Чаму Польшча адкрывае мяжу?
Міністэрства ўнутраных спраў Літвы ўчора абвясьціла пра тое, што 17 лістапада будуць адкрытыя два памежныя пераходы на мяжы з Беларусьсю. Варта прыгадаць перадгісторыю гэтага рашэньня.
28 кастрычніка прэм’ер Польшчы Дональд Туск абвясьціў, што ў блізкім часе гэтыя два пераходы будуць адкрытыя. Потым адбыліся перамовы Туска с літоўскай прэмʼеркай Інгай Ругінене, і 30 кастрычніка МУС Польшчы паведаміў, што рашэньне аб адкрыцьці пераходаў адкладзенае з прычыны рашэньня Вільні закрыць сваю мяжу.
— Прайшло больш за два тыдні. Літва не адкрыла мяжу, беларуска-літоўскі крызіс абвастраецца, Беларусь затрымала літоўскія фуры, не дала ім магчымасьць выехаць у краіны. А Польшча адкрывае мяжу. Чаму 30 кастрычніка літоўскае рашэньне закрыць мяжу было для Польшчы матывам, каб адкласьці рашэньне, а цяпер Варшава ўсё ж вырашыла адкрыць сваю мяжу?
— Было б вельмі дзіўна, калі б мы адкрылі мяжу, а ў гэты ж час Літва закрывае. Наколькі я разумею, былі пэўныя дамоўленасьці зь беларускім рэжымам аб адкрыцьці мяжы. Але тут пачаўся крызіс з гэтымі балёнамі, якія заляталі ў Літву. І мы не хацелі нэгатыўна паўплываць на нашага саюзьніка. Таму рашэньне было адкладзенае.
Пасьля гэтага Аляксандар Лукашэнка публічна сарваў перамовы аб вызваленьні Анджэя Пачобута. Ён сказаў, што калі Польшча так несумленна падыходзіць да дыялёгу, то Менск не зьбіраецца вызваляць Пачобута.
Я так разумею, што перамовы не спыніліся. Пра гэта ўскосна сьведчыць учорашняе інтэрвію Анжалікі Борыс газэце адміністрацыі Лукашэнкі «Беларусь сегодня». У ім яна гаварыла і пра Пачобута, і пра тое, што польская меншасьць у Беларусі не зазнае дыскрымінацыі.
Таму я мяркую, што проста адкрыцьцё мяжы, бязь нейкіх саступак з боку Лукашэнкі, сёньня было б нелягічным. Няма відавочных прычынаў, каб адкрываць мяжу без саступак беларускага боку.
Міграцыйны крызіс працягваецца. Паток нелегальнай міграцыі ў параўнаньні зь летнімі месяцамі зьменшыўся. Ці з прычыны надворʼя, ці ў выніку ўплыву Кітая, але зьменшыўся. Аднак не да нуля. Дзясяткі мігрантаў парушаюць мяжу штодзень.
Антыпольская прапаганда ў беларускіх СМІ таксама працягваецца. За кратамі ў Беларусі застаюцца Пачобут, ксёндз Гжэгаж Гавэл, якога абвінавацілі ў шпіянажы, іншыя палякі.
Відавочных, публічных матываў для адкрыцьця мяжы ня бачна. Значыць, ёсьць невідавочныя, непублічныя, пра якія бакі дамовіліся.
Польшча перасьцерагаецца, што Лукашэнка можа падмануць
— Міхал, я хачу ўдакладніць. Калі Туск выступаў у Беластоку 28 кастрычніка і абвяшчаў, што пераходы будуць адкрытыя, ён ужо ведаў, пра рашэньне Літвы закрыць мяжу. Яна фактычна была закрытая на дзень раней. Туск тады сказаў: «Але ў нас ёсьць праблема на літоўска-беларускай мяжы. Праз паўторныя правакацыі, як з выкарыстаньнем паветраных шароў, так і іншых, з боку Беларусі і Расеі, літоўцы закрылі свой адзіны памежны пераход зь Беларусьсю. Таму я чакаю інтэнсіўных перамоваў зь літоўцамі, каб пазьбегнуць нечаканых наступстваў для іх. Мы павінны праводзіць пасьлядоўную палітыку ў дачыненьні да нашых суседзяў».
— Аднак Туск тады не назваў дакладную дату, калі Польшча зьбіраецца адкрыць мяжу. Ён сказаў, што гатовая адкрыць у лістападзе.
— Але 30 кастрычніка кіраўнік МУС Польшчы Марцін Кервінскі заявіў: «Мы адкладаем папярэдняе рашэньне, мы зьбіраліся адкрыць раней».
І заяву Лукашэнкі ў лістападзе, што ён ня вызваліць Пачобута, можна інтэрпрэтаваць так, што Польшча абяцала адкрыць пераходы на пачатку лістапада, яна гэтага не зрабіла, адпаведна і ён не вызваляе Пачобута.
— Калі Польшча ў панядзелак адкрые гэтыя пераходы, паглядзім, што Лукашэнка зробіць з палітвязьнямі-палякамі, у тым ліку з Пачобутам. Нашыя ўрадоўцы ня вераць на слова Лукашэнку. Яны маюць на гэты конт шматгадовы сумны досьвед, асабліва міністар замежных справаў Радаслаў Сікорскі.
— У іншага боку могуць быць аналягічныя перасьцярогі. Тым больш, што пераходы можна адкрыць, а хоць на наступны дзень пры жаданьні закрыць. А калі вызваліць Пачобута і адправіць у Польшчу, яго ўжо ня вернеш за краты.
— Так, Лукашэнка таксама не давярае Польшчы. І я думаю, што гэта тая прычына, чаму ён так эмацыйна адрэагаваў на рашэньне адкласьці адкрыцьцё пераходаў.
Ці не сутыкнуцца ілбамі Варшава і Вільня?
— У перадачы «ПіК Свабоды» напрыканцы кастрычніка вы выказвалі неразуменьне сытуацыі, калі Літва закрывае сваю мяжу, а Польшча адкрывае. Атрымлівалася сутыкненьне ілбамі двух саюзьнікаў па NATO. І можна было меркаваць, што такое сутыкненьне вельмі спадабалася б тады і Лукашэнку і можа нават яшчэ больш — Пуціну.
А хіба гэтая сытуацыя не паўторыцца 17 лістапада, калі 2 пераходы на мяжы Польшчы і Беларусі будуць адкрытыя? Усё роўна ж палітыка аказваецца скіраванай у адваротныя бакі — Літвы трымае мяжу закрытай, Польшча сваю адкрывае.
— Наколькі я ведаю, Польшча і Літва вельмі шчыльна каардынуюць сваю палітыку ў сфэры бясьпекі. І Літва ведала пра нашае рашэньне адкрыць пераходы 17 лістапада. Ёсьць ужо і афіцыйная рэакцыя Вільні.
«Мы можам падзякаваць нашым партнэрам у Польшчы за тое, што яны трымалі памежныя пункты з Беларусьсю закрытымі значна даўжэй, чым плянавалася», — заявіў 14 лістапада дарадца прэм’еркі Літвы Ругінене Альгірдас Дабравольскас.
Усё ж ёсьць псыхалягічныя, сымбалічныя адрозьненьні паміж сытуацыямі, калі б Польшча адкрыла мяжу літаральна адначасова з закрыцьцём мяжы Літвой, і калі гэта робіцца праз два тыдні. І для Лукашэнкі такія сымбалі таксама маюць значэньне, хіба ня большае, чым для нас.
— А ці гучаць цяпер у Польшчы галасы палітыкаў, якія папракалі б Туска за рашэньне ўсё ж адчыніць мяжу, маўляў, гэта здрада літоўскаму саюзьніку?
— Не, не гучаць. Прынамсі, паміж мэйнстрымнымі партыямі «Грамадзянскай плятформай» і «Правам і справядлівасьцю» ёсьць кансэнсус адносна таго, што з Лукашэнкам трэба весьці жорсткую палітыку. «Канфэдэрацыя», трэцяя паводле папулярнасьці сіла, выступае за дыялёг з Лукашэнкам, кажа, што санкцыі непатрэбныя і шкодныя.
— Але рашэньне адкрыць мяжу ў абмен на нешта — гэта ўжо дыялёг. І як вы сказалі, гэтаму, хутчэй за ўсё, і папярэднічаў дыялёг — пра ўзаемныя саступкі трэба ж было дамовіцца.
— Тут справа ў асобе Пачобута. Ён лічыцца ў нас вялікім польскім героям. Адпаведна і той, хто даможацца яго вызваленьня, будзе палітычным героям. 11 лістапада прэзыдэнт Караль Наўроцкі ўзнагародзіў яго мэдалём Белага арла — гэта найвышэйшая польская ўзнагарода для цывільных асобаў.
І па вялікім рахунку ня вельмі важна, што ўзамен за Пачобута дадуць Лукашэнку.
— Наколькі я разумею, адкрыцьцё межаў — гэта саступка ня толькі Лукашэнку. У гэтым вельмі зацікаўленыя людзі, бізнэсоўцы, на ўсходзе Польшчы, у прыватнасьці, у Беластоцкім ваяводзтве.
— Так. І невыпадкова Туск абвясьціў пра гатоўнасьць адкрыць два пераходы менавіта ў Беластоку. Там ёсьць бізнэс, які жыве з сувязяў зь Беларусьсю, там ёсьць беларуская меншасьць, якая мае сувязі зь беларусамі ў Беларусі. Асабліва для гэтага рэгіёну закрыцьцё мяжы і наагул няпростыя адносіны між Польшчай і Беларусьсю мае сваю немаленькую цану.
Трамп і беларуска-польскія адносіны
— Наколькі на польскае рашэньне адкрыць мяжу паўплывала палітыка адміністрацыі ЗША адносна дыялёгу з Лукашэнкам? Дональд Трамп прызначыў Джона Коўла спэцыяльным пасланьнікам у Беларусі, ЗША яшчэ зьменшылі санкцыі адносна «Белавія».
І прызначэньне Коўла, і рашэньне па санкцыях рабіліся ў разгар беларуска-літоўскага крызісу. І ён гэтым крокам Вашынгтону не перашкодзіў. Літва просіць у ЭЗ узмацніць санкцыі адносна Беларусі, а ЗША свае санкцыі аслабляюць.
Гэта ўплывае на палітыку Варшавы адносна Беларусі?
— Часткова так. Злучанымі Штатам абыякава, мае Польшча санкцыі адносна Беларусі ці ня мае. ЗША ўступілі ў дыялёг з Лукашэнкам, вынікам гэтага дыялёгу стала аслабленьне амэрыканскіх санкцыяў, а таксама вызваленьне некалькіх дзясяткаў палітвязьняў, у тым ліку і вядомых асобаў. Тое, што Амэрыцы гэта ўдалося, умацоўвае перакананьне польскай эліты, што павялічылася гатоўнасьць Лукашэнкі да сурʼёзнай размовы пра абмен Пачобута на нешта. А таму можна больш сьмела ісьці на размову зь ім пра такі абмен.
Форум