23 красавіка для абмеркаваньня праблемы няякаснай нафты з кіраўніцтвам расейскай кампаніі «Транснефть» у Маскву выпраўляюцца прадстаўнікі канцэрну «Белнафтахім» і беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў.
Улады Беларусі маюць прэтэнзіі да якасьці расейскай нафты гатунку Urals, якая транзытам перапампоўваецца праз нафтаправод «Дружба» — узровень хлёрарганічных злучэньняў у ёй у дзясяткі разоў перавышае дапушчальны. Такую сыравіну складаней перапрацаваць, а нафтапрадуктаў на выхадзе атрымліваецца значна менш.
Няякасная расейская нафта ўжо пашкодзіла абсталяваньне на Мазырскім НПЗ, яго давялося дэмантаваць для рамонту.
У Наваполацку тэрмінова склікалі штаб
У нядзелю 21 красавіка ўрад Беларусі склікаў тэрміновае паседжаньне апэратыўнага штабу ў Наваполацку, дзе разьмяшчаецца адзін з двух беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. На паседжаньні былі профільныя прадстаўнікі ўраду, канцэрну «Белнафтахім», прадпрыемства «Беларуснафта», нафтаперапрацоўчых заводаў.
Па выніках пасяджэньня было заяўлена, што ад дрэннай расейскай сыравіны цярпяць перадусім беларускія НПЗ.
Як піша выданьне «Вестник Нафтана», ад забруджанай прымесямі расейскай сыравіны рэзка ўзмацняецца карозія абсталяваньня на ўсім вытворчым ланцужку — за тыдзень іржа «зьядае» 4-5 мілімэтраў жалеза.
Першыя страты
Праз нафту нізкай якасьці на Мазырскім НПЗ ужо дэмантавалі для пазаплянавага рамонту ўстаноўка для першаснай апрацоўкі сыравіны. Наваполацкі «Нафтан» працуе на старых запасах сыравіны, абмежаваўшы пастаўкі з нафтаправоду. Растуць спадарожныя выдаткі, паколькі шматразова павялічана выкарыстаньне рэагентаў для абароны абсталяваньня ад карозіі.
Экспэрты кажуць, што дадатковая ачыстка нафты (дэзактывацыя) пагражае спыненьнем і працяглым прастоем беларускіх перапрацоўчых заводаў, што адаб’ецца ня толькі на іх даходах, але і эканоміцы Беларусі ўвогуле, паколькі бюджэт у значнай ступені залежыць ад паступленьняў ад нафтаперапрацоўкі.
Сярод іншага на нарадзе было прынятае рашэньне абмежаваць экспарт беларускага бэнзіну і дызэлю. Менск таксама папярэдзіў заходніх партнэраў, што расейская нафта, якая паступае праз нафтаправод у Эўропу, «кепскай якасьці».
«Натуральна, калі нафта паступала няякасная, нават ня трэба быць вялікім экспэртам, каб зразумець: будуць праблемы, будуць страты, — кажа Свабодзе экспэрт нафтагазавай галіны, эканамічны аглядальнік Алесь Герасіменка. — Таму найперш трэба ўключаць дамоўны мэханізм з расейскімі пастаўшчыкамі наконт матэрыяльнай кампэнсацыі — якасьць нафты мусіць быць прадугледжаная пагадненьнямі. І калі тая ж кампанія „Транснефть“ пастаўляе брак, то мусіць за гэта адказваць».
Расея нашкодзіла на дзясяткі мільёнаў даляраў
Прэсавы сакратар расейскай кампаніі «Транснефть» Ігар Дзёмін у размове са Свабодай прызнаў наяўнасьць праблемы і заявіў, што сытуацыя павінна выправіцца на пачатку гэтага тыдня. Аднак беларускія спэцыялісты лічаць, што ў найлепшым выпадку гэта здарыцца да канца месяца.
Каб пакрыць страты, расейскаму баку будзе выстаўлены рахунак, заявіў у камэнтары для тэлеканалу АНТ намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Ляшэнка.
«З тэхнічнымі выдаткамі прадпрыемствы вызначацца падчас капрамонту ў жніўні і верасьні, — адзначыў Ляшэнка. — Для абмеркаваньня сытуацыі зь кіраўніцтвам расейскай кампаніі „Транснефть“ 23 красавіка ў Маскву выяжджае каманда „Белнафтахіму“ і нафтаперапрацоўчых заводаў. „Транснефть“ запэўнівае, што робяцца захады для адпампоўкі нафты з павышаным узроўнем хлёрыду, дадаючы якасную сыравіну. Абяцаюць, што неўзабаве сытуацыя стабілізуецца».
Старшыня канцэрну «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў на нарадзе таксама пацьвердзіў, што Беларусь будзе настойваць на кампэнсацыі выдаткаў на «дзясяткі мільёнаў даляраў». Ён сказаў, што адбор узораў ажыцьцяўляўся ў прысутнасьці прадстаўнікоў «Транснефти», і тыя прызналі наяўнасьць праблем. Удалося высьветліць, што крыніца забруджаньня выяўленая на ўчастку Самара — Унеча.
Спрэчка ў працяг харчовай «вайны»
«Белнафтахім» нагадвае, што пытаньне да якасьці расейскай нафты ўзьнікае ня першы год, але ўпершыню ўзровень хлёру ў нафтаправодзе «Дружба» перавышае норму ажно ў 25 разоў. Адрозна ад «лёгкіх» гатункаў, якія здабываюць у краінах Блізкага Ўсходу, расейская сыравіна зьмяшчае вялікую колькасьць разнастайных прымесяў, што патрабуе дадатковых тэхналягічных высілкаў у працэсе яе перапрацоўкі.
Тым ня менш, кажа эканамічны аглядальнік Алесь Герасіменка, у экспэртаў па-ранейшаму няма разуменьня, які рэальны памер стратаў панясе Беларусь ад паставак няякаснай расейскай нафты.
«Каб адэкватна ацаніць страты, трэба паглыбіцца ў тэхналягічная аспэкты, якія „Белнафтахім“ пакуль што не раскрывае, і ня факт, што раскрые, — падкрэсьлівае Алесь Герасіменка. — Зразумела, што кепская сыравіна будзе пагаршаць вытворчы працэс, але неабходна мець раскладку: як гэта паўплывала на перапрацоўку, на выхад нафтапрадуктаў, на іх якасьць, кошт і г.д. Пакуль лічбы ніхто не называе, адпаведна, і ацаніць страты ў дэталях немагчыма».
Раней Расея адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі. Акрамя таго, беларускі бок настойваў, што нафтаправод «Дружба» мае патрэбу ў рамонце. Тады кіраўніцтва расейскай кампаніі «Транснефть» адказала, што стан абсталяваньня здавальняючы і не патрабуе аварыйнага спыненьня.
Але некаторыя аналітыкі прычыны абвастрэньня нафтавых адносінаў зьвязваюць зь нядаўнім канфліктам на харчовым фронце. На мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з эканамічным блёкам ураду рэзка раскрытыкаваў Маскву за чарговы наступ на беларускую прадукцыю.
На ягонае перакананьне, Расея наўмысна закрывае рынак, каб не дапусьціць моцнага канкурэнта, і назваў гэта «санкцыямі». Ён заявіў: транзытныя нафтаправоды будуць закрывацца на рамонт тады, калі гэта спатрэбіцца — нягледзячы на неабходнасьць прапампоўваньня расейскай нафты ў Эўразьвяз.