25 лістапада — міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын. Гэты дзень быў заснаваны Генэральнай Асамблеяй ААН у 1999 годзе.
У прытулак для ахвяраў хатняга гвалту «Радзіслава» зьвяртаюцца жанчыны розных узростаў, веравызнаньняў, сацыяльных статусаў. Усіх іх аб’ядноўвае адна бяда — гвалт у сямʼі, ад якога няма паратунку дома. 58-гадовая Любоў (імя зьмененае на просьбу жанчыны) не адразу пагадзілася распавесьці сваю гісторыю. Больш за месяц яна хаваецца ў «Радзіславе» ад сына-наркамана. Любоў — інтэлігентная, дагледжаная жанчына, якая мае добрую працу. Яе калегі ніколі б і не падумалі, што жанчыне даводзіцца перажываць ва ўласным доме ўжо шмат гадоў.
«Сын мяне тэрарызуе, каб я давала грошы»
— Як вы трапілі ў «Радзіславу»?
— Дома ў мяне сын. Ён наркаман. Вярнуўся з турмы сем месяцаў таму. Апошні месяц зь ім было вельмі цяжка. Ня ведаю, на што ён падсеў — псыхатропныя ці яшчэ нешта, але гэта ня тыя наркотыкі, якія ён раней ужываў, бо паводзіны сталі зусім іншыя. Ён мяне тэрарызуе, каб я давала грошы. Кожны дзень патрабаваў грошы. Ён прыходзіць дадому, нешта робіць, а потым у яго «едзе дах». Ён закрывае дзьверы, забірае ў мяне тэлефоны, завешвае вокны, каб сьвятло не трапляла. Можа замкнуцца ў прыбіральні на цэлую ноч.
Я выходжу гуляць удзень, ён мне тэлефануе ўвесь час і пытаецца, ці знайшла я для яго грошы. Кажа: «Я пʼяны, дома ўсё разьбіў, паграміў». Я прыйшла, дзьверы закрытыя, зайсьці не магла. Пахадзіла, зноў дазванілася і сказала, каб дастаў ключ знутры. Зайшла дадому, хацела пераапрануцца. Ён у ніякім стане сядзеў, потым ускочыў і закрычаў: «Мне твае грошы ня трэба. Я зараз буду ўсіх забіваць». І пабег на кухню за нажамі. Я выскачыла, ён — за мной. Я ўцякала і выклікала міліцыю. Міліцыя адразу не магла прыехаць. Ён мне тэлефануе: «Ідзі дадому». Я сказала, што не пайду. Пастаяла, пабачыла, што ён выйшаў з кватэры, тады я зайшла. Тады міліцыя прыехала. Я напісала заяву. Сын сказаў, што гэтага мне не даруе.
Я запыталася ў міліцыянтаў: «Куды мне падзецца? Я яго баюся, у такім стане ён можа зрабіць усё, што заўгодна». Мне адзін міліцыянт сказаў: «А што вы ад нас хочаце? Нарадзілі, ваш крыж, нясіце». Мне казалі: «Мы не абавязаныя з вамі сядзець». А потым дзеўчына сьледчая дала паперку, на якой быў тэлефон крызіснага пакою. Я пазваніла туды, там сказалі, што месцаў няма, і далі тэлефон «Радзіславы»...
Сын раней сядзеў у турме. Не адзін раз. Ён ужываў наркотыкі, яму патрэбныя былі грошы. Ён іх браў..., самі здагадваецеся, чым займаўся. Я ня ведаю, што будзе далей. Ён мне тэлефануе, але я не бяру трубку. Уключаю тэлефон на рэжым палёту, а потым прыходзяць паведамленьні пра званкі з розных тэлефонаў. Больш мне ніхто ня можа званіць. Ён усё што заўгодна можа зрабіць. Яго трэба лячыць. А лячыцца ён не пагаджаецца. Я ня хворы, кажа. Яны ўсе ня хворыя, алькаголікі і наркаманы...
Па гэтаму артыкулу даюць штраф ці хімію да двух гадоў. Але гэта рэальна мала. Бацька яго такі ж, толькі алькаголік, лечыцца ў ЛТП.
«Я нікога не вінавачу, але дапамога мне ўсё роўна патрэбная»
— Вы ўсё жыцьцё гэта хаваеце?
— Так. А каму гаварыць? Міліцыя нічога ня робіць. Гэта нікога не хвалюе. У міліцыі кажуць, што пакуль нічога не здарыцца, мы нічога зрабіць ня можам. У мяне ёсьць яшчэ сын, але ў яго свая сямʼя, свае клопаты. Ён падтрымлівае мяне, але ў яго дзеці, жонка, свая сямʼя, ня хочацца абцяжарваць. Ён таксама перажывае за мяне. Камусьці сказаць, ніхто не зразумее.
У «Радзіславе» усе вельмі добрыя людзі. Тут дапамагаюць, пытаюцца, падтрымліваюць ва ўсім. Я — пэнсіянэрка, але працую. У мяне такая сытуацыя, што мне ніяк нельга на пэнсіі, не пражывеш на яе. Тысячы хваробаў, прыходзіцца і працаваць.
Наша міліцыя нас беражэ... Яны яшчэ і папракаюць мяне, хаця самі нічога ня робяць, каб дапамагчы. Калі чалавек пасядзеў і выйшаў, яго ўжо за чалавека ніхто ня лічыць. Калі чалавек аступіўся, яны так і кажуць, а каму ты патрэбны, ты — адкіды грамадзтва. Так яно і ёсьць.
Проста так ён гэта ня кіне. Яго трэба лячыць. Для лячэньня патрэбныя грошы і жаданьне. А ён ня хоча.
— Вы ўсё жыцьцё з гэтым болем пражылі. І на працу з усьмешкай выходзіце...
— Так. А што рабіць? Думаеце, камусьці патрэбныя чужыя сьлёзы. Ніхто не зразумее. Я сама сябе падтрымліваю, бо больш няма каму.
— Ці ведаеце пра лёс канцэпцыі законапраекту аб папярэджаньні хатняга гвалту?
— Чытала ў інтэрнэце. Не выносяць сьмецьце з хаты. Нібыта ў нас такой праблемы няма. Проста людзі пра гэта ў нас не гавораць. Я ня першы год жыву. Колькі ў нас алькаголікаў, наркаманаў. Нават у нас у раёне, жах. Калі ёсьць такая праблема, трэба, каб былі магчымасьці дапамагаць людзям, якія трапілі ў такія сытуацыі. Людзі з гэтай бядой жывуць усё жыцьцё і пакутуюць.
Сын не працуе, сядзяць на маёй шыі. Ці мне кватэрную плату трэба будзе цалкам плаціць за гэтага дармаеда, як яны прыдумалі. І штрафы яго я буду аплачваць. Ён жа ня будзе плаціць.
Я нікога не вінавачу, я вінавачу саму сябе. Але дапамога мне ўсё роўна патрэбная.
Псыхоляг: «Калі ты выклікаеш міліцыю на ўласнага сына, баліць сэрца»
Псыхоляг «Радзіславы» Вольга Казак працуе з жанчынай ужо другі месяц. Самае важнае, каб яна ўсьвядоміла, што гэта яе бяда, а не віна, кажа псыхоляг.
— Гэтая катэгорыя нашых кліентак — адна з самых цяжкіх. Калі жанчына пакутуе як маці ад уласных дзяцей, найчасьцей сыноў, ёй найбольш цяжка. Яна гэтак жа знаходзіцца ў сузалежных адносінах з мужам-алькаголікам. Але з мужам можна разьвесьціся. А калі агрэсарам становіцца ўласнае дзіця, сын, колькі б яму не было гадоў, жанчыны вельмі пакутуюць і абвінавачваюць сябе.
Тут мы гаворым нават не пра адказнасьць, мы хочам гэтую віну перавесьці ў шкадаваньне, але жанчыны ўсё роўна бяруць на сябе віну. Гэта таксычная віна. У гэтым сорамна прызнацца, таму гэта замоўчваецца. Калі бʼе муж ці партнэр, на яго прасьцей выклікаць міліцыю. А калі ты выклікаеш міліцыю на ўласнага сына, баліць сэрца. Любоў мае вельмі шмат псыхасаматычных хваробаў, яна мае групу інваліднасьці.
Жанчыны, якія знаходзяцца ў нас у шэлтары, якія церпяць у мужоў, праз некаторы час прыходзяць у сябе і пачынаюць дзейнічаць, афармляюць развод, абмен кватэры, разьяжджаюцца. З уласным сынам гэта зрабіць значна больш складана. І таму вельмі шмат болі яны адчуваюць. Яна казала, як многія кажуць: «Я гатовая памерці, толькі бы зь ім было ўсё добра. Я не баюся, што ён мяне забʼе, я баюся, што пасьля гэтага ён зноў трапіць у зьняволеньне». Калі яна ўсё ж выклікае міліцыю, то яе сэрца баліць, дзе ён знаходзіцца, што ён есьці.
Гэта таксама і сацыяльная праблема людзей, якія выйшлі зь месцаў пазбаўленьня волі. Ім цяжка ўладкавацца на працу. Ёсьць праблема беспрацоўя, іх бяруць на працу ў апошнюю чаргу. Таму яны ўстаць на такі шлях, крадуць паціху, каб неяк выжыць. Калі гэта залежныя людзі, ім трэба яшчэ і выпіць ці купіць наркотык.
Канечне, яна ніколі не расслабляецца. У яе заўсёды прыпаднятыя плечы. Яна ўвесь напагатове ў чаканьні дрэнных навінаў.
«Гэта твая бяда, але не твая віна»
— Якія шанцы ёй дапамагчы? Ці ёсьць выйсьце?
— Мы дапамагаем ёй вырашыць бягучую сытуацыю, справіцца з уласнымі эмоцыямі, дапамагаем так рэагаваць, каб не падаўляць сябе. Калі падаўляеш эмоцыі, то гэта наўпроставы шлях да псыхасаматыкі, асабліва ў людзей пасьля 40 гадоў. Наша задача — навучаць іх клапаціцца пра сябе, навучыць спаць, паставіць сябе на першае месца, а ня жыць па рэшткавым прынцыпе, як гэта заўсёды бывае ў сузалежных людзей, адстойваць свае ўласныя межы, умець гаварыць «не» не ціхім, няўпэўненым голасам, а гучна.
Сын вынес з дому ўсё, што ёсьць каштоўнага, і яна ўжо не баіцца, што ён туды ўвойдзе, таму што браць ужо няма чаго. Але ён ведае, калі ў яе заробак, калі ў яе пэнсія, і ў гэты дзень яна ідзе проста з дрыжачымі нагамі дадому. І шантажам, пагрозамі, застрашэньнем ён усё роўна нейкую частку з гэтай сумы выцягвае. У такія моманты ён сабой не валодае, таму вельмі важна, каб яна хаця б адсочвала гэтыя моманты і магла паклапаціцца пра сябе, сысьці, зьнікнуць.
Мы прагаворваем, як ёй сябе паводзіць, разглядаем розныя выбары ў сытуацыі, у якую яна трапляе. Спрабуем працаваць зь яе сузалежнасьцю — дэпрэсіяй, трывогай. Вучым расслабляцца, правільна дыхаць, затрымліваць дыханьне. Калі людзі ў страху, яны нямеюць, ня ўмеюць расслабіцца, ня ўмеюць дыхаць, заміраюць. Галоўнае — навучыць яе клапаціцца пра сябе.
— Як я зразумела, у яе атачэньні, на працы, ніхто ня ведае пра яе бяду.
— Як правіла, яны ўсё хаваюць. Нехта можа здагадвацца, але яна нікому пра гэта не гаворыць Гэта вельмі тыпова для дысфунцыянальных семʼяў, для сузалежных людзей. Чым менш людзей пра гэта ведае, тым ёй спакайней. Прыходзіцца дадаткова расходаваць энэргію на гэтае хаваньне.
Важная яшчэ праца з самаацэнкай, трэба пераканаць яе, што яна ні ў чым не вінаватая. Усе структуры, асабліва міліцыянты, абвінавачваюць яе, што яна вырасьціла такога сына, ім работу дала. Наша задача патлумачыць: «Сын дарослы, ён выбраў такі шлях, але ў яго быў іншы шлях. Ты вырасьціла старэйшага сына зусім іншым, паглядзі, які ён у цябе добры. Гэта не твая віна. Гэта твая бяда, але не твая віна».
***
Пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі МУС адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб процідзеяньні хатняму гвалту». Кіраўнік Беларусі заявіў, што гэта «дурасьць, узятая з Захаду», а там «мужык з мужыком жэніцца, дзяцей няма каму нараджаць». Ён таксама расказаў, што ад яго «часта атрымліваў» старэйшы сын Віктар — цяперашні ягоны памочнік па нацыянальнай бясьпецы.
Сёлета ў ліпені МУС апублікавала на сваім сайце канцэпцыю закону «Аб папярэджаньні гвалту ў сям’і». Новы закон плянавалі прыняць у 2019 годзе. Свае прапановы, якія былі ў канцэпцыі закону, МУС зьбіраецца прапрацоўваць у рамках карэктаваньня заканадаўчых актаў, якія ўжо дзейнічаюць.
Грамадзкае абʼяднаньне «Радзіслава» было створана ў 2002 годзе ў горадзе ў Менску жанчынамі, якія пацярпелі ад гвалту, для аказаньня дапамогі іншым жанчынам, якія патрапілі ў такую ж сытуацыю. Цяпер у ім 30 спальных месцаў. Жанчыны могуць жыць у прытулку ад 1 дня да 1 году. Ім бясплатна прадастаўляецца дапамога псыхолягаў, сацыяльных работнікаў, юрыстаў.