Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэжысэрка «Будзьма беларусамі» Юлія Рудзіцкая пра кар’еру ў ЗША і беларускую традыцыю ў анімацыі


Аніматар Юлія Рудзіцкая. На кінафэстывалі на Манхэтане Soho International Film Festival. Фота з прыватнага архіву.
Аніматар Юлія Рудзіцкая. На кінафэстывалі на Манхэтане Soho International Film Festival. Фота з прыватнага архіву.

Анімацыйны фільм Юліі Рудзіцкай «І месяц спыніўся» (And The Moon Stands Still) атрымаў галоўны прыз «Best Animated Film» на фэстывалі ў Санта Круз у Каліфорніі, галоўны прыз за анімацыю на кінафэстывалі «Лістапад», быў прызнаны найлепшым на фэстывалі «Анімаёўка-2017» у Магілёве, меў узнагароды на міжнародных фэстывалях у Расеі, Дамінікане, Партугаліі і іншых краінах.

У 2011 годзе кароткі фільм Юліі «Будзьма беларусамі» ў 2011 годзе стаў сапраўдным гітом у інтэрнэце.

Юлія Рудзіцкая нарадзілася ў Менску, цяпер жыве ў Нью-Ёрку, працуе рэжысэрам, аніматарам, ілюстратарам і моўшн-дызайнэрам у розных праектах для ТБ, брэндаў, сацыяльнай рэклямы, кліпах з фокусам на аўтарскае анімацыйнае кіно. 35-гадовая Юлія Рудзіцкая — ляўрэатка шматлікіх міжнародных кіна- і анімацыйных фэстываляў. Яна свабодна гаворыць па-беларуску і працягвае здымаць у Амэрыцы беларускае па духу кіно.

— Юля, найперш віншую са шматлікімі перамогамі вашага фільма «And The Moon Stands Still» на прэстыжных міжнародных фэстывалях. Як бы вы вызначылі, у чым ваш фільм пра суперпоўню — беларускі, а ў чым амэрыканскі?

— Я пачынала гэты фільм рабіць у Беларусі, а скончыла ўжо ў ЗША. Але гэта творчая калябарацыя трох краінаў — Беларусі, ЗША і Нямеччыны. Я пачынала працаваць з прадусарам зь Нямеччыны Дэвідам Лінднэрам Лепорда. Ён прапанаваў мне зрабіць эпізод дакумэнтальнага фільма. Гэты праект ня зьдзейсьніўся, але я была ўжо ўся ў матэрыяле, было шмат творчых напрацовак, і захацелася зрабіць асобны фільм. Я працягнула працу, і калі фільм быў амаль скончаны, паказала яго прадусару. Мы зрабілі дызайн і мікс гуку ў Акадэміі кіно і тэлебачаньня ў Мюнхэне. Да таго ж у яго ўжо былі правы на экранізацыю «Ведзьмака» Талстога.

На кінафэстывалі Washington West Film Festival у Вашынгтоне. Фота з прыватнага архіву Юліі Рудзіцкай.
На кінафэстывалі Washington West Film Festival у Вашынгтоне. Фота з прыватнага архіву Юліі Рудзіцкай.

Што да амэрыканскага аспэкту — у фільме музыка амэрыканскага кампазытара Ізі Гліксбэрга. Калісьці ён убачыў мой анімацыйны кліп «Тры Янгалы» на музыку «Троіцы», які яму вельмі спадабаўся.

Калі я шукала кампазытара для свайго фільма, то зьвярнулася да яго, і ў нас атрымалася ўдалая творчая калябарцыя.

— А ў чым гэты фільм беларускі па духу?

— Гэты фільм шмат паказвалі на розных фэстывалях у розных краінах, і ў Амэрыцы, і ў Эўропе, і ў Азіі. Мне казалі, што ў ім вельмі адчуваюцца моцны ўсходнеэўрапейскі ўплыў і матывы. Асабліва гэта бачаць тыя, хто знаёмы з усходнеэўрапейскай анімацыяй. У фільме ёсьць эпізод пра паводку. Я вельмі шмат ідэй, фактуры ўзяла з таго, што бачыла падчас вялікай паводкі ў Беларусі, і як схаваныя сымбалі і дэталі ўключыла іх у фільм. Гэта па духу вельмі беларускі фільм, а не амэрыканскі ў клясычным разуменьні амэрыканскай кінэматаграфічнай традыцыі.

Для мяне было дзіўна і адначасна прыемна, што ў ЗША фільм успрынялі і зразумелі. І ня толькі ў ЗША. Зразумелі яго ў Кітаі і ў Тайляндзе, дзе зусім розныя традыцыі і культура. Гэта аўтарскае кіно. Але ж аўтарская, экспэрымэнтальная анімацыя і ў ЗША адрозьніваецца кардынальна ад мэйнстрыму і камэрцыйнай анімацыі.

Аніматар Юлія Рудзіцкая. На кінафэстывалі Heartland International Film Festival у Індыянапалісе. Фота з прыватнага архіву.
Аніматар Юлія Рудзіцкая. На кінафэстывалі Heartland International Film Festival у Індыянапалісе. Фота з прыватнага архіву.

— Вы нарадзіліся і вучыліся ў Менску. Як так атрымалася, што пераехалі ў ЗША? Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна пра ваш творчы і жыцьцёвы шлях?

— Я ніколі ня думала, што апынуся ў ЗША. Калі я вяла курс анімацыі ў школе-студыі анімацыйнай рэжысуры ў Маскве, мяне запрасілі даць майстар-клясу і ўвайсьці ў журы на фэстывалі ў Краснаярску. І там я пазнаёмілася са сваім будучым мужам, які прыехаў прадстаўляць праграму рэклямы і дызайну зь Нью-Ёрку. Ня ведаю, было гэта выпадкова ці не... У выніку я пераехала ў ЗША.

Я малявала ўсё жыцьцё. У Менску зь пяці гадоў займалася ў студыі Рышарда Мая. Вучылася ў ЭГУ на факультэце дызайну, калі ЭГУ ў Беларусі закрылі, нас перавялі ў БДУ на дызайн і візуальныя камунікацыі. Я заўсёды хацела займацца анімацыяй, гэта была мая мара зь дзяцінства. Паступова я перайшла да моўшн-дызайну і зразумела, што я хачу працаваць менавіта ў анімацыі і што хачу гэтаму вучыцца. Таму другую сваю адукацыю атрымлівала ў Маскве у школе-студыі анімацыйнай рэжысуры ШАР. Гэта як вышэйшыя рэжысэрскія курсы, але для аніматараў. Потым вучылася шмат дзе — у Францыі ў знакамітай школе анімацыі, у Італіі, трошкі ў Грэцыі, бо мяне як пераможцу фэстываляў запрашалі і давалі магчымасьць прайсьці нейкія курсы. Я вучуся кожны дзень, бо мая прафэсія спалучае творчы і тэхнічны аспэкт, які імкліва разьвіваецца...

— Вы кажаце, што зь пяці гадоў пачалі маляваць. Ці ў сямʼі хто маляваў? Гэта было вашае рашэньне ці бацькоў?

— Зразумела, паспрыяла сямʼя. У сямʼі няма мастакоў, але ж бацькі вельмі рана заўважылі, што я вельмі люблю маляваць, і падсоўвалі мне алоўкі. Мама расказала прыкольны выпадак. Па тэлебачаньні ішоў сэрыял пра Паганіні, мне было два ці тры гады, і калі я пабачыла на сьцяне іржавы падцёк, то паказала на яго бацькам і сказала, што гэта «скрыпач».

Яны адразу зразумелі, што ў мяне ёсьць візуальнае ўспрыняцьцё. Я і музыкай займалася. Музыка і жывапіс ішлі разам, але жывапіс перамог. А цяпер і тое, і тое мне вельмі дапамагае. Дзякую бацькам, што было цярпеньне па тры-чатыры разы на тыдзень мяне вазіць на заняткі, на якіх я займалася часам да шасьці гадзінаў. Бацькі жывуць у Менску, я ня так часта прыяжджаю да іх, але праз інтэрнэт падтрымліваю сувязь амаль кожны дзень.

— У Беларусі традыцыйна лічылася даволі моцнай школа анімацыі. Ці вы ў сваёй творчасьці абапіраецеся на беларускія традыцыі? З чым іх спалучаеце?

— Я вучылася ў Міхаіла Тумелі і ў Ірыны Кадзюковай, калі толькі пачынала займацца анімацыяй. Гэты былі мае настаўнікі, і я зь вялікай павагай стаўлюся да іх працы і наагул да беларускай анімацыйнай школы. Натуральна ці падсьвядома як носьбіт гэтай традыцыі я спалучаю яе элемэнты і сучасныя тэндэнцыі, якія імкліва разьвіваюцца ня толькі тэхнічна, але і стылістычна.

Калі ёсьць магчымасьць у нейкім праекце працягнуць, працытаваць, ужыць беларускую традыцыю, я яе ўжываю. Мне кажуць, што людзі гэта адчуваюць у маіх працах. Нядаўна мяне на фэстывалі ў Квэбэку спыталі, рымэйк якога беларускага фільму я б хацела зрабіць, і я ўспомніла адзін з маіх самых любімых мультыкаў у дзяцінстве — «Сьветлячок і расінка» Беларусьфільму паводле верша Максіма Танка. Я глядзела яго напэўна болей за сто разоў. Гэта ўсё унутры сядзіць і, натуральна, уплывае на тое, што я раблю цяпер. Нядаўна была ў ЗША калябарцыя зь яшчэ адной беларускай рэжысэркай зь Сіэтлу Воляй Дземкай: дакумэнтальны фільм «Песьні старой Эўропы — старажытныя беларускія народныя песьні», у якім я рабіла анімацыйны эпізод — легенду пра Бога вясны Юрʼю, і дызайн тытраў.

— У вельмі папулярным роліку для кампаніі «Будзьма беларусамі», вы змаглі распавесьці пра 1000-гадовую гісторыю Беларусі за 5 хвілін. Цяпер асабліва ў сеціве папулярныя кароткія, ёмістыя формы. Для вас як для творцы кароткая ці даўгая форма больш цікавая?

— Мне цікавая і кароткая, і даўгая форма. Гэта зусім розныя рэчы. Гісторыя, якая будзе працаваць добра ў кароткай форме, не падыходзіць да даўгой. Як рэжысэр я працавала больш на кароткіх мэтрах. Як рэжысэр эпізоду я працавала на японскім поўнамэтражным фільме. Спадзяюся, што атрымаецца калісьці паставіць і ўласны поўнамэтражны фільм. Цяпер усе прывыклі да велізарнага патоку інфармацыі адусюль, таму ўсё павінна быць вельмі кароткае, экстрэмальна кароткае. Таму для інтэрнэту чым карацей, тым лепей. Гэта творчы выклік для аўтара, каб адсячы ўсё лішняе і празь мінімальныя сродкі распавесьці самае галоўнае, але каб было цікава гледачу. Мне як аўтару цікава з гэтым працаваць.

— Калі б іначай склаўся лёс, каб вы ня зьехалі ў ЗША, ці змаглі б гэтак жа паўнавартасна разьвівацца як цяпер?

Юлія Рудзіцкая ў Нью-Ёрку. Фота з прыватнага архіву.
Юлія Рудзіцкая ў Нью-Ёрку. Фота з прыватнага архіву.

— Мне як творцы не хапае часу і было б лепей, каб было болей за 24 гадзіны ў сутках. Гэта мая асноўная перашкода. Даводзілася шмат працаваць у Беларусі, даводзіцца шмат працаваць тут. Заўсёды даводзіцца балянсаваць паміж аўтарскімі задумкамі і камэрцыйнымі праектамі. Ні ў ЗША, ні ў Беларусі няма вялікай падтрымкі аўтарскай анімацыі, і таму трэба неяк зарабляць на жыцьцё. Я працую часта і вечарамі, і на выходных, але мне цікава тое, што я раблю. Таму ня бачу вялікай розьніцы ў ЗША і Беларусі ў гэтым пляне.

— Чаго зь Беларусі вам не хапае ў ЗША? І што для вас у Беларусі ўжо непрымальнае ці некамфортнае пасьля жыцьця ў ЗША?

— У ЗША найперш мне не хапае бацькоў і сяброў. Часам хочацца пагуляць па знаёмых вуліцах і падсілкавацца энэргіяй дома. Таму кожны раз, калі прыяжджаю на радзіму, колькі магу праводжу час з бацькамі і сябрамі, але і работа прыяжджае са мной, таму даводзіцца і працаваць. Чаго не хапае ў Беларусі? Хуткага інтэрнэту. Я ўжо прызвычаілася ў ЗША, што ўсё хутка, бо гэта мне патрэбна для працы. Але ж я ня так даўно ў ЗША, яшчэ не пасьпела амэрыканізавацца, каб гаварыць пра тое, што мне штосьці не камфортна ў Беларусі.

— Якая цяпер ваша галоўная амбіцыя? Як вы бачыце сваю будучыню?

— Будучыня — рэч непрадказальная, але ж творчых плянаў у мяне вельмі шмат. Ёсьць некалькі ідэй для беларускіх анімацыйных фільмаў, як дзіцячых, так і дарослых, якія, спадзяюся, атрымаецца рэалізаваць. Можа, у хуткім часе пачну распрацоўку поўнамэтражнага фільма. Бліжэйшым часам еду на фэстывалі са сваім фільмам у Латвію, Эстонію, Нямеччыну, Італію і Францыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG