Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Літвы дапускае, што памежныя пераходы ў Беларусь адкрыюцца раней, чым плянавалася


Міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс
Міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс

Менск настойвае на палітычных перамовах зь літоўскім бокам і не пагаджаецца на адкрыцьцё эвакуацыйнага калідору для літоўскіх і іншых эўрапейскіх грузавікоў. Літва настойвае на тэхнічных перамовах, якія маюць прайсьці 18 лістапада.

Літоўскі міністар замежных справаў Кястуціс Будрыс заявіў, што Літва можа адкрыць два закрытыя памежныя пераходы зь Беларусьсю яшчэ да раней названай даты 30 лістапада.

«Я думаю, што мы маем кіравацца тымі ж прычынамі і парамэтрамі, празь якія былі прынятыя рашэньні, — запэўніў кіраўнік літоўскай дыпляматыі журналістаў у Сейме Літвы ў панядзелак. — Думаю, што гэта трэба разгледзець».

Кабінэт міністраў Літвы закрыў мяжу з Беларусьсю, з пэўнымі выняткамі, да 30 лістапада.

«Мы сочым за тым, што адбываецца ў небе і на зямлі, ці функцыянуем мы, ці не. Наша задача тут не палягае і ніколі не была ў тым, каб дасягнуць чагосьці да пэўнай даты або нейкіх яшчэ вышэйшых мэтаў. Ёсьць імкненьне спыніць гібрыдныя атакі супраць нас, каб рэжым зьмяніў свае паводзіны», — запэўніў Будрыс, якога цытуе Lrt.lt.

Пасьля таго як Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся рыхтаваць перамовы зь літоўскімі афіцыйнымі асобамі для нармалізацыі сытуацыі на мяжы, міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што, гаворачы аб перамовах, менскі рэжым, які забараняе літоўскім грузавікам перасякаць мяжу, уводзіць у зман. Паводле кіраўніка МЗС Літвы, мяжа можа быць адкрытая, калі Беларусь, якая не кантралюе запуск кантрабандысцкіх паветраных балёнаў у Літву, спыніць нагнятаньне сваіх дзеяньняў «да мяжы гарачых фазаў».

  • Урад Літвы прыняў рашэньне закрыць мяжу зь Беларусьсю на месяц, да 30 лістапада, зь некаторымі выняткамі.
  • Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
  • Ад 3 лістапада ўвогуле забаранілі рух па тэрыторыі Беларусі грузавікам, зарэгістраваным ува ўсіх краінах Эўразьвязу.
  • 10 лістапада на загад Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра ў содні. Паводле Лукашэнкі, фураў больш за 1100.
  • 17 лістапада два памежныя пераходы на мяжы зь Беларусьсю адкрыла Польшча.
  • Тэхнічныя перамовы аб вяртаньні літоўскіх грузавікоў зь Беларусі маюць прайсьці 18 лістапада.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG