Відэа, на якім гомельская настаўніца пагражае ці то пабіць, ці то забіць хлопчыка партай, стала дужа папулярным, а інтэрнэт-баталіі на тэму «хто вінаваты» не сьціхаюць ужо некалькі дзён. Сярод абураных камэнтатарак і камэнтатараў прадказальна шмат тых, хто лічыць вінаватым ва ўсім самога хлопчыка: ён давёў, ён зьдзекаваўся, ён нявыхаваны хам, і ўвогуле дзеці цяпер невыносныя, вось пабылі б вы на яе месцы, вы б зразумелі.
Шмат, вядома ж, і тых, каго адназначна абурае такі гвалт у школе. Увогуле, розных рэакцый шмат, але мяне найбольш зацікавіла тое, як людзі зьдзіўляюцца, што іншыя пішуць «хлопчык сам вінаваты». Ніколі такога не было, і вось зноўку! Мяне безумоўна радуе, што чутно так шмат галасоў супраць гвалту. Але адкуль гэтае зьдзіўленьне?
Тут жа абсалютна клясычная сытуацыя: мацнейшы чалавек, які мае ўладу, злоўжывае ёй і чыніць гвалт, а навакольныя абураны, ім страшна, і яны шукаюць хоць нейкі спосаб запэўніць сябе, што зь імі такога дакладна ніколі ня здарыцца. А ў гэтым выпадку яны спрабуюць патлумачыць (перш за ўсё сабе), чаму іх дзеці нібыта ў поўнай бясьпецы.
Усе гэтыя «вось цяпер і дзеці пайшлі, каго хочаш давядуць!» і «што ж там за бацькі, што хлопец дазваляў сабе хаміць настаўніцы» маюць вельмі просты пераклад: «я выхоўваю сваё дзіця правільна, і гэта абароніць яго ад такіх жахаў».
Ідэя аб тым, што гвалт можна прадухіліць, калі не правакаваць крыўдзіцеляў — гэта такая вечная мантра, якая ідзе сьледам (амаль) за кожнай гісторыяй гвалту. Жонкі правакуюць мужоў, дзеці — бацькоў і ўвогуле ўсіх дарослых. Пабітыя справакавалі зьбіцьцё, згвалчаныя справакавалі гвалт, забітыя справакавалі ўласнае забойства. Такі падыход дапамагае верыць, што ў нас саміх усё будзе добра, бо мы ведаем, як трэба сябе правільна паводзіць, каб не правакаваць іншых. Мы будзем асьцярожнымі, з намі ня здарыцца нічога кепскага.
Толькі гэта ўсё самападман. Гвалт учыняюць заўжды проста таму, што могуць. Вось вы шмат гісторый ведаеце, каб тыя ж настаўніцы зрываліся на дырэктарках ці загадчыцах у РАНА? З тымі, хто мае больш улады, людзі звычайна ўмеюць трымаць сябе ў руках і не зрывацца. Іншая рэч — дзеці. Пэўныя наступствы, вядома ж, могуць быць і ад гвалту ў дачыненьні да дзіцяці, але гэта неабавязкова. І адбудзецца дакладна не адразу.
Можна доўга абмяркоўваць і спрачацца пра сучасныя мэтады выхаваньня, пра дзіцячую свабоду і пра навучаньне адказнасьці, але варта разумець, што да сытуацыі, калі настаўніца замахваецца на вучня партай, гэта ўсё ня будзе мець аніякага дачыненьня. Больш за тое, любое абмеркаваньне паводзінаў хлопчыка, якія нібыта маглі прывесьці да такой настаўніцкай агрэсіі, будуць клясычным перакідваньнем віны на ахвяру гвалту, а ня нейкай «спробай разабрацца, што там адбылося на самой справе і як гэта прадухіліць у будучым».
Праблема ня ў дзецях. Гэтая сытуацыя — маленькі каменьчык у вялікай сацыяльнай і дзяржаўнай сыстэме, у якой любы гвалт нібыта можна апраўдаць правакацыяй з боку ахвяры. Было б жаданьне. А яго, як бачна, хапае.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Што важна ведаць пра канфлікт вакол «настаўніцы з партай»
З чаго ўсё пачалося
Гомельскае выданьне «Сильные новости» апублікавала 13 верасьня відэа, зьнятае вучнямі мясцовай школы №15: настаўніца замахваецца партай на вучня і абражае яго. У прыватнасьці, настаўніца кажа: «Я ў турму пайду, а табе *** [гамон] будзе».
Настаўніца на відэа — Людміла Чацьвярткова. Яна працавала ў школе 35 гадоў і неўзабаве мела выйсьці на пэнсію. Звычайна яна выкладала ў 2 клясе, у 4 кляс у дзень інцыдэнту трапіла на замену. Сьцьвярджаецца, што яна пасьля здарэньня напісала тлумачальную і прызнавала свае дзеяньні няправільнымі.
Настаўніцу спачатку звольнілі
Вечарам 13 верасьня ў школе прайшоў бацькоўскі сход, на якім былі намесьнік старшыні гарвыканкаму Віталь Атаманчук, начальнік упраўленьня адукацыі Сяргей Парошын і іншыя чыноўнікі.
На сходзе Парошын патлумачыў бацькам сытуацыю, папрасіў прабачэньня і абвясьціў, што настаўніца звольненая.
Як адрэагавалі бацькі
Бацька 9-гадовага школьніка, на якога кідалася з партай настаўніца, казаў, што абураны рэакцыяй дарослых, якія вінавацяць яго сына ў інцыдэнце. Ён падкрэсьліў, што ягоны сын ня ставіў настаўніцы падножку: гэта вэрсія карыстальнікаў інтэрнэту.
Адзін з бацькоў вучняў школы №15 расказваў, што Чацьвярткова нібыта парвала вуха ягонаму сыну, калі той вучыўся ў першым клясе, і што рэгулярна прыніжала дзяцей і чыніла гвалт адносна іх.
19 верасьня каля 30 бацькоў выйшлі на стыхійны сход да школы, але на перамовах з чыноўнікамі не дамагліся аднаўленьня яе на працы. Бацькі вырашылі зьбіраць подпісы пад пэтыцыяй за вяртаньне дырэктаркі.
Лукашэнка загадаў вярнуць настаўніцу
18 верасьня стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка даручыў аднавіць на працы настаўніцу Чацьвярткову і звольніць дырэктарку школы. Міністра адукацыі Ігара Карпенку папярэдзілі аб няпоўнай службовай адпаведнасьці, «строга папярэдзілі» прэм’ер-міністра, кіраўніцу Адміністрацыі прэзыдэнта і віцэ-прэм’ера, адказнага за адукацыю.
19 верасьня Лукашэнка публічна выказаўся ў падтрымку настаўніцы: маўляў, на яе месцы «галаву б адкруціў шчанюку». Таксама ён заявіў, што са зьдзекаў з настаўнікаў пачынаюцца трагедыі, як у Стоўпцах. Чыноўнікаў ён раскрытыкаваў за тое, што яны «абсікаліся, што іх, бачыце, у сацыяльных сетках разьмясьцілі».
Міліцыя распачала праверку
У сувязі з інцыдэнтам міліцыянты распачалі праверку ў межах адміністрацыйнага заканадаўства, апытвалі ўсіх удзельнікаў канфлікту, у тым ліку сьведак-дзяцей пры ўдзеле бацькоў, а таксама хлопца, на якога настаўніца замахвалася партай, і ягонага бацьку.