Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мазырскі НПЗ: Расейская нафта вывела са строю дарагое абсталяваньне


Мазырскі НПЗ, архіўнае фота
Мазырскі НПЗ, архіўнае фота

Няякасная расейская нафта прывяла да выхаду са строю дарагога абсталяваньня на Мазырскім НПЗ, паведамілі БелТА на прадпрыемстве.

«На працягу апошніх некалькіх дзён Мазырскі НПЗ перапрацоўвае нафту гатунку Urals з высокай колькасьцю хлёрарганікі, якая мае падвышаную каразійную актыўнасьць. Дрэнная якасьць сыравіны, якая перапрацоўваецца, адбілася на рабоце абсталяваньня», — адзначылі на прадпрыемстве.

20 красавіка на Мазырскім НПЗ выявілі пропускі цеплаабменных трубак паветранага халадзільніка ХК-105. Трубкі дэмантавалі і пачалі рамантаваць. Папярэдняе абсьледаваньне адмысловай камісіі выявіла іх каразійнае разбурэньне.

На заводзе падкрэсьлілі, што, нягледзячы на праблемы, Мазырскі НПЗ «па-ранейшаму выпускае таварную прадукцыю, якая адпавядае міжнародным стандартам якасьці».

21 красавіка беларускі канцэрн «Белнафтахім» заявіў пра часовае абмежаваньне экспартных паставак нафтапрадуктаў у сувязі з пагаршэнньем якасьці расейскай сыравіны.

Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Менск захацеў павысіць тарыф на прапампоўваньне нафты па сваёй тэрыторыі на 23,1%. Усьлед за абмежаваньнямі, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі, Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу.

19 красавіка канцэрн «Белнафтахім» заявіў пра «рэзкае пагаршэньне» якасьці расейскага гатунку нафты Urals, якая паступае транзытам па нафтаправодзе «Дружба», што, на думку «Белнафтахіму», пагражае шкодай для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў.

20 красавіка ў «Белнафтахіме» паведамлялі, што будуць дамагацца ад расейскай «Транснефти» кампэнсацый. Аднак называць дакладную суму шкоды старшыня канцэрну «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў ня стаў, паколькі яе «складана падлічыць»: наступствы могуць адбыцца не адразу, а праявіцца з часам. «Гэта як мінімум дзясяткі мільёнаў даляраў, шкода можа вылічацца многімі сотнямі мільёнаў даляраў», — казаў Рыбакоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG