На пэтыцыю за «Калыханку» па-беларуску, якую падпісалі больш за паўтары тысячы чалавек, прыйшоў афіцыйны адказ «Белтэлерадыёкампаніі». Большая яго частка падобная да адпіскі, аднак апошні сказ абяцае невялічкія зьмены.
У пэтыцыі зьвярталася ўвага на тое, што ў перадачы «Калыханка» на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-3» дэманструюцца расейскамоўныя мульфільмы, хоць сама перадача вядзецца па-беларуску і паказваецца на тэлеканале, які задумваўся як беларускамоўны.
Выходзіць, пісалі ў пэтыцыі, што перадача непрыдатная ні для беларускамоўных, ні для расейскамоўных дзяцей: дыктары размаўляюць на адной мове, пэрсанажы мультфільмаў — на другой.
БТ: Пытаньне па-за нашай кампэтэнцыяй, але папросім «Беларусьфільм» перакласьці іхныя мультфільмы
Генэральны прадусар «Белтэлерадыёкампаніі» Глеб Шульман у адказе на пэтыцыю спачатку згадвае, што ў Канстытуцыі прапісаныя дзьве дзяржаўныя мовы, што на БТ «ускладзеныя функцыі рэдакцыі сродкаў масавай інфармацыі», што паводле закону «Аб СМІ» не дапускаецца незаконнае абмежаваньне свабоды СМІ, што нельга ўмешвацца ў самастойнасьць гэтай рэдакцыі, што перадачы «Калыханка», «Дабраранак» і «Размаўляем па-беларуску» ствараюцца на беларускай мове, што пытаньне зь ліцэнзіяваньнем знаходзіцца па-за кампэтэнцыяй БТ, якая толькі закупляе правы на паказ праз замову Міністэрства культуры, якое і вызначае мову кіно і мультфільмаў.
За ўсім гэтым ідзе апошні сказ:
«Белтэлерадыёкампанія направіла запыт у Нацыянальную кінастудыю „Беларусьфільм“ з просьбай ажыцьцявіць дубляж існуючых мультыплікацыйных фільмаў і ўлічваць дзьве дзяржаўныя мовы пры стварэньні новых мультфільмаў».
Гэта дапаможа?
Хіба зусім крыху. У самім звароце адзначалася, што за месяц чэрвень толькі 1 мультфільм з 30 быў беларускай вытворчасьці (і той па-расейску). Астатнія — палова савецкія (па-расейску), палова эпізоды брытанскага мультсэрыялу (па-расейску).
Нават калі «Беларусьфільм» будзе перакладаць свае мультфільмы на беларускую мову, доля іхных мультфільмаў у «Калыханцы» мінімальная.
Незразумела, што значыць просьба «улічваць дзьве дзяржаўныя мовы пры стварэньні новых мультфільмаў» — само БТ, як відаць з адказу, ведае пра гэтыя дзьве дзяржаўныя мовы, ды расейская гучыць у абсалютную большасьць эфірнага часу.
Зварот, які тычыўся мовы «Калыханкі», не накіроўваўся ні падпісантамі, ні аўтарам адказу ў Міністэрства культуры, якое БТ называе адказным за выбар кантэнту для «Калыханкі».
На пэтыцыю за 50% эфіру дзяржаўнага ТВ па-беларуску пакуль не адказалі
Больш як 1300 подпісаў сабрала яшчэ адна пэтыцыя, запушчаная ў чэрвені: за тое, каб палова эфірнага часу на дзяржаўных тэлеканалах Беларусі была на беларускай мове.
Аўтары пэтыцыі згадваюць вельмі малую долю беларускай мовы на дзяржаўным ТБ і заяўляюць аб «дэпапулярызацыі» адной зь дзяржаўных моваў.
З моманту, як зварот адаслалі ў Міністэрства інфармацыі, прайшло 29 дзён, адказу пакуль няма. Адказ на пэтыцыю маюць даваць праз 15 каляндарных дзён — або, калі «патрабуецца дадатковы разгляд», праз 30.
Дзяржаве «дастаткова» беларускай мовы на ТВ — яе там амаль няма
Дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі пераважна расейскамоўныя. На «Беларусь-1» хіба ёсьць асобныя перадачы па-беларуску: 10- і 15-хвілінныя «Навіны рэгіёну», асобныя рубрыкі перадачы «Добрай раніцы, Беларусь», штодзённая віктарына «Мая Беларусь» на 2-5 хвілін, асобныя штотыднёвыя, штомесячныя і штоквартальныя перадачы па-беларуску. У «нумарной» сетцы БТ ёсьць таксама тэлеканал «Беларусь-3», пра які кіраўніцтва БТ казала, што беларускамоўныя перадачы на ім займаюць 32% штодзённага вяшчаньня, а па-беларуску робяцца 75% уласных перадач.
Тым часам беларускамоўнаму тэлеканалу «Белсат», які вяшчае з Польшчы, адмовілі ва ўключэньні ў беларускія тэлевізійныя кабэльныя сеткі: на пэтыцыю аб гэтым намесьнік гендырэктара «Беларусь-1» Сяргей Шышко адказаў, што «у сетцы вяшчаньня прысутнічае шырокі пералік беларускамоўных перадач і рубрык».
Стварыць беларускамоўны тэлеканал задумалі самі кабэльныя апэратары — з такой прапановай яны зьвярнуліся да дэпутаткі Алены Анісім, яна перадала прапанову міністру інфармацыі Аляксандру Карлюкевічу. Анісім кажа, што Карлюкевіч назваў прапановы цікавымі.
Мабільны апэратар Velcom, які фундуе праект перакладаў фільмаў на беларускую, цяпер зьбіраецца стварыць свой тэлеканал, на якім абяцае ў тым ліку беларускамоўны кантэнт.