І нават ангельскамоўных шыльдаў у Менску больш. Карэспандэнт Свабоды падлічыў шыльды на розных мовах на сталічным праспэкце Незалежнасьці ад парку Чалюскінцаў да Кастрычніцкай плошчы.
Абараніць расейскую мову ў Беларусі папрасіў расейскі міністар культуры Ўладзімір Мядзінскі, бо яна нібыта зьнікае з шыльдаў.
«У апошні час у СМІ ўсё часьцей зьяўляецца інфармацыя аб тым, што расейская мова зьнікае з шыльдаў, на спартовых мерапрыемствах шыльды на ангельскай і беларускай», — заявіў Уладзімір Мядзінскі.
Глядзім, ці сапраўды зьнікае.
Беларуская мова — на шыльдах дзяржаўных устаноў, расейская — на прыватных
Мы прайшлі па праспэкце Незалежнасьці ў Менску ад парку Чалюскінцаў да Кастрычніцкай плошчы і падлічылі на гэтым адрэзку ўсе шыльды на розных мовах. Да ўвагі ня бралі рэклямныя шчыты (білборды), шыльды пра гісторыка-культурную каштоўнасьць будынкаў і шыльды з нумарамі дамоў. У лік пайшлі кавярні, крамы, аптэкі, шапікі.
Шыльдаў на расейскай мове мы налічылі 135, на беларускай утрая меней — 45, на ангельскай — 49. Найменш аказалася дзьвюхмоўных шыльдаў (па-расейску і па-беларуску) — усяго 7.
Беларуская мова найчасьцей сустракаецца на будынках дзяржаўных устаноў: унівэрсытэты, дзяржаўныя прадпрыемствы (Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт, Белсаюздрук). Расейская мова — збольшага на прыватных кавярнях і крамах. Па-ангельску названыя вядомыя брэнды.
Беларускамоўныя шыльды на прыватных установах трапляюцца зрэдку, найчасьцей гэта назвы кавярняў.