Гомельскі абласны суд адмяніў рашэньне суду Буда-Кашалёўскага раёну і пастанову аб высылцы зь Беларусі 40-гадовага ўкраінца Сяргея Працэнкі.
Рашэньне вынесла судзьдзя Гомельскага абласнога суду Сьняжана Ягорава.
Сяргей Працэнка падзякаваў журналістам і праваабаронцам. У першую чаргу ён патэлефанаваў жонцы і папрасіў «рашчыніць цеста на пірог». «Пячы вялікі, бо трэба і Леаніда Леанідавіча пачаставаць, і Андрэя», — сказаў ён.
«Гэта непрапарцыйнае ўмяшаньне ў прыватнае жыцьцё»
У судовых спрэчках праваабаронца Андрэй Стрыжак нагадаў, што адміністрацыйнае правапарушэньне пасьля году лічыцца ануляваным. Разам з тым прадстаўнікі Буда-Кашалёўскага РАУС, прымаючы рашэньне пра высылку Сяргея, спасылаліся на правапарушэньні, якія зрабіў украінец у 2011ці 2016 годзе.
«Гэтыя правапарушэньні ня могуць прымацца ў разьлік як прававыя падставы для высылкі, гэта супярэчыць Грамадзянскаму кодэксу», — адзначыў праваабаронца.
Ён нагадаў суду, што ў Гомельскай вобласьці за апошнія два месяцы трое замежных грамадзян сталі ахвярай гэтай сыстэмы — высылкі за дробныя правапарушэньні. Яны скончылі жыцьцё самагубствам.
«Мне не хацелася б, каб такая статыстыка павялічвалася. Суд сёньня можа пакласьці канец такому падыходу з боку міліцыі. Безумоўна, закон адзіны і для беларусаў, і для замежных грамадзян. Але ў гэтым выпадку мы маем справу зь непрапарцыйным умяшаньнем у прыватнае жыцьцё», — дадаў Андрэй Стрыжак.
«Куфаль піва і жыцьцё чалавека — несувымерныя рэчы»
Праваабаронца Леанід Судаленка акцэнтаваў увагу, што ў выпадку з замежнымі грамадзянамі нават за разавае зьяўленьне ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане — вобразна кажучы, за куфаль піва — іх могуць выслаць.
«Для мужчыны ў 40-50 гадоў высылка — гэта разрыў сацыяльных, сямейных сувязяў, гэта асабістая трагедыя. Хто б выйграў ад высылкі Сяргея? Ніхто. Спадзяёмся, што практыка прымяненьня права будзе зьмяняцца, бо бачым несувымернасьць пакараньня: куфаль піва і жыцьцё чалавека — несувымерныя рэчы», — дадаў Леанід Судаленка.
«Чалавек для дзяржавы — ня тая мадэль, якой хочуць беларусы»
Андрэй Стрыжак лічыць, што сёньняшняя перамога ў судзе адбылася дзякуючы ўзаемадзеяньню незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасьці, праваабарончага цэнтру «Вясна» і прафсаюзу РЭП. «Вялікая ўдача, што нам удалося дабіцца гэтага рашэньня менавіта такім чынам — публічна, адкрыта і з выкарыстаньнем шырокага ахопу людзей, якія падтрымлівалі Сяргея. Працэс Працэнкі стаў яшчэ адной кропкай, калі беларускія грамадзяне ў чарговы раз кажуць, што Беларусь павінна быць справядлівай дзяржавай, у якой прытрымліваюцца правоў чалавека, ёсьць прэзумпцыя невінаватасьці і прэзумпцыя даверу.
Чалавек для дзяржавы — не тая мадэль, якой хочуць беларусы», — упэўнены праваабаронца.
Узгадваючы траіх расейцаў, якія скончылі жыцьцё самагубствам, Андрэй Стрыжак папрасіў тых, хто трапляе ў падобныя сытуацыі, тых, хто адчувае, што няма выйсьця — не рабіць апошні крок.
«Безвыходных сытуацый не бывае, і справа Працэнкі гэта паказвае», — зазначыў праваабаронца.
Сяргей Працэнка дзесяць гадоў жыве ў Беларусі. Ён ажаніўся з жыхаркай Буда-Кашалёва. Сям’я выхоўвае траіх дзяцей, якім два, чатыры і дзевяць гадоў.
У кастрычніку 2018 году Буда-Кашалёўскі РАУС прыняў рашэньне аб высылцы Сяргея зь Беларусі на тры гады — за адміністрацыйнае правапарушэньне. Мужчыну нападпітку на вуліцы затрымала міліцыя. Гэта і стала падставай для ягонай высылкі.
Рашэньне аб «высылцы шляхам добраахвотнага выезду з Рэспублікі Беларусь у інтарэсах грамадзкай бясьпекі» прыняў Буда-Кашалёўскі РАУС. Скарга ў абласную міліцыю не прынесла плёну. Суд Буда-Кашалёўскага раёну пакінуў рашэньне міліцыі ў сіле.
Сяргей Працэнка зьвярнуўся па юрыдычную дапамогу ў гомельскае прадстаўніцтва праваабарончага цэнтру «Вясна». Супольна зь незалежным прафсаюзам РЭП праваабаронцы падрыхтавалі скаргу ў Гомельскі абласны суд. Украінец уступіў у прафсаюз РЭП.
Скаргу ў Гомельскім абласным судзе ў апэляцыйным парадку разглядала калегія.
За апошнія 2 месяцы стала вядома прынамсі пра тры выпадкі самагубства грамадзян Расеі, зьвязаныя, як мяркуецца, з ануляваньнем віду на жыхарства і пагрозай высылкі зь Беларусі.
35-гадовы Сяргей Барысаў з Лоева, які пражыў у Беларусі 17 гадоў і атрымаў рашэньне аб высылцы на 4 гады, пакінуў запіску: «Я ня ведаю, куды ехаць. Для іх гэта проста, а для мяне — у нікуды». У Барысава засталіся брат-інвалід, маці-пэнсіянэрка.
У Буда-Кашалёве ў бацькі шасьцярых дзяцей Віталя анулявалі від на жыхарства і пагражалі выслаць на 10 гадоў. Сяргея звольнілі зь мясакамбінату, ён ня меў 100 рублёў, каб аплаціць афармленьне часовага дазволу на пражываньне. Ад безвыходнасьці Віталь учыніў самагубства.
31 сьнежня 2018 году добраахвотна скончыў жыцьцё 68-гадовы жыхар Брагінскага раёну Мікалай Дземідзенка. Раней Мікалай жыў у Карэліі, меў яшчэ савецкі пашпарт, ніяк ня мог зрабіць новы. У яго былі штрафы за адміністрацыйныя правапарушэньні — зьяўленьне ў нецьвярозым стане ў грамадзкім месцы. Ён злоўжываў алькаголем, таму ня мог даць рады аформіць дакумэнты.