Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як выглядае стралковая зброя, якую пачалі вырабляць у Беларусі. ФОТА


Каля стэнду прадпрыемства «Белспэцзьнештэхніка»
Каля стэнду прадпрыемства «Белспэцзьнештэхніка»

За апошнія гады ў Беларусі распрацавалі каля 30 мадэляў уласнай стралковай зброі. Аўтаматы, вінтоўкі і пісталеты вырабляюць на прадпрыемстве «Белспэцзьнештэхніка» ў Станькаве пад Дзяржынскам. Большасьць зброі — гэта мадэрнізаваныя аўтаматы Калашнікава. Але ня толькі. Якую стралковую зброю выпускаюць у Беларусі і ці ідзе яна на ўзбраеньне беларускай арміі, Свабода даведалася на выставе MILEX.

«Два гады таму тут пара аўтаматаў вісела, а цяпер вось 30 сваіх распрацовак», — кажуць прадстаўнікі прадпрыемства каля выставачнага стэнду.

Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Станіслаў Зась заявіў учора, што ў Беларусі ствараецца вытворчасьць уласнай стралковай зброі. Сапраўды, на прадпрыемстве «Белспэцзьнештэхніка — новыя тэхналёгіі» (БСЗТ) выпускаюць каля 30 мадэляў баявой тэхнікі. Збольшага гэта мадэрнізацыя аўтамата Калашнікава і снайпэрскай вінтоўкі Драгунова. Пра гэта расказалі каля стэнду прадпрыемства на выставе.

​«Гэта правераная зброя, але мы яе мадэрнізуем пад розныя патрэбы. Шмат падказваюць былыя вайскоўцы, якія самі працавалі з аўтаматамі і ведаюць, што трэба зьмяніць», — сказаў прадстаўнік БСЗТ каля стэнду кампаніі на выставе.

Спаміж 30 мадэляў зброі 11 прайшлі сэртыфікацыю — значыць, іх ужо можна прадаваць. Частка беларускай зброі — цывільныя аўтаматы і вінтоўкі, прызначаныя для спартовай стральбы ці паляваньня.

Ня толькі мадэрнізаваныя ўзоры

Першы беларускі пісталет
Першы беларускі пісталет

На выставе прадстаўленыя і ўласныя распрацоўкі, якія не зьяўляюцца мадэрнізаванымі савецкімі ці расейскімі ўзорамі. Два пісталеты схаванага нашэньня распрацаваў канструктар Ігар Васільеў. Іх сэртыфікацыя чакаецца ў верасьні, пасьля чаго пісталеты паступяць у продаж і на ўзбраеньне. Найбольш зацікаўленымі ў такім пісталеце, кажуць на прадпрыемстве, могуць быць апэратыўнікі, бо ён звышмалы па памерах і не заўважны пад вопраткай.

Новы беларускі пісталет ПВ-17
Новы беларускі пісталет ПВ-17

«Некаторыя лічаць яго генэральскім пісталетам, але гэта зусім іншая распрацоўка», — распавядае прадстаўнік БСЗТ каля стэнду.

Таксама тут прадстаўленыя дзьве вінтоўкі ўласнай вытворчасьці. Адна — цывільная, а другая — баявая.

Беларуская вінтоўка
Беларуская вінтоўка

А вось анансаваны гранатамёт — гэта пакуль макет. Ствараць яго толькі пачынаюць. Фактычна гэта адноўлены савецкі гранатамёт АГС-17. Ён быў распрацаваны напярэдадні развалу СССР як экспэрымэнтальны, але так і не паступіў у вытворчасьць. Беларускія збройнікі зьвярнуліся да той мадэлі і маюць цяпер уласны гранатамёт. Абяцаюць, што ён будзе гатовы праз два гады.

Яшчэ адна беларуская вінтоўка
Яшчэ адна беларуская вінтоўка

Вытворчасьць на месцы савецкай вайсковай базы

Як кажуць прадстаўнікі БСЗТ, усю стралковую зброю ў нас зьбіраюць на заводзе ў Станькаве пад Дзяржынскам. Ад былой вайсковай базы там засталося шмат пустых памяшканьняў.

Таксама ў Беларусі арганізаваная вытворчасьць патронаў у Воршы. Пазьней там яшчэ будуць вырабляць порах.

Макет беларускага гранатамёта
Макет беларускага гранатамёта

Завод скіраваны ў асноўным на экспарт, бо ў беларускай арміі дагэтуль засталося шмат савецкай зброі, і пераўзбраеньне будзе каштаваць дорага.

«Вось у гэтых аўтаматах зацікаўленыя арабы, а ў гэтых — афрыканцы», — кажуць пра розныя беларускія распрацоўкі прадстаўнікі прадпрыемства.

Па падліках Вайскова-прамысловага камітэту, летась Беларусь зарабіла на пастаўках вайсковай тэхнікі 1 мільярд 49 мільёнаў даляраў. Чатыры гады таму гадавы экспарт вайсковай прадукцыі складаў 827 мільёнаў даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG