Савецкая ўлада масава пераймяноўвала старажытныя гарады й мястэчкі Беларусі, назвы якіх здаваліся ёй «немілагучнымі» і палітычна сумнеўнымі. Але выкарыстоўваць тапанімію як складнік гібрыднай вайны пачалі яшчэ ў Расейскай імпэрыі — пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага 1863–64 гадоў. Свабода сабрала зьвесткі пра шэраг гарадоў, арыгінальныя найменьні якіх зьмяніліся пад вонкавым уплывам.
Мінск
Афіцыйная назва — Мінск
Беларуская народная назва, прынятая ў БНР, у Заходняй Беларусі, у БССР (да 1939 году) — Менск
Першая згадка пра Менск была ў «Аповесьці мінулых часоў» у кантэксьце бітвы на Нямізе 1067 году. Да часоў ВКЛ быў цэнтрам удзельнага княства, у 1499-м атрымаў Магдэбурскае права. Пад уладай Расейскай імпэрыі стаў цэнтрам губэрні. Быў абвешчаны сталіцаю БНР у 1918 годзе, а ў 1919-м — сталіцаю Савецкай Беларусі.
Дасьледнікі народнай культуры XIX стагодзьдзя ясна засьведчылі, што старабеларуская форма Менск зьбераглася і ў народзе. Этнограф Павал Шпілеўскі дае рыфмаваную прыказку:
«Не пайду я да Менска ад шляху Віленска; а пайду па шляху Віленскім, спаткаюся зь Менескам».
Тут пра легендарнага волата Мянеска. Аляксандар Ельскі ў аўтарытэтным шматтомным «Słowniku geograficznym...» піша пра назву гораду: «У народнай гаворцы — Менск» (гэта 1885 год). У дзяржаўных дакумэнтах Беларускае Народнае Рэспублікі таксама Менск.
Адкуль Менск? Ад так званай народнай этымалёгіі — маўляў, Менск ад «мяняць» — сур’ёзная навука даўно адмовілася. Назва ўтвораная, як і мноства іншых беларускіх тапонімаў, асабліва з суфіксам -ск- ці -цк-, ад імя воднага аб’екту. За дзясятак кілямэтраў ад Менскай кальцавой, дзе Музэй народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцы, сапраўды ёсьць рачулка Менка. Археоляг Эдуард Загарульскі мяркуе, што левы рукаў Нямігі, што агінаў Менскае Замчышча з поўначы, мог таксама звацца Менка: у гэтым раёне быў тапонім Верхмень. А адкуль назва Менка?
Вакол Менску пануюць балцкія гідронімы. Сьвіслач мае балцкі корань «сьветлая», Лоша — прыток Случы — ад кроплі ці ад рыбы стронгі, Нарач — ад кораню naras «багнíстая мясьціна», Птыч (так кажуць у народзе) — сапраўды птушыная, але балцкай першаснай формы. А прыток Птычы Нямегля, як і Няміга, як і недалёкі Нёман, ад кораня *nemu- ‘гай, лясок на балацявіне’.
Бачым у Літве рэкі Menkas, Menkupė, возера Menkutis. А слова menkas азначае ‘невялікі, слабы, неглыбокі’.
Афіцыйна горад заставаўся Менскам да 29 ліпеня 1939 году. Замена назвы на Мінск адбылася падчас кампаніі моўнай русыфікацыі і тэрору супраць нацыянальнай інтэлігенцыі. Ніякіх мовазнаўчых ці гістарычных аргумэнтаў пастанова Вярхоўнага Савету ня ўтрымлівала. Гэта было вяртаньне да расейскае назвы, якую ў сваю чаргу расейская імпэрская адміністрацыя пасьля анэксіі Беларусі ўзяла з польскае мовы (параўн. Mińsk Mazowiecki паміж Берасьцем і Варшаваю).
У 1991 годзе Менскі гарадзкі савет накіраваў у Вярхоўны Савет просьбу вярнуць гораду яго гістарычнае беларускае імя Менск. Тады не хапіла 31 голасу для станоўчага рашэньня.
У нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь», зацьверджаным Дзяржаўным камітэтам па маёмасьці і ўзгодненым з Тапанімічнай камісіяй пры Савеце Міністраў Беларусі, форма Менск фіксуецца як варыянтная. Гэта значыць пры жаданьні мясцовых жыхароў і ўладаў яна можа быць прызнаная нарматыўнаю.
Як пераймяноўвалі беларускія гарады
Поруч з імёнамі беларускіх гарадоў, мястэчак і вёсак, якія прымусам замяніла савецкая ўлада, вось ужо пару соцень гадоў існуюць і «тапонімы з памылкамі».
Перайменавалі старажытныя гарады й мястэчкі, назвы якіх былі «немілагучныя» або палітычна сумнеўныя для зрусыфікаванага бальшавіцкага вуха.
• Койданава (Койданаў) зрабілі Дзяржынскам,
• Рудобелку — Акцябарскім,
• Дрысу — Верхнядзьвінскам,
• Ігумен — Чэрвенем,
• Кабыльнік — Нараччу,
• Качэрычы — Кіраўскам,
• Прапойск — Слаўгарадам,
• Шацілавічы — Сьветлагорскам.
Вёсак такіх значна больш. Агулам блізу 450 беларускіх паселішчаў пацярпелі ад радыкальнай рэвізіі аўтэнтычных тапонімаў.
Раней, у пару Расейскай імпэрыі, назвы не мянялі радыкальна, а «карэктавалі» адпаведна моўным густам новых гаспадароў.
Спачатку наагул не зважалі на мясцовыя тапанімічныя традыцыі.
«Калі Беларусь апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, ні дакумэнталісты, ні гісторыкі, ні картографы таксама не парупіліся пра дакладнасьць перадачы беларускіх айконімаў на расейскую мову, — пісала выбітная беларуская тапанімістка Валянціна Лемцюгова. — Яны запазычвалі ўжо гатовыя польскія формы і запісвалі іх кірыліцкай графікай. У выніку шэраг беларускіх айконімаў увайшоў у гісторыю ў чужамоўнай ці скажонай форме, зь неўласьцівымі для іх гукавымі, граматычнымі і словаўтваральнымі рысамі».
Але пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага ўлады Расейскай імпэрыі пачалі выкарыстоўваць тапанімію як складнік гібрыднай вайны — дзеля зьмены ідэнтычнасьці жыхароў заваяваных земляў. У 1866 годзе яны ўзяліся мяняць назвы вуліц беларускіх гарадоў ды склалі сьпіс паселішчаў, назвы якіх «подверглись извращению во время польского господства в здешнем крае» і якім неабходна было надаць «местные русские названия». Толькі ў Горадзенскай губэрні такіх паселішчаў было 558, сьведчыць гісторык Іна Соркіна. За часамі СССР практыку працягнулі.
Пэўныя спрадвечныя назвы былі змадыфікаваныя адміністрацыйным чынам, іншыя — стыхійна, але ўсе такія зьмены аддалялі аблічча беларускіх тапонімаў ад першаўзору. Свабода сабрала зьвесткі пра купу гарадоў, арыгінальныя найменьні якіх пад вонкавым уплывам памянялі выгляд.
- Беразіно ці Бярэзань?
- Брэст ці Берасьце?
- Вілейка ці Вялейка?
- Воранава ці Вярэнаў?
- Гродна ці Горадня?
- Дзятлава ці Зьдзецел?
- Драгічын ці Дарагічын?
- Іванава ці Янаў?
- Калінкавічы ці Каленкавічы?
- Ліёзна ці Лёзна?
- Міёры ці Мёры?
- Мінск ці Менск?
- Мсьціслаў ці Амсьціслаў?
- Навагрудак ці Наваградак?
- Полацк ці Полацак?
- Хойнікі ці Хвойнікі?