Савецкая ўлада масава пераймяноўвала старажытныя гарады й мястэчкі Беларусі, назвы якіх здаваліся ёй «немілагучнымі» і палітычна сумнеўнымі. Але выкарыстоўваць тапанімію як складнік гібрыднай вайны пачалі яшчэ ў Расейскай імпэрыі — пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага 1863–64 году.
Свабода сабрала зьвесткі пра шэраг гарадоў, арыгінальныя найменьні якіх былі зьмененыя пад вонкавым уплывам.
Гродна — сучасная афіцыйная назва
Горадня — старадаўняя і прынятая з часоў «Нашай Нівы» і дакумэнтаў БНР назва
Адзін з найстарэйшых гарадоў Беларусі, у Іпацеўскім летапісе згадваецца пад 1127 годам. У 1376-м далучаны да ўладаньняў князя Вітаўта, з 1569-га ў складзе Рэчы Паспалітай, стаў рэзыдэнцыяй манархаў Рэчы Паспалітай.
У старабеларускіх тэкстах яго назва пішацца як Городьнь, Городенъ, Городно, Городня і інш., пасьлядоўна ў поўнагалоснай форме. Паходзіць ад таго ж кораня, што і «горад, гарадзіць». Нашым спалучэньням ола, ора адпавядаюць польскія ło, ro: колас – kłos, варона – wrona. Так і форма Grodno – спольшчанае імя, якое мэханічна перапісалі расейскія ўлады.
Але дзе ставіць націск у старабеларускіх назвах?
Націск і аканьне тады не пазначалі. Горадня, Гародня, Гарадня?
Назву Горадня (Гараднічанка) — гэта меншая рака, на якой стаіць горад — падае Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі. Гісторык мовы Аркадзь Жураўскі знайшоў у тэкстах XVI стагодзьдзя напісаньне горедньскый, «што выразна ўказвае на націск на першым складзе». Хоць з польскай мовы форма Гродна пранікла ў народна-дыялектную мову яшчэ ў XIX стагодзьдзі, але беларускія мовазнаўцы зафіксавалі ў дыялектах формы Горадна ці Горадня: Генадзь Цыхун у Горадзеншчыне, а Фёдар Клімчук на поўначы Берасьцейскай вобласьці. Параўн. таксама імя вёскі Горадзень (Пухавіцкі р-н).
А Горадна ці Горадня? Беларускія айконімы часта маюць аналягічныя варыянты: Ельня / Ельна (Шчучынскі р-н), Пагародна / Пагародня (Вярэнаўскі р-н), Калоднае / Калодняе (Столінскі раён), а таксама вядомыя з гісторыі парныя формы Вільня і Вільна, Коўна і Коўня. То і форма на -ня — Горадня — зусім натуральная.
Форму «Гародня» ў актыўны ўжытак увёў Уладзімер Караткевіч сваім раманам «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», што выйшаў па-беларуску ў 1972 годзе. Але пісьменьнік або не зарыентаваўся ў сярэднявечных напісаньнях бяз націску, або сьвядома ўжыў фантазійную назву — падобна як у творы «Чорны замак Альшанскі».
Для айцоў БНР не было сумневу, як называць адзін з найбольшых беларускіх гарадоў:
«Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічэбную перавагу беларускі народ, а ласьне: Магілеўшчыну, беларускія часьці Меншчыны, Гродзеншчыны (з Горадняй, Беластокам і інш.), Віленшчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны…».
Таксама ў найбольш аўтарытэтным слоўніку дарусыфікацыйнае пары — Некрашэвіча і Байкова (Менск, 1928) — націск на першым складзе: Горадня ці Горадзен, прыметнік — без варыянтаў: Горадзенскі.
І, урэшце, не пакідае сумневу ў месцы націску тапоніма найбольш аўтарытэтны ў міжваеннай дарэпрэсіўнай Беларусі географ Аркадзь Смоліч:
«На высокім правым беразе Нёмна, пры ўтоку р. Гараднічанкі разьлёгся паміж лясістых глыбокіх яроў стары Горадзен, альбо, як яго часьцей называюць, Горадня (...) астравок старое эўрапейскае цывілізацыі сярод бесканечных наднёманскіх пушчаў».
У нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь», зацьверджаным Дзяржаўным камітэтам па маёмасьці і ўзгодненым з Тапанімічнай камісіяй пры Савеце Міністраў Беларусі, форма Горадня фіксуецца як варыянтная. Г. зн. пры жаданьні мясцовых жыхароў і ўладаў яна можа быць прызнаная нарматыўнаю.
Як пераймяноўвалі беларускія гарады
Поруч з імёнамі беларускіх гарадоў, мястэчак і вёсак, якія прымусам замяніла савецкая ўлада, вось ужо пару соцень гадоў існуюць і “тапонімы з памылкамі”.
Перайменавалі старажытныя гарады й мястэчкі, назвы якіх былі «немілагучныя» або палітычна сумнеўныя для зрусыфікаванага бальшавіцкага вуха. Койданава (Койданаў) зрабілі Дзяржынскам, Рудобелку — Акцябарскім, Дрысу — Верхнядзьвінскам, Ігумен — Чэрвенем, Кабыльнік — Нараччу, Качэрычы — Кіраўскам, Прапойск — Слаўгарадам, Шацілавічы — Сьветлагорскам.
Вёсак такіх значна больш. Агулам блізу 450 беларускіх паселішчаў пацярпелі ад радыкальнай рэвізіі аўтэнтычных тапонімаў.
Раней, у пару Расейскай імпэрыі, назвы не мянялі радыкальна, а «карэктавалі» адпаведна моўным густам новых гаспадароў.
Спачатку наагул не зважалі на мясцовыя тапанімічныя традыцыі.
«Калі Беларусь апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, ні дакумэнталісты, ні гісторыкі, ні картографы таксама не парупіліся пра дакладнасьць перадачы беларускіх айконімаў на расейскую мову, — пісала выбітная беларуская тапанімістка Валянціна Лемцюгова. — Яны запазычвалі ўжо гатовыя польскія формы і запісвалі іх кірыліцкай графікай. У выніку шэраг беларускіх айконімаў увайшоў у гісторыю ў чужамоўнай ці скажонай форме, зь неўласьцівымі для іх гукавымі, граматычнымі і словаўтваральнымі рысамі“.
Але пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага ўлады Расейскай імпэрыі пачалі выкарыстоўваць тапанімію як складнік гібрыднай вайны — дзеля зьмены ідэнтычнасьці жыхароў заваяваных земляў. У 1866 годзе яны ўзяліся мяняць назвы вуліц беларускіх гарадоў ды склалі сьпіс паселішчаў, назвы якіх «подверглись извращению во время польского господства в здешнем крае» і якім неабходна было надаць «местные русские названия». Толькі ў Горадзенскай губэрні такіх паселішчаў было 558, сьведчыць гісторык Іна Соркіна. За часамі СССР практыку працягнулі.
Пэўныя спрадвечныя назвы былі змадыфікаваныя адміністрацыйным чынам, іншыя — стыхійна, але ўсе такія зьмены аддалялі аблічча беларускіх тапонімаў ад першаўзору. Свабода сабрала зьвесткі пра купу гарадоў, арыгінальныя найменьні якіх пад вонкавым уплывам памянялі выгляд.