Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэлефоннага бамбіста з Баранавічаў адправілі ў калёнію і будуць лячыць ад алькагалізму


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Суд Баранавіцкага раёну і гораду Баранавічы 10 траўня абвясьціў вырак мясцоваму жыхару за фальшывае паведамленьне пра падрыхтоўку выбуху ў жылым доме, піша БелТА.

Як выявілася, мужчына быў п’яны, калі тэлефанаваў у міліцыю і казаў пра бомбу. Ён патлумачыў, што пасварыўся са знаёмай, якая не хацела зь ім размаўляць, і спадзяваўся, што пасьля паведамленьня пра бомбу міліцыя прывязе яе да яго. Асобу «мінэра» міліцыянты высьветлілі за некалькі хвілінаў.

Падчас расьсьледаваньня мужчына скраў чужы мабільны тэлефон, бо ягоны канфіскавалі як рэчавы доказ.

За крадзеж (ч. 1 арт. 205 КК) і фальшывае паведамленьне пра небясьпеку (ч.1 арт. 340 КК) мужчыну асудзілі на паўтара года калёніі строгага рэжыму, таксама яго будуць прымусова лячыць ад алькагалізму.

2019 год можа стаць рэкордным паводле колькасьці фальшывых паведамленьняў пра бомбы. За цэлы мінулы год было 23 такія паведамленьні, за першыя чатыры месяцы бягучага году ўжо 19.

За «заведама непраўдзівае паведамленьне пра небясьпеку» крымінальная адказнасьць надыходзіць з 14 гадоў. Паводле ч. 1 арт. 340 КК можа пагражаць штраф, арышт, абмежаваньне волі на тэрмін да 3 гадоў або да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

Калі ад паведамленьня былі цяжкія наступствы або шкода ў буйным памеры, або калі паведамленьне ладзілася групай асобаў паводле папярэдняй змовы, або калі чалавек рабіў гэта паўторна, паводле ч. 2 арт. 340 КК можа пагражаць ад 3 да 7 гадоў турмы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG