Канцэрн «Белнафтахім» прыняў рашэньне часова абмежаваць экспартныя пастаўкі нафтапрадуктаў, заявіў 21 красавіка намесьнік старшыні канцэрну Ўладзімер Сізоў на пасяджэньні апэратыўнага штабу па кантролі за сытуацыяй па пастаўках нафты, паведамляе БЕЛТА.
«З улікам правядзеньня пасяўной кампаніі, наяўных рызык па перапрацоўцы сыравіны з пагаршэньнем якасьці намі прынятае рашэньне аб часовым абмежаваньні паставак нафтапрадуктаў па экспартных напрамках», — паведаміў Уладзімер Сізоў.
Намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Ляшэнка падкрэсьліў, што сытуацыя «пад кантролем» і, паводле інфармацыі расейскага боку, «павінна паляпшацца штосутачна».
У пасяджэньні апэратыўнага штабу на чале з намесьнікам прэм’ер-міністра Ігарам Ляшэнкам прынялі ўдзел прадстаўнікі канцэрну «Белнафтахім», Беларускай нафтавай кампаніі, НПЗ і ААТ «Гомельтранснафта Дружба».
23 красавіка каманда «Белнафтахіму» правядзе перамовы з «Транснефтью», піша БЕЛТА. У межах сустрэчы абмяркуюць сытуацыю, якая склалася, а таксама прасочаць за выкананьнем дамоўленасьцяў. У прыватнасьці, расейская кампанія павінна будзе адпампаваць нафту з павышаным утрыманьнем хларыду і падмяшаць больш якасныя вуглевадароды.
Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Менск захацеў павысіць тарыф на прапампоўваньне нафты па сваёй тэрыторыі на 23,1%. Усьлед за абмежаваньнямі, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі, Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу.
19 красавіка канцэрн «Белнафтахім» заявіў пра «рэзкае пагаршэньне» якасьці расейскага гатунку нафты Urals, які паступае транзытам па нафтаправодзе «Дружба», што на думку «Белнафтахіму», пагражае шкодай для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў.
20 красавіка ў «Белнафтахіме» паведамлялі, што будуць дамагацца ад расейскай «Транснефти» кампэнсацый. Аднак называць дакладную суму шкоды старшыня канцэрну «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў ня стаў, паколькі яе «складана падлічыць»: наступствы могуць наступіць не адразу, а праявіцца з часам. «Гэта як мінімум дзясяткі мільёнаў даляраў, шкода можа вылічацца многімі сотнямі мільёнаў даляраў», — казаў Рыбакоў.