Пракуратура Віцебску запатрабавала, каб сужэнцаў, чый 4-гадовы сын начаваў у падʼезьдзе ў чужым вазку, пазбавілі бацькоўскіх правоў. Хлопчыка і дзьвюх ягоных сясьцёр забралі зь сямʼі.
Такое рашэньне пракуратура прыняла па выніках праверкі пасьля зьбіцьця хлопчыка бацькам.
У жніўні жыхар Віцебску зьбіў жонку. Тая сышла з дому, пакінуўшы дзіця з бацькам. Мужчына піў далей, а пасьля зьбіў сына і выгнаў яго з кватэры. Як паведамлялі ў Сьледчым камітэце, у 2016 годзе дзіця забралі ад бацькоў, бо прызналі, што хлопчык знаходзіцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы. У 2017 годзе яго вярнулі ў сямʼю.
Як караюць за хатні гвалт у Беларусі?
У Беларусі няма мэханізму прадухіленьня хатняга гвалту, ёсьць толькі пакараньні за фактычна ўчынены гвалт. Канстытуцыя Беларусі гарантуе права на прыватнае жыцьцё, недатыкальнасьць, абарону гонару і годнасьці.
Паводле МУС, у 2019 годзе ад хатняга гвалту загінулі 55 чалавек і 4,5 тысячы хатніх скандалістаў сёлета прымусова адселеныя ад сям’і.
Пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі ў 2018 годзе, які расказаў, што сам біў свайго сына, Міністэрства ўнутраных спраў адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту».
У канцэпцыі таго законапраекту:
- Даваліся азначэньні хатняга гвалту і крыўдзіцеля;
- Уводзілася працэдура ацэнкі рызыкі — вызначэньня верагоднасьці паўторнага нанясеньня шкоды жыцьцю ці здароўю пацярпелага;
- Прадугледжвалася ўжываньне так званага абарончага прадпісаньня, якое абмяжоўвае дзеяньні агрэсара на час ад 3 да 30 сутак.
Для ахвяраў хатняга гвалту дзейнічае «гарачая лінія» па нумары тэлефона 8 801 100-8-801.
Абнаўляецца