Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дэкалёг антытролінгу» ад паліттэхноляга апазыцыі ў аўтарытарных краінах


Польска-францускі паліттэхноляг, спэцыяліст у галіне новых мэдыяў Эрык Містэвіч склаў «Дэкалёг антытролінгу».

Містэвіч узначальвае Інстытут новых мэдыяў, выдае часопіс, прысьвечаны камунікацыі і маркетынгу, напісаў некалькі кніжак пра палітычныя брэнды, бізнэс-маркетынг і сацыяльныя сеткі.

Са згоды аўтара Радыё Свабода публікае «Дэкалёг антытролінгу» для беларускай аўдыторыі.

Эрык Містэвіч. Ілюстрацыя: Fabien Clairefond
Эрык Містэвіч. Ілюстрацыя: Fabien Clairefond

1. Ніколі не дзяліся допісамі троляў. Нават калі допіс быў моцна неразумны, хамскі, неверагодна вульгарны. Нават калі ён перабівае ўсё, што ты бачыў дагэтуль у сеціве і ў жыцьці — не дзяліся гэтым. Ня стаў лайк. Не рабі рэтвіт. Не пашырай гэтага.

Не павялічвай трафіку аўтарам кепскіх допісаў. Не рабі ім рэклямы ў публічнай прасторы, нават калі ты хочаш паставіць на іх кляймо.

2. Не кармі троляў. Не ўступай зь імі у гутарку, палеміку, кінь намер адукаваць іх — пашкадуй свой каштоўны час.

Прымі прынцып, што ты іх не заўважаеш. Ня ўнось у свой сьвет кепскія эмоцыі, якія яны ствараюць. Не адказвай на ўдары. Не давай падставаў да высновы, што тое, што ты чытаеш на важную для цябе тэму, і тое, што напісана ў агрэсіўнай форме, поўнай хлусьні і жорсткасьці, уражвае цябе. Праходзь па-над балотам троляў і нянавісьцю з высока ўзьнятай галавою. Ты не абавязаны зь нікім перапісвацца, адказваць, накручвацца. Chill out!

3. Будзь у сеціве, як і ў жыцьці, максымальна ўважлівым. Паважай іншага чалавека. Ня сьмейся над недахопамі, слабасьцямі характару, не папулярызуй кепскія эмоцыі. Не рэагуй імпульсіўна. Пагадзіся з тым, што ты не заўсёды і ўсё ведаеш наконт падзеі, матываў, фону здарэньня, якое ўсе камэнтуюць. Магчыма, нехта хоча заблытаць грамадзкую думку, выкарыстоўваючы хлусьню, маніпуляцыю, сэлектыўнасьць, толькі для сабе вядомых мэтаў. Магчыма, табе адведзеная роля быць элемэнтам у махіне, якая прапагандуе нейчую хлусьлівую гісторыю.

Статкавы інстынкт - не да твару інтэлігентным людзям.

Памятай, што ты нясеш поўную маральную адказнасьць за ўсе тэксты, якія ты пашыраеш, на якія зьвяртаеш увагу і рэкамэндуеш іншым. Сваёй няўважлівасьцю ты можаш пакрыўдзіць людзей. Будзь вельмі ўважлівым да таго, як ты сябе паводзіш у сеціве.

Калі параўноўваць актыўнасьць на пляншэтах і ноўтбуках да дарожнага руху: скінь хуткасьць, тут паўсюль людзі.

4. Падтрымлівай ахвяраў нападак, усіх тых, каго атакуюць тролі. Выкажы ім сваю сымпатыю, салідарнасьць. Дзейнічай у групах падтрымкі, стварай кааліцыі разумных тэкстаў. Наколькі гэта магчыма, падтрымлівай ініцыятывы на карысьць інтэрнэту бяз мовы нянавісьці. Калі ты палітык — дадай гэты пункт у праграму сваёй партыі. Калі ты юрыст — уключыся ў дапамогу ахвярам нянавісьці. Калі ты настаўнік — вучы разумна выкарыстоўваць сеціва сваіх вучняў і студэнтаў. Калі ты галоўны рэдактар — зьвярні на гэта ўвагу сваіх журналістаў. Калі ты журналіст — давай прыклад. Калі ты аўтар — падтрымлівай разумныя праекты. Калі ты чытач — рэклямуй разумныя старонкі ў сеціве, прапануй іх іншым. Натхняй.

5. Ня блытай мову нянавісьці, нападкі і тролінг са свабодай слова. Калі нехта не падзяляе твайго пункту гледжаньня, калі ў яго ці яе жыцьці важнае нешта іншае, калі ў некага іншы падыход да рэлігіі, сям’і, полу, палітыкі, калі нехта заўзее за іншыя каманды, чым ты, слухае іншую музыку, ходзіць у іншыя цэрквы (альбо сядзіць дома), чытае іншую газэту ці часопіс, слухае іншае радыё — гэта яго права.

Не чапляй ярлыкоў. Не выкарыстоўвай барацьбу з мовай нянавісьці, агрэсіяй і тролінгам для паглыбленьня падзелаў і розьніц. Размаўляй, дазнавайся новае пра людзей і іх пункты гледжаньня, будзь адкрыты на іншыя меркаваньні, стыль жыцьця, ідэйныя выбары.

Шукай тое, што аб’ядноўвае. Не канцэнтруйся на тым, і не накручвай таго, што дзеліць. Будуй масты паразуменьня, таксама і ў сфэры мовы, у тым ліку і ў сеціве.

6. Ня будзь тролем. Сьведчы праўду ў дачыненьні да сябе і сваіх чытачоў.

Іншы стыль жыцьця, погляды - гэта не тролінг, і не нянавісьць.

Не пішы і не распавядай у эмоцых, у беганіне, у сьпешцы, усё тое, што ты лічыш мэтазгодным. Пасьля таго, як ты напішаш тэкст для публікацыі, пачакай, падумай, зрабі сабе гарбату, зрабі некалькі ўдыхаў. Падумай, ці ня крыўдзіш ты іншага чалавека. Спытай сябе, ці хацеў бы ты, каб гэты допіс пабачыла твая мама, твае дзеці. Тое, што ты напішаш, застанецца ў сеціве, нават калі ты хутка гэта выдаліш. На сваю рэпутацыю ты працаваў, магчыма, дзесяцігодзьдзямі, вельмі цяжка. Магчыма, мае сэнс прынцып: 10 напісаных допісаў, і толькі 1 апублікаваны.

І пры нагодзе: ты сапраўды верыш у ананімнасьць свайго профілю?

7. Шукай найцікавейшых чытачоў і размаўляй зь імі. Дзяліся зь імі сваімі самымі вартымі меркаваньнямі, ідэямі, справамі. Устанаўляй асобаў, зь якімі ты размаўляеш, якія чытаюць твае тэксты ў сеціве. Гэта будзе прасьцей, калі ты будзеш аддаваць перавагу ў камунікацыі зь людзьмі, якія падпісваюцца сваім імем і прозьвішчам. Зрабі зь імі свае адносіны вельмі блізкімі. Паглыбляй іх. Дапамагай іншым людзям, у тым ліку і ў інтэрнэт-прасторы. Дапамагай ім і сам прасі дапамогу. Дыскутуй і прапануй тэксты, фільмы, месцы. З часам, магчыма, варта сустрэцца і ў рэальным сьвеце.

Не ганіся за колькасьцю, кантактамі. Няхай самым галоўным для цябе будзе якасьць.

8. Разьмяжоўвай людзей, якіх ты бачыш у сацыяльных сетках, ад сапраўды вартых аўтараў. Выкінь са сьпісу інстытуцыі і тых, каго «належыць» мець у сябрах. Не засьмечвай сваю галаву зьместам, які ня мае ніякага значэньня. Вызваліся ад аўтараў, якія кожную хвіліну нешта пішуць без глыбокага асэнсаваньня, ад хворых сацсеткамі. Разьвітайся з тымі, хто карыстаецца хлусьнёй, прапагандай, тымі, хто ўводзіць непатрэбныя эмоцыі і не паважае людзей — нават калі час ад часу гэты карыстальнік можа напісаць нешта важнае. Дзякуючы гэтаму ты зробіш у сваім сьвеце месца для тых, хто размаўляе ціха, але з большым сэнсам.

9. Зьмяняй. Пішы так, каб твае тэксты зьмянялі людзей, натхнялі іх і разьвівалі. Каб гэта дапамагала ім распасьціраць крылы, а не часаць імі па зямлі. Хвалі іх, а не дапікай. Паказвай, што яны могуць зрабіць, прачытаць, паглядзець, даведацца, каб быць лепшымі.

Хвалі сваімі рэкамэндацыямі. Пішы пра гэта ў прыват, каб гэтага ня бачылі іншыя. Старайся рэкамэндаваць толькі добрыя прыклады, засяроджвацца на добрых навінах, добрых тэкстах — і добрых людзях. З усьмешкай жывецца прасьцей. Нават калі дабро ў сацсетках пашыраецца ў разы павальней, чым зло. А часам і павольней.

10. Блякуй і скардзься. Вядома: блякуй. Ты толькі чалавек. Ты маеш права на сваю годнасьць. Стварай у сваёй прасторы ў сеціве ўласны сьвет сваіх правілаў. Будзь міласэрны, але блякуй карыстальнікаў, якія сеюць зло. Блякуй тых, хто публікае непрыстойныя допісы. І скардзься. Кожны сэрвіс ў сацыяльных сетках дае такую магчымасьць.

Тое, якой будзе прастора новых СМІ, залежыць і ад цябе.

Эрык Містэвіч, WszystkoCoNajważniejsze

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG