,5 тысячы хатніх скандалістаў сёлета прымусова адселеныя ад сям’і.

Пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі ў 2018 годзе, які расказаў, што сам біў свайго сына, Міністэрства ўнутраных спраў адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту».

У канцэпцыі таго законапраекту:

  • Даваліся азначэньні хатняга гвалту і крыўдзіцеля;
  • Уводзілася працэдура ацэнкі рызыкі — вызначэньня верагоднасьці паўторнага нанясеньня шкоды жыцьцю ці здароўю пацярпелага;
  • Прадугледжвалася ўжываньне так званага абарончага прадпісаньня, якое абмяжоўвае дзеяньні агрэсара на час ад 3 да 30 сутак.

Для ахвяраў хатняга гвалту дзейнічае «гарачая лінія» па нумары тэлефона 8 801 100-8-801.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG