Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я бачыла Леніна і Сталіна. Мёртвых». Інтэрвію з вэтэранкай МГБ са Жлобінскага раёну


Падарожжа Свабоды ў вёску Ніжняя Алба Жлобінскага раёну.

Вёска Ніжняя Алба, што ў Жлобінскім раёне, сярод археолягаў добра вядомае паселішча. Ужо каторы год тут ідуць раскопкі. І можа так стацца, што менавіта Алба будзе лічыцца самым старажытным гарадзішчам на тэрыторыі Беларусі. Нашы продкі мелі вельмі тонкі і высакародны густ. Калі стаянка ў Юравічах месьціцца высока над Прыпяцьцю, дык Алба знаходзіцца ў сутоках дзьвюх вялікіх рэк, Дняпра і Бярэзіны. Але тут цікава ня толькі знайсьці наканечнікі стрэлаў і аскепкаў посуду нашых продкаў, ня менш цікава пагутарыць і з сучасьнікамі.

Для Евы Мікітаўны Шыханцовай, якая сёлета адзначыць 93-і год народзінаў, зьяўленьне назвы Алба не сакрэт.

Ева Мікітаўна Шыханцова
Ева Мікітаўна Шыханцова

Сьвяты Мікола выратаваў

Евы Мікітаўна Шыханцова: Яшчэ пракаветачныя людзі расказвалі. Была, мае дзеткі, вайна лабавая. Каменьнямі ваявалі. Тысяча гадоў ужо прайшла. І гэтую лабавую вайну назвалі «алба».

Храм у суседняй вёсцы за саветамі быў закрыты. І каб не прапалі старажытныя абразы, іх разабралі па хатах. У Евы на покуці сьвяты Мікола. Якому старая аддана моліцца. І Мікола ратуе яе ў цяжкія хвіліны.

Евы Мікітаўна Шыханцова: Гасьцявала ў Менску у сына. Ішла па вуліцы, у прыватным сэктары. У аднаго тэхнікі поўны двор, сабак поўны двор. Тэхніку аберагаюць. Выскокваюць — вось такія лашакі! Я стала, спужалася. Яны ж разарвуць, такія ласі. Кажу: «Ойча Мікола, прасьвяці мне пуць-дарожачку!» Дзетачкі мае, ніводнага слова лішняга не прыбаўляю. Толькі памянула ойчу Міколу, дык гэтыя сабакі, як салдаты, адзін за адным пайшлі ў двор. «Ойча Мікола, няўжо ты мяне, грэшніцу, спас?» Во сіла-воля Божая! Толькі трэба не са сьмехам прасіць, а са сьлязамі.

У іншай албанскай старажылкі, Тамары Міхайлаўны Лушанковай, захоўваецца ікона нябеснай заступніцы Албы — сьвятой Варвары. Пачарнелы ад часу, напісаны ў грэка-каталіцкай традыцыі абраз.

Тамара Міхайлаўна Лушанкова
Тамара Міхайлаўна Лушанкова

Тамара Міхайлаўна Лушанкова: Гэтая ікона хадзіла па вёсцы. Раз яна да мяне прыйшла, то стаіць год. Я гэтай іконе і трапезу раблю. Людзі зьбіраюцца, моляцца, псалмы чытаюць. І пераносяць у наступны дом. Так яна па ўсёй вёсцы хадзіла. Ну а цяпер пазьміралі людзі. І Варвара ў мяне асталася.

Аляксандр Рыгоравіч любіць беларусаў

Я вельмі шмат чуў добрых словаў ад старых сялянак у адрас Лукашэнкі. Але толькі Тамара Міхайлаўна растлумачыла мне, дзеля чаго мы жывём усё бядней, чаму на нас хоча напасьці Амэрыка і за што трэба любіць Лукашэнку. Я не адважыўся перабіваць яе палітычную майстар-клясу. Бо з такім сьветапоглядам жыцьцё напаўняецца гармоніяй і справядлівасьцю. І язык не паварочваецца разбураць гэту гармонію.

Тамара Міхайлаўна Лушанкова:

Аляксандр Рыгоравіч любіць беларусаў. І цэны павышае. Ён гэта не спэцыяльна робіць, каб людзям было блага. А каб умацаваць войска.

Аляксандр Рыгоравіч любіць беларусаў. І цэны павышае. Ён гэта не спэцыяльна робіць, каб людзям было блага. А каб умацаваць войска. Каб людзей беларускіх захаваць. Хай яны будуць бядней жыць, але каб Беларусь захаваць. Наша краіна маленькая. Яе прыдушыць вельмі лёгка. А Амэрыка яе б з усёй душой забрала. Але Лукашэнка гэтага не дапускае. Навошта Амэрыцы Беларусь? Бо з часам будуць раставаць ледавітыя акіяны. І Амэрыка патоне. А Беларусь і Расею не затопіць. Таму яны хочуць забраць гэтую зямлю. Ім людзі не патрэбны. Ні расейскія, ні беларускія. Ім трэба толькі зямля. А Амэрыка хутка патоне. Бо знаходзіцца пасярод акіяну. Адзін рывок — і Амэрыкі няма. Амэрыкі ня будзе. Гэта ўсё апісана ў кнізе «Таинство православия».

Шпацыруючы па албанскай вуліцы, я зьвярнуў увагу на хударлявую вясёлую сівую пані ў вайсковай кашулі. Напэўна, вэтэранка, падумаў я. Якое ж было маё зьдзіўленьне, калі даведаўся, што Анастасія Гаўрылаўна ня проста вэтэранка, а вэтэранка ўнутраных войскаў МГБ. Яна служыла ў лягернай ахове пры таварышу Сталіну. На пачатку 50-х, калі ГУЛАГ быў у самым, можна сказаць, росквіце.

Анастасія Гаўрылаўна
Анастасія Гаўрылаўна

​Тады жанчын ні за што судзілі

Анастасія Гаўрылаўна: Я жаночую зону ахоўвала. Тады жанчын ні за што судзілі. За каласок. Я была то дзяжурная па ўзводзе, то днявальная. Здараліся і ўцёкі. Страшна было. Аднаго хлопчыка гадоў дзесяці забралі з сабой уцекачы. Яго зьелі дарогай. Там жа лясы непраходныя. Пад Сьвярдлоўскам. Ён увечары на вуліцу выйшаў пагуляць. Яны яго з сабой узялі. Так і не знайшлі. Усяго наглядзелася за 90 гадоў. Мне гэты плот з дротам калючым душу выматаў. А вакол вышкі. Салдаты аховы, калі пазнаёмяцца, нават улюбляліся. Калі дзіця нараджаецца, зэчку ў сангарадок адпускаюць. Там лягераў многа. І жаночыя, і мужчынскія. А пасьля пастанова выйшла — хто зь дзецьмі, тых вызваліць. Дык многія на вакзале пакідалі дзяцей. Зэчка вызваляецца зь дзіцем. Да вакзалу даехала, дзіця кінула, а сама паехала далей. Жанчыны кідалі сваіх дзяцей родных. Пасьля іх усіх забіралі ў прытулак. Ім было важна толькі зацяжарыць і нарадзіць, каб іх выпусьцілі з зоны.

Дзед Анастасіі Даніла Гаўрылавіч да рэвалюцыі быў багатым албанскім чалавекам. Кажучы сёньняшняй мовай, займаўся лягістыкай. Меў свой грузавы лодачны флёт. І наймаў па 50 чалавек падчас навігацыі. У 1930-я надоўга сеў. Вярнуўся перад вайной і памёр. А унучка магла нават зрабіць кар’еру. Сапраўды — «у нас сын за бацьку не адказвае».

Леніна і Сталіна я бачыла. Жывых ня бачыла, а мёртвых бачыла. Ленін худзенькі, старэнькі. А Сталін — здаровая морда!

Анастасія Гаўрылаўна: На вышцы асабліва раніцай спаць хочацца. Перад раніцай у сон кідае. Кажух, валёнкі, карабін. Я да арміі ўсяго чатыры клясы скончыла. Каб скончыла сем, я бы афіцэрам была. А так у мяне толькі дзьве лычкі. Малодшы сяржант. Але Леніна і Сталіна я бачыла. Жывых ня бачыла, а мёртвых бачыла. Ленін худзенькі, старэнькі. А Сталін — здаровая морда!

​Пройдзе яшчэ крыху часу, і Алба будзе ажываць толькі летам. Галасамі юных археолягаў, што шукаюць сьляды старажытнага чалавека. Але ніхто ўжо не раскажа ні пра лабавую вайну, ні пра затопленую Амэрыку, ні пра кінутых дзяцей ГУЛАГу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG