Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 17 лістапада: актывіста з Нароўлі абвінававацілі ў «здрадзе дзяржаве»


Менскі абласны суд, архіўнае фота
Менскі абласны суд, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Паводле палітычнага артыкулу пакаралі беларуса, які да суду жыў пад Масквой

3 гады зьняволеньня за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» — такі вырак вынес суд у Менску беларускаму прадпрымальніку з Расеі.

Прадпрымальніка Аляксея Прохарчыка, які жыў і працаваў у падмаскоўным Краснагорску, затрымалі ў Беларусі ў лістападзе 2024 году. Амаль праз год, у верасьні 2025 году ў менскім гарадзкім судзе Прохарчыка прызналі вінаватым паводле першай і другой частак артыкулу 361-4 КК за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» і асудзілі на 3 гады зьняволеньня, паведамляе «Вясна». Паводле праваабаронцаў, гэтак прадпрымальніка пакаралі за дапамогу прадуктамі пацярпелым ад рэпрэсіяў праз ініцыятыву INeedHelpBy. Палітвязень адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 2 у Бабруйску.

Аляксею Прохарчыку 37 гадоў, ён родам з Менску, у Расеі меў бізнэс, жыў з сям’ёй у Падмаскоўі паводле віду на жыхарства. Фірма, якую Прохарчык стварыў і ўзначальваў, займалася электрамантажнымі работамі і будаўніцтвам, гадавы абарот фірмы складаў каля 4 мільёнаў даляраў. Паводле зьвестак «Нашай нівы» прадпрымальніка арыштавалі пасьля таго, як ён прыехаў на пахаваньне бацькі.

Актывіста з Нароўлі абвінававацілі ў «здрадзе дзяржаве»

Грамадзкі актывіст з Нароўлі Мікола Віткоўскі зьнік некалькі месяцаў таму. Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што супрацоўнікі КДБ затрымалі яго ў верасьні і цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА турмы № 4 у Магілёве. Яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве», піша «Вясна».

Мікола — грамадзкі актывіст, сябра партыі «Народная грамада». Раней яго шмат разоў затрымлівалі і арыштоўвалі паводле адміністрацыйных справаў. Што стала нагодай для завядзеньня супраць яго крымінальнай справы з абвінавачваньнямі ў «здрадзе дзяржаве» пакуль невядома.

13 лістапада праваабаронцы даведаліся, што ў турме № 4 ў Магілёве трымаюць актывіста з Калінкавічаў Аляксандра Елісеева. Яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» і «абразе Лукашэнкі».

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG