Савецкая ўлада масава пераймяноўвала старажытныя гарады й мястэчкі Беларусі, назвы якіх здаваліся ёй «немілагучнымі» і палітычна сумнеўнымі. Але выкарыстоўваць тапанімію як складнік гібрыднай вайны за ідэнтычнасьць пачалі яшчэ ў Расейскай імпэрыі — пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага 1863–64 гадоў. Свабода сабрала зьвесткі пра шэраг гарадоў, арыгінальныя найменьні якіх зьмяніліся пад вонкавым уплывам.
Ліёзна
Шмат гадоў адзінай афіцыйнай назвай было Ліёзна
Натуральная беларуская назва — Лёзна
Мястэчка ўзьнікла ў канцы XV стагодзьдзя, з 1625 году ўласнасьць Агінскіх. У старабеларускай мове слова лёзны або люзны мела значэньне ‘вольны, нічым не заняты’: Суд шляхетнага Браташэўскага яка чалавека люзнага бяз службы ў месьце разбоем баўлючагася ... усказаў (1648 г.). Цікава, што і ў сучаснай гаворцы Лёзьненшчыны захаваліся словы лёзны, лёзна — і азначаюць яны ‘ласкавы, пяшчотны’! Выдатны аргумэнт за безумоўнае вяртаньне аўтэнтычнага напісаньня і вымаўленьня.
Паходжаньне назвы гораду, аднак, можа тлумачыцца розна. Гэта і паселішча вольных людзей (накшталт шматлікіх вёсак з назвай Вулька на Берасьцейшчыне ці чэскіх назваў Lhota). А мо яна ад назвы рэчкі, зьвязанай з коранем лезьці ‘цячы’ (ёсьць нямала расейскіх назваў рэк і ручаёў Лезно, сьведчыць расейскі тапаніміст В. Васільеў). У кожным разе беларускую назву Лёзна па-польску запісвалі некалькімі варыянтамі: і Łoźne, і Leżno, і Lozno.
З прычыны суседзтва зь землямі Масквы места зьведвала безупынныя напады з паўночнага ўсходу. У 1514 годзе Лёзна было заваяванае Маскоўскай дзяржавай, але у 1526 годзе вернута ў ВКЛ. Ад 1772 году зноў у складзе Расейскай імпэрыі.
Новыя адміністратары ў гэтым выпадку не зьвярталіся да польскага напісаньня тапоніма, а спрабавалі перадаць мясцовае вымаўленьне. Але ў расейскай мове літара Ё толькі пачынала ўжывацца, і назва мястэчка была запісаная як «Ліозно» (дарэформавым расейскім правапісам, зь літарай І). Вымаўляцца спалучэньне «іо» ў гэтым слове мусіла так, як пазьней літара Ё.
На расейскіх мапах айконім пісаўся таксама і як «Лезно». Аднак пазьней усе гэтыя артаграфічныя нюансы забыліся, і шляхам адваротнай трансьлітарацыі на беларускую мову быў створаны «гамункулюс» — «Ліёзна», форма, якая наагул ня мае падставаў для існаваньня.
Лёзна — малая радзіма Марка Шагала, назва мястэчка вядомая ў сьвеце, але, на жаль, у скажонай форме.
Падобную адваротную трансфармацыю зазнала беларускае прозьвішча Блёдуха.
Выбітны беларускі геоляг акадэмік Мікола Блёдуха па-расейску быў запісаны Бліодухо. Адваротнай трансьлітарацыяй, ды яшчэ са зьменай націску, зь яго зрабілі Бліядухо.
У нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь», зацьверджаным Дзяржаўным камітэтам па маёмасьці і ўзгодненым з Тапанімічнай камісіяй пры Савеце Міністраў Беларусі, форма Лёзна фіксуецца як нарматыўная.
Як пераймяноўвалі беларускія гарады
Поруч з імёнамі беларускіх гарадоў, мястэчак і вёсак, якія прымусам замяніла савецкая ўлада, вось ужо пару соцень гадоў існуюць і «тапонімы з памылкамі».
Перайменавалі старажытныя гарады й мястэчкі, назвы якіх былі «немілагучныя» або палітычна сумнеўныя для зрусыфікаванага бальшавіцкага вуха.
• Койданава (Койданаў) зрабілі Дзяржынскам,
• Рудобелку — Акцябарскім,
• Дрысу — Верхнядзьвінскам,
• Ігумен — Чэрвенем,
• Кабыльнік — Нараччу,
• Качэрычы — Кіраўскам,
• Прапойск — Слаўгарадам,
• Шацілавічы — Сьветлагорскам.
Вёсак такіх значна больш. Агулам блізу 450 беларускіх паселішчаў пацярпелі ад радыкальнай рэвізіі аўтэнтычных тапонімаў.
Раней, у пару Расейскай імпэрыі, назвы не мянялі радыкальна, а «карэктавалі» адпаведна моўным густам новых гаспадароў.
Спачатку наагул не зважалі на мясцовыя тапанімічныя традыцыі.
«Калі Беларусь апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, ні дакумэнталісты, ні гісторыкі, ні картографы таксама не парупіліся пра дакладнасьць перадачы беларускіх айконімаў на расейскую мову, — пісала выбітная беларуская тапанімістка Валянціна Лемцюгова. — Яны запазычвалі ўжо гатовыя польскія формы і запісвалі іх кірыліцкай графікай. У выніку шэраг беларускіх айконімаў увайшоў у гісторыю ў чужамоўнай ці скажонай форме, зь неўласьцівымі для іх гукавымі, граматычнымі і словаўтваральнымі рысамі».
Але пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага ўлады Расейскай імпэрыі пачалі выкарыстоўваць тапанімію як складнік гібрыднай вайны — дзеля зьмены ідэнтычнасьці жыхароў заваяваных земляў. У 1866 годзе яны ўзяліся мяняць назвы вуліц беларускіх гарадоў ды склалі сьпіс паселішчаў, назвы якіх «подверглись извращению во время польского господства в здешнем крае» і якім неабходна было надаць «местные русские названия». Толькі ў Горадзенскай губэрні такіх паселішчаў было 558, сьведчыць гісторык Іна Соркіна. За часамі СССР практыку працягнулі.
Пэўныя спрадвечныя назвы былі змадыфікаваныя адміністрацыйным чынам, іншыя — стыхійна, але ўсе такія зьмены аддалялі аблічча беларускіх тапонімаў ад першаўзору. Свабода сабрала зьвесткі пра купу гарадоў, арыгінальныя найменьні якіх пад вонкавым уплывам памянялі выгляд.
- Беразіно ці Бярэзань?
- Брэст ці Берасьце?
- Вілейка ці Вялейка?
- Воранава ці Вярэнаў?
- Гродна ці Горадня?
- Дзятлава ці Зьдзецел?
- Драгічын ці Дарагічын?
- Іванава ці Янаў?
- Калінкавічы ці Каленкавічы?
- Ліёзна ці Лёзна?
- Міёры ці Мёры?
- Мінск ці Менск?
- Мсьціслаў ці Амсьціслаў?
- Навагрудак ці Наваградак?
- Полацк ці Полацак?
- Хойнікі ці Хвойнікі?