Імпульсам да зьяўленьня публікацый стаў допіс у Фэйсбуку польскай эўрадэпутаткі Эвы Заянчкоўскай.
«Пэрсанал, які складаўся з грамадзян Украіны і Беларусі, ня змог зразумець пацыента і даведацца, што ў яго раней быў анафіляктычны шок. Яму ўвялі кантраснае рэчыва, што прывяло да моцнай алергічнай рэакцыі. Мэдыкі ня ведалі, як аказаць дапамогу і як выклікаць хуткую дапамогу. Пацыент памёр...» — напісала Заянчкоўска, якая прадстаўляе эўраскептычную і антыімігранцкую кааліцыю «Канфэдэрацыя». Гэта палітычная сіла патрабуе зьмены польскай палітыкі, накіраванай на падтрымку Ўкраіны і ўкраінскіх уцекачоў.
Допіс Заянчкоўскай стаў вельмі папулярным. На гэты момант ім падзяліліся 3 тысячы разоў. Абсалютная большасьць з тысяч камэнтатараў абураюцца лекарамі-імігрантамі, якія ня ведаюць польскай мовы, і дамагаюцца іх пакараньня. У падобным тоне напісана і рэшта допісу самой Заянчкоўскай. Яна ўскладае адказнасьць на «паталягічную палітыку лёгкага дазволу замежным лекарам працаваць у Польшчы» і патрабуе, каб аўтары такіх правілаў ішлі «прэч».
Адкуль Заянчкоўска ўзяла гэтую інфармацыю?
Яна спасылаецца на доктара Паўла Ўрублеўскага, кіраўніка Ніжнесілезскай мэдыцынскай рады. Мы знайшлі першакрыніцу. На мінулым тыдні Ўрублеўскі даў інтэрвію ютуб-каналу з 10 падпісчыкамі. У ім ён сказаў наступнае:
«Справа цяпер у судзе. Ніхто ня кажа пра тое, што яна датычыць лекараў з-за мяжы, паколькі гэта палітычна некарэктна. Але гэта так».
Ад 8.00 раніцы мы спрабуем скантактавацца з Урублеўскім па тэлефоне і праз мэйл. Ён не адказвае а нашыя просьбы наконт дэталяў здарэньня.
Сёньня ў шэрагу буйных польскіх СМІ зьявіліся публікацыі са спасылкай на словы Ўрублеўскага, сказаныя падчас гэтага інтэрвію. У ніводным з артыкулаў няма ніякіх новых дэталяў, даты здарэньня, назвы клінікі, цытатаў сваякоў ахвяры ці праваахоўных органаў. Усе тэксты базуюцца выключна на цытаце згаданага Ўрублеўскага невядомаму ютуб-каналу.
Справу ў пятніцу мусіла нават пракамэнтаваць пракуратура ва Ўроцлаве. Яна абвергнула гісторыю, якую прадставіў Урублеўскі і некаторыя польскія СМІ.
«Інфармацыя, якая зьмяшчаецца ў заяве пазначанай асобы і пасьля ў прэс-публікацыях, ненадзейная», — заявіла ў інтэрвію выданьню Konkret24 пракурорка Караліна Штоцка-Мыцэк, прэс-сакратарка акруговай пракуратуры ва Уроцлаве. Трагічная сьмерць пацыента ад анафіляктычнага шоку сапраўды зафіксаваная ва Ўроцлаве. Гэта адбылося 3 гады таму, і беларусы з украінцамі ня маюць да яе дачыненьня.
Уроцлаваўская пракуратура праводзіць расьсьледаваньне па факце неасьцярожнага прычыненьня сьмерці 49-гадоваму Дамініку К. Ён памёр 24 студзеня 2023 году ў выніку так званай мэдыцынскай халатнасьці.
Пракуратура абвяргае
Пракуратура заяўляе, што інфармацыя, згаданая ў словах Паўла Ўрублеўскага і артыкулах у прэсе, «ніякім чынам не пацьвярджаецца фактамі, высьветленымі падчас расьсьледаваньня, праведзенага раённай пракуратурай Уроцлава».
«Інфармацыя пра тое, што мэдычны пэрсанал пазначанай клінікі не валодаў польскай мовай і што гэта прывяло да халатнасьці, якая прывяла да сьмерці пацыента, зьяўляецца ілжывай і можа ўвесьці ў зман чытачоў публікацый», — гаворыцца ў заяве.
Польскія журналісты скантактаваліся таксама з Паўлам Урублеўскім. Ён сьцьвярджае, што журналіст, зь якім ён размаўляў, памылкова яго зразумеў. Калі яму нагадалі, што гэта яго поўнае выказваньне, то ён спаслаўся на тое, што чуў вэрсію пра адказнасьць лекараў з-за мяжы ад адваката. Ён дадаў, што не нясе адказнасьці за інтэрпрэтацыю сваіх слоў.
Што адбылося насамрэч. Вэрсія пракуратуры:
«Падчас праверкі было ўстаноўлена, што 24 студзеня 2023 года Дамінік К. зьвярнуўся ў клініку ва Уроцлаве для правядзеньня МРТ брушной поласьці з кантрастам. Перад абсьледаваньнем пэрсанал клінікі ў прысутнасьці лекара правёў анкетаваньне і апытаў пацыента. Пацыент не паведамляў пра алергію або хранічныя захворваньні. Абсьледаваньне, праведзенае без кантрасту, прайшло нармальна. Пасьля ўвядзеньня 10 мілілітраў кантрасту пацыент амаль адразу націснуў кнопку экстранай дапамогі, паведаміў пра задышку і закашляўся. Праз хвіліну ён страціў прытомнасьць. Пэрсанал клінікі і лекар неадкладна пачалі рэанімацыю пацыента. Увесь гэты час тэхнік падтрымліваў пастаянную тэлефонную сувязь з дысьпетчарам хуткай мэдыцынскай дапамогі. Празь некаторы час выратавальную апэрацыю працягнула брыгада хуткай мэдыцынскай дапамогі. Нягледзячы на мэдыцынскае ўмяшаньне, пасьля транспарціроўкі ў бальніцу была канстатаваная сьмерць пацыента».
Форум