Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каўбаса «Настальгія» і шакаляд «Прэзыдэнт». Што яшчэ падарылі першаму паляку, які перасек мяжу ў Брузгах. ВІДЭА


Адкрыцьцё пунктаў пропуску на мяжы з Польшчай. 17 лістапада 2025
Адкрыцьцё пунктаў пропуску на мяжы з Польшчай. 17 лістапада 2025

Журналісты дзяржаўнага абласнога выданьня «Гродзенская праўда» падрыхтавалі і ўручылі падарунак першаму грамадзяніну Польшчы, які ўначы перасек мяжу ў адкрытым уначы 17 лістапада пункце пропуску «Брузгі» на польскім кірунку.

«Наша краіна — вельмі міралюбная, і мы заўсёды нацэленыя на добрасуседзтва, на мірныя дачыненьні з грамадзянамі ўсіх дзяржаў, ня толькі суседніх», — сказала прадстаўніца абласнога дзяржаўнага выданьня, уручаючы падарунак польскаму грамадзяніну.

У падарунку былі каўбаса «Настальгія», цукеркі і набор шакалядак «Прэзыдэнт» (у тым ліку з назвай «Нашым дзецям», а таксама чорны шакаляд без цукру — яго рэцэптуру перараблялі некалькі разоў нібыта на патрабаваньне Аляксандра Лукашэнкі знайсьці заменьнік цукру, у якасьці якога ўрэшце выбралі экстракт так званай мядовай расьліны — стэвіі).

Мужчына таксама атрымаў тры нумары «Гродзенскай праўды», а таксама сувэнір, імаверна зроблены да 85-годзьдзя выданьня, на якім напісана «Сіла ў адзінстве».

У выданьні паведамілі, што грамадзянін Польшчы прадставіўся Мар’янам. Ён нібыта часта езьдзіць у Беларусь, дзе жыве ягоная жонка.

Відэазапіс уручэньня падарунка абнародавалі ў Telegram-канале Зэльвінскай раённай газэты «Праца».

Два пункты пропуску Кузьніца Беластоцкая-Брузгі і Баброўнікі-Бераставіца адкрыліся а 2:00 па менскім часе 17 лістапада пасьля некалькіх гадоў спыненьня іх дзейнасьці пасьля выраку польскаму актывісту і журналісту Анджэю Пачобуту і незаконнага патоку мігрантаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG