Навошта Трампу Лукашэнка?
— Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп днямі прызначыў спэцыяльным прадстаўніком у Беларусі Джона Коўла, які ўжо некалькі разоў бываў у Беларусі, размаўляў з Лукашэнкам. З пачатку года ўлады Беларусі вызвалілі некалькі дзясяткаў палітвязьняў. ЗША істотна зьмякчылі санкцыі адносна «Белавія». Навошта гэта Трампу? Яго так хвалюе лёс беларускіх палітвязьняў?
— Тут трэба адказаць проста і цынічна. Я ня думаю, што Трампа іх лёс наогул хвалюе. Але ён, па-першае, гуляе паводле агульных правілаў. Ён ведае, што такія рэчы добра ўспрымаюцца. А па-другое, яму патрэбнае, як і ў іншых справах, уражаньне посьпеху. Гэтак жа, як ён кажа пра тое, што спыніў сем, восем ці дзевяць войнаў, гэтак жа ён будзе казаць, што дамогся істотнага паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека, у дадзеным выпадку, у Беларусі.
Выбар прадстаўніка таксама дастаткова тыповы для Трампа. Коўл — ягоны былы асабісты адвакат, адзін са шматлікіх. Гэта значыць фігура, аналягічная Ўіткафу, якая мае асабісты доступ да Трампа. І, натуральна, гэта адкрывае каналы вельмі асабістых адносінаў паміж Трампам і Лукашэнкам.
Адносна таго, навошта яму гэта патрэбна. Ёсьць, відаць, тры прычыны. Першая — гэта адкрыцьцё дадатковага каналу сувязі з Расеяй. І, відаць, Трамп, насуперак, пазыцыі Зяленскага, ды і многіх эўрапейцаў, усё ж такі лічыць, што кантакты з Крамлём празь Менск будуць значна больш эфэктыўныя, чым праз многія іншыя каналы. Другая прычына — мы ўжо цяпер бачым зусім выразную лінію Белага дому на стварэньне канкурэнцыі з Расеяй у яе былой зоне кантролю. Мы бачылі сустрэчу Трампа зь лідэрамі краін Цэнтральнай Азіі, і яна падавалася з дастатковай помпай.
Мы бачым удзел Трампа ў працэсе ўрэгуляваньня канфлікту паміж Армэніяй і Азэрбайджанам і яго інтэнсіўныя кантакты менавіта з Азэрбайджанам у апошні час. І вось зараз Беларусь. Трамп узмацняе прысутнасьць ЗША ва ўсіх краінах рэгіёна.
Ёсьць і трэцяя, збольшага асабістая, прычына кантактаў зь Беларусьсю — стаўленьне Трампа да Эўропы. Як мы памятаем, у лютым, у самым пачатку прэзыдэнцтва Трампа, віцэ-прэзыдэнт Дж. Д. Вэнс у Мюнхэне, праз 17 гадоў пасьля знакамітага выступу там Пуціна, зьвярнуўся да эўрапейцаў. І сказаў, што яны, уласна кажучы, не зьяўляюцца ідэалягічнымі саюзьнікамі ЗША, а хутчэй — ідэалягічнымі апанэнтамі. І тыя ідэі, якія вы прасоўваеце, яны нам чужыя, і мы з імі змагаемся, сказаў тады Вэнс. Гэты выступ выклікаў шок.
І вось зараз Трамп наладжвае сяброўскія адносіны з Лукашэнкам, які з гледзішча эўрапейцаў ёсьць апошнім дыктатарам у Эўропе, калі выключыць Расею. Трамп дастаткова ясна кажа эўрапейцам, што яму імпануюць жорсткія лідэры, якія могуць даць вынік. Гэта плявок у бок эўрапейцаў, асабліва ў бок Усходняй Эўропы і краін Балтыі, якія ўспрымаюць гэтыя кантакты з прыкметным раздражненьнем і напругай.
Трамп тут працягвае сваю лінію сыходу з Эўропы ў вайсковым сэнсе — на скарачэньне абавязацельстваў перад у першую чаргу Ўсходняй Эўропай, на зьняцьце гарантый. Гэта вядзе ў канчатковым выніку да эрозіі абавязацельстваў ЗША адносна пятага пункту статуту NATO.
На чыім баку Вашынгтон у канфлікце Вільні і Менску?
—Вось якраз наконт краін Балтыі. Цяпер паміж Менскам і Вільняй востры канфлікт. Літва абвінаваціла Беларусь у прылётах паветраных балёнаў з цыгарэтнай кантрабандай. Вільня лічыць, што гэта інсьпіравана беларускімі ўладамі. Літоўцы закрылі памежныя пераходы на мяжы. Лукашэнка затрымаў літоўскія фуры. Якая пазыцыя ЗША у гэтым канфлікце?
— Тое, што робіць Трамп у адносінах да Лукашэнкі, супярэчыць інтарэсам і Літвы, і іншых краін NATO. Трамп дасылае сыгнал, што яго мэты і яго інтарэсы не заўсёды супадаюць з інтарэсамі краін Эўропы. Ён ідзе на паляпшэньне адносін, хаця Эўропе хацелася б жорсткіх прынцыповых крокаў з боку ЗША.
Я ўпэўнены, што і Трамп, і Лукашэнка будуць весьці пазыцыйную гульню. Лукашэнка — майстра такіх сытуацый, калі напачатку ствараецца напружанасьць, а потым канфлікт вырашаецца, што павінна весьці да паляпшэньня адносін. Хутчэй за ўсё, будзе знойдзена нейкае рашэньне. Пра што з помпай абвесьціць Трамп, які заявіць, што дзякуючы яму ўдалося вырашыць чарговы канфлікт.
Але рабіць ён гэта будзе не дзеля Літвы, а дзеля, з аднаго боку, дэманстрацыі свайго ўплыву, а з другога боку, для таго, каб яшчэ больш палепшыць адносіны з Лукашэнкам. І зноў жа — гэта не зьяўляецца самамэтай, а частка пазыцыйнай гульні супраць Пуціна. І гэтая частка намаганьняў Трампа ў стварэньні новага канала сувязі ў адносінах да Ўкраіны. І гэта чарговы намёк эўрапейцам, што для таго, каб атрымліваць прыхільнасьць амэрыканскай адміністрацыі, ім трэба гуляць паводле правілаў Трампа.
Чаму Лукашэнка для Трампа «глыбокапаважаны прэзыдэнт Беларусі»?
— Трамп у сваіх пастах у сацсетках двойчы назваў Лукашэнку «высокапаважаным прэзыдэнтам Беларусі». Ён і праўда яго паважае? Нашто ён гэта робіць?
— Я не магу сказаць, ці паважае Трамп Лукашэнку, але тое, што Трамп больш камфортна сябе адчувае з такімі лідэрамі, як Лукашэнка — несумненна. У яго крайняе раздражненьне выклікаюць многія заходнеэўрапейскія лідэры. І ў сэнсе стылю, і ў сэнсе здольнасьці даводзіць свае рашэньні да практычнага выкананьня. Ён вельмі скептычна настроены ў адносінах да многіх эўрапейскіх дэмакратычных лідэраў і сыстэмаў. І яму лягчэй мець справу з такімі людзьмі, як Лукашэнка, Пуцін, Эрдаган, Нетан’ягу.
— Лукашэнка заявіў, што амэрыканцы патрабавалі, каб ён папрасіў прабачэньня ў Літвы за паветраныя шары. Па словах Лукашэнкі, ён іх паслаў матам. Пасьля гэтага ЗША яшчэ больш аслабілі санкцыі супраць «Белавія». Чаму?
— Ну, па-першае, Лукашэнка шмат пра што аб’яўляе — і праверыць мы гэтага ня можам. Але што вельмі характэрна для Трампа — ён паважае сілу і рашучасьць. На мінулым тыдні мы бачылі вельмі цікавы візыт Орбана ў Белы дом. Па-першае, падкрэсьленая ветлівасьць з боку Трампа. Па-другое, Орбан атрымаў большую частку таго, пра што ён прасіў. Было прадэманстравана, што калі партнэр вызнае падобную ідэалёгію, то ён атрымае шмат пернікаў. Калі партнэр не пагаджаецца, у яго будуць сурʼёзныя праблемы.
Як далёка адпусьціць Расея Беларусь?
— Калі я правільна вас зразумеў, то адна з мэт Трампа — вырваць Беларусь з арбіты Расеі. Або прынамсі крыху аддаліць ад Расеі. А ці можа гэта атрымацца ў прынцыпе? Беларусь вельмі залежыць ад Расеі. Расея за гэта шмат плаціць — таннай нафтай, крэдытамі, доступам да свайго рынку і гэтак далей. Злучаныя Штаты гатовы плаціць столькі ж ці больш?
— Я ня думаю, што Трамп, у адрозьненьне, дарэчы, ад сваіх папярэднікаў, разьлічвае вывесьці Беларусь з расейскай арбіты. Яму дастаткова таго, што Лукашэнка будзе неяк манэўраваць, нешта даваць, ствараць нейкія плятформы, карысныя для амэрыканцаў. Трамп — жорсткі рэаліст. Гэта значыць, ня толькі тое, што ён ацэньвае палітыку, палітычныя рашэньні з гледзішча сілавых катэгорый, не ідэалягічных, але ён таксама рэаліст і ў тым пляне, што ён ведае і межы свайго ўплыву.
Ён кажа, што вайна ва Ўкраіне ніколі б не пачалася, калі б ён заставаўся прэзыдэнтам. Ён мае на ўвазе, што нават ня стаў бы спрабаваць выводзіць Украіну з расейскай арбіты, лічачы, што пры такой амэрыканскай палітыцы Пуцін рана ці позна ўжыў бы сілу. Я думаю, што для Трампа гэтыя дзеяньні Пуціна былі абсалютна разумныя.
І сапраўды, гэтак жа ён і ня стаў і ня стане спрабаваць вывесьці Беларусь з расейскай арбіты, лічачы, што расейскія ваенныя дзеяньні былі б у такой сытуацыі непазьбежныя. І гэта зноў вяртае нас да вашага папярэдняга пытаньня. Трампу лягчэй мець справу з такімі лідэрамі, як Лукашэнка і Пуцін. У яго і сыстэма каштоўнасьцяў, і апэрацыйныя коды вельмі падобныя, таму ён разумее іх рацыю. Натуральна, эўрапейцам, ды і амэрыканскім лібэральным палітыкам вельмі цяжка прыняць і зразумець гэты мэнталітэт Трампа.
У іх сыстэме паняцьцяў ён зусім не адпавядае таму, якім мусіць быць дэмакратычны лідэр.
— Па вашых словах, мэта Трампа — павялічыць ступень самастойнасьці, аўтаномнасьці Лукашэнкі. Але справа ў тым, што для Расеі Беларусь мае важнае сакральнае значэньне. Вядомая формула аб «трыадзіным народзе», якую Пуцін неаднаразова паўтараў. Калі Трамп будзе ствараць сытуацыю, пры якой Лукашэнка стане больш самастойным ад Расеі, ці не ўспрыме Крэмль нават гэта як здраду, як уцёкі? Трамп гэта можа быць і не будзе мець на ўвазе. А Расея — будзе.
— Ці можа такое быць? Можа. Але ёсьць і іншыя фактары, якія супрацьдзейнічаюць гэтым расейскім асьцярогам. Па-першае, фактар канала сувязі з Вашынгтонам наконт вайны ва Ўкраіне, што важна і для Пуціна.
І ёсьць таксама пытаньне балянсаваньня Расеі ў адносінах з Эўропай і ў прыватнасьці з Усходняй Эўропай. Усталяваньне больш шчыльных кантактаў паміж ЗША і Беларусьсю — непрыемны сюрпрыз для краін Балтыі, для Польшчы, ну і для іншых краін Эўропы.
Пуцін гэта таксама будзе ўлічваць. У кантактах Менску з Вашынгтонам для Пуціна ёсьць адна непрыемная навіна і дзьве адносна прыемныя для яго. Зрэшты, нават гэта не гарантуе цалкам таго, што Расея прыме такія заляцаньні паміж Лукашэнкам і Трампам, але ўсё ж павялічвае імавернасьць больш добразычлівай рэакцыі з боку Крамля.
Форум