Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«І сурʼёзнае, і гулькі» — якія людзі ідуць у «айцішнікі». ФОТА


У першы дзень падачы дакумэнтаў у ВНУ паразмаўлялі з абітурыентамі БДУІР. Там рыхтуюць самых высокааплатных спэцыялістаў у Беларусі. Але ўчорашнія школьнікі кажуць: грошы не галоўнае — важна, што праца цікавая і пэрспэктыўная.

Станіслаў: «Мне цікава працаваць зь лічбамі, з праграмамі, прымушаць жалязякі рухацца»

Станіслаў скончыў звычайную сельскую школу ў Барысаўскім раёне, паступае на факультэт кампутарнага праектаваньня.

«Мне цікава працаваць зь лічбамі, працаваць з праграмамі, прымушаць жалязякі рухацца. Прафэсія ІТ-шніка мяне прываблівае яшчэ тым, што ты не прывязаны да офіса. Працаваць можна і з дому, і зь любога пункту зямнога шара. А пра грошы я пакуль ня думаю, гэта для мяне не галоўнае».

Ліяна: «Вырашыла абвергнуць, што хлопцы больш схільныя да тэхнічных спэцыяльнасьцяў»

Ліяна скончыла менскую школу № 121. Паступае на факультэт інфармацыйных тэхналёгій і кіраваньня, спэцыяльнасьць — інфармацыйныя сыстэмы і тэхналёгіі ў гульнёвай індустрыі (гейм-дызайн).

«Лічыцца, што больш хлопчыкі схільныя да тэхнічных спэцыяльнасьцяў, але я хачу гэта абвергнуць. Дзяўчаты таксама на ўсё здольныя!

У мяне зь дзяцінства быў „памежны стан“, мне падабаліся і творчыя, і тэхнічныя спэцыяльнасьці. Я ў школе закахалася ў матэматыку. Але пры гэтым я добра малюю, скончыла яшчэ і музычную школу, граю на фартэпіяна. І я доўга ня ведала, як жа сябе рэалізаваць. А аднойчы зайшла на сайт БДУІР і знайшла спэцыяльнасьць „гейм-дызайн“. І зразумела, што гэта аптымальны для мяне варыянт, дзе я магу сумяшчаць і творчае, і тэхнічнае».

Станіслаў: набраў на ЦТ 383 балы, 100 балаў па беларускай мове

Станіслаў скончыў сталічную гімназію № 22 зь фізыка-матэматычным ухілам. Паступае на самы прэстыжны факультэт — кампутарных сыстэм і сетак.

«ІТ — гэта вельмі пэрспэктыўна. Да таго ж мне гэта вельмі цікава. Канечне ж, вабяць высокія заробкі ў ІТ-сфэры. Але абраў вучобу ў БДУІР найперш усё ж такі таму, што гэта цікава і пэрспэктыўна.

Я набраў у суме 383 балы. ЦТ па беларускай мове здаў на 100, па фізыцы — на 99, па матэматыцы — на 87, атэстат — 97. Беларускую мову абраў таму, што больш упэўнена сябе адчуваў менавіта ў ёй і ведаў вельмі добрага рэпэтытара. Спадзяюся, з такімі баламі я здолею паступіць, таму і прыйшоў здаваць дакумэнты ў першы дзень».

Глеб: «Я пакуль ня вызначыўся дакладна са спэцыяльнасьцю»

Глеб скончыў сталічную школу № 73. У першы дзень падачы дакумэнтаў прыйшоў «разьведаць абстаноўку», агледзецца.

«Я яшчэ дакладна ня вызначыўся са спэцыяльнасьцю, буду глядзець, якія ёсьць факультэты, які конкурс. Пакуль пачакаю з падачай дакумэнтаў, час яшчэ ёсьць. Але дакладна буду паступаць сюды, бо ІТ-сфэра — гэта вельмі цікава, да таго ж і прыбыткова. Набраў 277 балаў. Хутчэй за ўсё, пайду на факультэт радыётэхнікі і электронікі».

Андрэй: «Бацькі гатовыя плаціць за навучаньне»

Андрэй доўга шукаў у тэлефоне назву спэцыяльнасьці, на якую зьбіраецца падаваць дакумэнты. Потым прачытаў з экрана тэлефона: «Інфармацыйныя сыстэмы і тэхналёгіі ў гульнёвай індустрыі».

«Гэта цікава і пэрспэктыўна, таму што сумяшчаюцца і сурʼёзнае, і „гулькі“. Гэтая сфэра будзе толькі разьвівацца, да гульняў у людзей заўсёды будзе інтарэс. Грошы таксама не апошнюю ролю граюць. Інтарэс павінен прыносіць фінансы. Стартавы заробак, на які разьлічваю, — прыкладна 1 тысяча даляраў. Пра будучыню, дзе канкрэтна буду працаваць, яшчэ не задумваўся, трэба спачатку атрымаць адукацыю.

У мяне 283 балы, пляную паступіць на платнае. Бацькі гатовыя плаціць за навучаньне. Ну, а стану добра зарабляць — разьлічуся зь імі».

Уладзіслаў: «Да арміі я прыдатны. Гатовы адслужыць»

Уладзіслаў паступае на факультэт кампутарнага праектаваньня. Ён сёлета скончыў Менскі дзяржаўны каледж электронікі па спэцыяльнасьці «Праграмнае забесьпячэньне інфармацыйных тэхналёгій», спэцыяльнасьць — тэхнік-праграміст.

«Я адмыслова пачынаў з каледжу, каб потым паступіць у БДУІР на скарочаную форму навучаньня — пасьля каледжу мне можна толькі факультэт кампутарнага праектаваньня. Мы будзем здаваць яшчэ два ўступныя іспыты — 19 і 23 ліпеня, так што зараз рыхтуюся да іх.

Я ўжо працаваў у ІТ-кампаніі, якая распрацоўвае праграмнае забесьпячэньне для „Белдзяржстраху“. Мне было цікава».

Пра папраўкі ў так званы «закон аб адтэрміноўках» Улад ведае і кажа, што «прыдатны да службы» і гатовы пайсьці ў войска.

«Пра папраўкі ў закон ведаю. Мне 19 гадоў. Да службы ў арміі я прыдатны. Адну адтэрміноўку ўжо атрымліваў у каледжы, так што цалкам гатовы да таго, што могуць забраць у войска. Але зараз галоўнае — паступіць. А там як пашанцуе. Хутчэй за ўсё, давядзецца ісьці служыць, а што паробіш...» — кажа Ўладзіслаў.

У БДУІР сёлета набіраюць на 290 студэнтаў больш, чым летась

У беларускіх ВНУ 12 ліпеня стартавала прыёмная кампанія. На тое, каб падаць дакумэнты на бюджэт, сёлета адведзена толькі 6 дзён. На платную форму навучаньня дакумэнты прымаюць да 4 жніўня.

У Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі сёлета плянуюць набраць 3,5 тысячы студэнтаў — на 290 болей, чым летась.

Летась прахадныя балы на самыя папулярныя спэцыяльнасьці былі надзвычай высокія: на «Эканоміку электроннага бізнэсу» — 383, на «Электронны маркетынг» — 376, на «Інфарматыку і тэхналёгіі праграмаваньня» — 370 балаў. Каб вучыцца платна па спэцыяльнасьці «Праграмнае забесьпячэньне інфармацыйных тэхналёгій», трэба было набраць 317 балаў. Але сёлета выпускнікі здалі ЦТ лепш, чым летась, таму прахадныя балы могуць зрабіцца яшчэ вышэйшыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG