13-гадовая выхаванка магілёўскай студыі анімацыйных фільмаў «Аловак» Вераніка Радзівонава робіць плястылінавыя мульцікі пра славутыя мясьціны Беларусі. Юную мультыплікатарку захапляюць замкі. Яна ўзялася стварыць цыкль мультфільмаў пра іх. Першы прысьвяціла Мірскаму замку. Цяпер працуе над мультфільмам пра Нясьвіскі.
Гісторыя посьпеху юнай мультыплікатаркі
Сёлета на міжнародным фэстывалі анімацыйных фільмаў «Анімаёўка» ў Магілёве Веранічын мультфільм «Легенда пра Мірскі замак» журы конкурсу «Дзіцячая анімацыйная творчасьць» назвала «Самым пазнавальным мультыплікацыйным фільмам».
Кіраўніцтва замкавага комплексу «Мірскі замак» запрасіла Вераніку зь сям’ёй і кіраўніцай студыі анімацыйных фільмаў «Аловак» Анастасіяй Клачковай на экскурсію.
У музэі кажуць, што самі зьбіраліся зрабіць фільм пра замак для дзяцей, але Вераніка іх апярэдзіла.
«Адна рэч — паказаць дзецям дакумэнтальны фільм, зроблены дарослымі. А другая — калі дзеці паглядзяць стужку, зьнятую іх аднагодкай», — кажа намесьніца дырэктара музэйнага комплексу Вольга Навіцкая.
У 2017 годзе на «Анімаёўцы» Веранічыну стужку «Легенда пра Блакітную крыніцу» прызналі «Найлепшым беларускім анімацыйным фільмам». За перамогі ў намінацыі стваральніца мультфільмаў атрымала «Малы крыштальны аловак» і дыплём.
У 2015 годзе на той жа «Анімаёўцы» працу юнай мультыплікатаркі «Дрэвы» адзначылі дыплёмам «За гарманічнае спалучэньне творчасьці».
Робіць мультфільмы ўжо пяць гадоў
Для Веранікі інтэрвію Свабодзе было першае ў жыцьці. Суняць хваляваньне дапамагаў творчы гул выхаванцаў анімацыйнай студыі. На заняткі ў кінатэатар «Космас» прыйшлі зь дзясятак юных мультыплікатараў.
Вераніка — вучаніца 6 клясы 45-й магілёўскай школы. Студыю анімацыйных фільмаў наведвае шосты год. З чатырохгадовага веку лепіць фігуркі з плястыліну.
А яшчэ Вераніка вывучае ангельскую мову ды цікавіцца гісторыяй. Яна сталая ўдзельніца школьных алімпіядаў.
Маці юнай мультыплікатаркі: «У студыю аддалі, каб Вераніка самарэалізавалася»
У студыю анімацыйных фільмаў шасьцігадовую Вераніку прывялі бацькі. Яны шукалі, як дачцэ напоўніцу рэалізаваць сваё захапленьне. Маці кажа, тады яе плястылінавымі фігуркамі была застаўленая ўся кватэра.
«Пашчасьціла трапіць на „Анімаёўку“, — кажа пра шлях Веранікі ў мультыплікацыю яе маці Тацяна. — На ёй пабачылі ня толькі маляваныя мультфільмы, але і з плястыліну. Зразумелі, што вырабы, якія пыляцца дома, маглі б стаць пэрсанажамі мульцікаў. Даведаліся, што ў Магілёве ёсьць дзіцячая студыя анімацыйных фільмаў. Туды яе і прывялі. Вераніцы спадабалася».
Тацяна ўявіць не магла, што майстроўня стане для дачкі другім домам.
«Анімацыя настолькі захапіла, што нават даводзілася іншым разам адпрошваць яе з урокаў, каб даляпіць які мульцік», — з усьмешкай заўважае Тацяна.
Першы «Крыштальны аловак» стаў для бацькоў неспадзяванкай. Другой перамозе бацькі зьдзівіліся: «Падумалі, ці не зашмат узнагарод у дачкі».
Цяпер «Крыштальныя алоўкі» стаяць на стэляжы ў студыі анімацыйных фільмаў разам з узнагародамі іншых выхаванцаў.
Кіраўніца студыі анімацыйных фільмаў: «Анімацыі вучуся разам зь дзецьмі»
Студыю «Аловак» заснавалі 1 лістапада 2012 году. Дзеіць яна пры аб’яднаньні «Кінавідэапракат». Зьбіраецца дзятва ў магілёўскім кінатэатры «Космас».
Апошнія тры гады кіруе студыяй Анастасія Клачкова. Яна выкладчыца «Асноў лягапэдыі» ў сацыяльна-гуманітарным каледжы. Пэдагог прызнаецца, што першы год працы ў майстроўні вучылася рамяству мультыплікацыі разам з выхаванцамі.
Па яе словах, у майстроўню прыходзяць дзеці рознага веку. Стала заняткі наведваюць два дзясяткі выхаванцаў. Стужкі юных мультыплікатараў з Магілёва адзначаныя дзясяткамі грамат і дыплёмаў.
Выпускнік студыі Арцём Мазько сёлета паступіў у Беларускую акадэмію мастацтваў. Будзе вучыцца «Рэжысуры анімацыйных дзеяньняў». На сёлетняй «Анімаёўцы» беларускамоўная стужка Арцёма «Ваўкалак» таксама была сярод пераможцаў конкурсу «Дзіцячая анімацыйная творчасьць».
«Хачу пазнаёміць сьвет зь Беларусьсю»
Інтарэс Веранікі да легендаў — вынік захапленьня гісторыяй.
«У беларускіх легендах, — кажа юная мультыплікатарка, — прыгажосьць нашай краіны, і я хачу сваімі мультфільмамі пазнаёміць зь ёй увесь сьвет».
У 11 гадоў Вераніка зьняла мульцік пра Блакітную крыніцу — помнік прыроды пад Слаўгарадам. Гісторыя суправаджаецца кампазыцыяй «Шлях» гурту «Стары Ольса». Яе падабрала для мультфільма кіраўніца студыі Анастасія Клачкова.
«Калі мы з бацькамі прыехалі да яе і выйшлі пагрэць ногі, то на камені прачыталі легенду пра крыніцу. Мне яна спадабалася, і бацькі падказалі зрабіць мульцік», — кажа Вераніка.
Мірскага замка дзяўчынка сама ня бачыла. Мультфільм рабіла паводле ілюстрацыяў. Гісторыю пра замак пачула ў школе — зацікавілася, і настаўніца музыкі падказала ідэю зрабіць мультфільм пра яго. Над 4-хвіліннай стужкай Вераніка разам з кіраўніцай студыі працавала год.
Цяпер дзяўчынка стварае мультфільм пра Нясьвіскі замак. На чарзе — Гальшанскі.
«Замкі прыцягальныя для мяне тым, што іх узводзілі знакамітыя дойліды таго часу, у іх укладзена велізарная праца людзей, — кажа Вераніка. — Замкі акунаюць у казку, сьвет дзівосаў і чараўніцтва».
«Хачу зрабіць мульцік на беларускай мове»
Веранічыны мульцікі на расейскай мове. Дзяўчынка кажа, што хоча, каб яе пэрсанажы загаварылі па-беларуску. Аднак прызнаецца, што для гэтага ёй пакуль не хапае ведаў.
«Падвучыўшы беларускую, паспрабую адразу рабіць беларускія мульцікі, — кажа юная аніматарка. Але тут жа дадае: «Непакоюся, аднак, што іх могуць не зразумець дзеці».
Пра тое, што мультфільмы па-беларуску здымаюць, Вераніка ведае. Адзін зь яе ўлюбёных — «Піліпка». Яго пабачыла на «Анімаёўцы».
На вуліцы мяне не пазнаюць
Пра Веранічыны посьпехі ведаюць у яе школе. Юная мультыплікатарка кажа, што аднаклясьнікі, паглядзеўшы яе мультфільмы, захацелі яшчэ.
Вераніка заўважае, што пасьля перамогі на «Анімаёўцы» яна ня стала ў Магілёве вядомай асобай. «На вуліцы мяне не пазнаюць», — з усьмешкай кажа яна.
На пытаньне, што трэба, каб стаць рэжысэрам-мультыплікатарам, Вераніка адказвае: «Умець фантазіраваць, каб прыдумляць ідэі для мультфільмаў і іх герояў, а таксама маляваць ці ляпіць, бо бяз гэтага ня зробіш мультыплікацыйнай стужкі».