Мэдык Мікалай (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі) быў уражаны беларускімі падзеямі лета і восені 2020 года, хаця ў краіне ў той час не знаходзіўся. Пісаў камэнтары ў сацсетках, удзельнічаў у дыскусіях там жа. Калі апынуўся ў Беларусі ў 2021-м, яго затрымалі, абвінавацілі па некалькіх крымінальных артыкулах (за зьнявагу службовых асобаў, пагрозу ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). У выніку Мікалаю прысудзілі 4 гады пазбаўленьня волі. Ён цалкам адбыў тэрмін. Вызваліўшыся, некаторы час заставаўся ў Беларусі, але не адчуваў сябе ў бясьпецы. Нядаўна выехаў з краіны. У размове са Свабодай Мікалай расказвае пра свае «прыгоды» за кратамі.
Таблетачка «Дыклафенака»
Мікалай пачынае размову з таго, што адміністрацыя папраўчых установаў, дзе яму давялося пабываць, ведала, што ён лекар і раней таксама працаваў у калёніі. Але яго адразу папярэдзілі, што свае веды пажадана не дэманстраваць.
«Самае крыўднае было, калі я бачыў, як некаторыя турэмныя мэдыкі, як сьляпыя кацяняты, спрабавалі зразумець, з чым прыходзяць да іх асуджаныя. У іх не хапала ведаў, а для мяне гэтыя захворварваньні здаваліся простымі, пусьцяковымі, я мог дапамагчы! Але мне адразу сказалі (даслоўна): „Сунесься ў мэдчастку — тваё макала абрубім па самае не хачу“. Я бачыў, як фэльчар проста атрымліваў асалоду ад таго, што да яго ў якасьці пацыента прыйшоў лекар. Калі ў мяне быў ковід, той фэльчар высакамерна вымавіў: „З улікам таго, што вы доктар, вы раскруцілі мяне на таблетачку дыклафенака“», — узгадвае Мікалай.
Суразмоўца расказвае, як аднойчы пры сустрэчы з гэтым фэльчарам, бяскрыўдна пажартаваў.
«На маю думку, у жарце не было зьнявагі, а фэльчар прыгразіў: „За такія жартачкі напішу на цябе рапарт і паедзеш у ШЫЗА“. Я зьвярнуўся да яго на „вы“ і сказаў, што як калега проста хацеў узьняць яму настрой. Ён адказаў: „Усе мэдыцынскія работнікі альбо за заборам, альбо ў мэдчастцы“, — даўшы зразумець, што ён мяне не ўспрымае як лекара. Хутчэй за ўсё, у яго быў нейкі комплекс непаўнавартасьці. Магчыма, зайздрасьць, што не атрымаў вышэйшую мэдадукацыю», — узгадвае Мікалай свой досьвед звароту да турэмных мэдыкаў.
«Вы нідзе ня зможаце працаваць, акрамя турмы»
Што да кантынгенту, якія працуюць у мэдчастках калёній і турмаў, на думку Мікалая, людзі часьцяком чарсьцьвеюць, эмацыйна выгараюць.
«У мэдыкаў адбываецца прафэсійная дэфармацыя, дэвіяцыя, яны падсьвядома капіююць павадкі асуджаных. Раней я заўважаў, што еду зь імі ў грамадзкім транспарце, яны ў цывільным, але зьнешне робяць уражаньне крымінальнікаў. Капіююць жэстыкуляцыю, міміку, жаргон, павадкі крымінальнікаў. Людзі выгараюць. Аднойчы намесьнік начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў адной з абласьцей сказаў супрацоўнікам папраўчых устаноў: „Вы нідзе ня зможаце працаваць, акрамя турмы“», — кажа суразмоўца.
На думку Мікалая, людзі прывыкаюць да працы за кратамі, хоць маладыя супрацоўнікі сутыкаюцца з расчараваньнямі. У навучальнай установе кшталту Акадэміі МУС вучаць паняцьцям «доблесьць, гонар, годнасьць».
«А калі яны прыходзяць працаваць, сутыкаюцца са зваротным. Сысьці не дае абавязальніцтва выплаты вялікіх грошай за бясплатную адукацыю, таму ўключаецца зваротная абарончая рэакцыя: чалавек пачынае чарсьцьвець і разважаць: „А навошта я буду добрым і эмпатычным, калі ўсе людзі ачарсьцьвелі? Які сэнс мне быць эмпатычным? Мне прасьцей быць жорсткім, цьвердалобым, тоўстаскурым“, — і з часам яны прызвычайваюцца да гэтага і застаюцца такімі», — разважае суразмоўца.
Калі б супрацоўнікаў органаў унутраных спраў ня ўтрымлівалі вялікімі выплатамі за бясплатную адукацыю ў навучальных установах МУС (каля 20 тысяч даляраў у эквіваленце, калі ты не адпрацуеш па кантракце), яны сыходзілі б усе, мяркуе суразмоўца.
Мікалай расказвае, што раней заробак у турэмных мэдыкаў быў вышэйшым, чым у грамадзянскіх. Але з часам ён ўраўняўся з заробкамі ў цывільнай ахове здароўя, так што асобага стымулу працаваць мэдыкам ва ўстановах пэнітэнцыярнай сыстэмы няма. Што да іншых супрацоўнікаў калёній, яны розныя, дадае суразмоўца.
«Ёсьць рэальныя супрацоўнікі — я б іх назваў добрасумленныя „ябацькі” — гэта маладыя афіцэры, што нарадзіліся пасьля 1994 года, якія рэальнасьць успрымаюць неаб’ектыўна. Шчыра вераць, што ў нас самая шчасьлівая краіна, усё добра і правільна — як у Паўначнай Карэі. Хаця яны нам кажуць, што неаб’ектыўна рэальнасьць успрымаем якраз мы.
Ёсьць прыстойныя афіцэры, якія разумеюць, у якім балоце яны жывуць і працуюць, — яны не выконваюць злачынныя загады, выконваюць свае абавязкі, не парушаючы закон. На аднаго такога афіцэра я глядзеў са зьдзіўленьнем — чаму ён яшчэ ня сьпіўся? Мне сказалі, што ён закадзіраваўся. Таму што альбо сьпіваюцца, альбо прымаюць антыдэпрэсанты, нармальнаму чалавеку там працаваць нельга», — разважае Мікалай.
Ён узгадвае, як маладыя супрацоўнікі праводзілі выхаваўчую работу, чыталі лекцыі, перавыхоўвалі зьняволеных.
«У начальніка атрада — нібыта вышэйшая адукацыя (я б сказаў: „верхняя адукацыя“). Ён чытаў нам лекцыю пра інвалідаў. Уяўляеце, ён ня ведае рымскія лічбы: чытае „інвалід першай групы і інвалід адзінаццатай групы“. Мне здаецца, што на ўроках гісторыі начальнік атрада не прысутнічаў. Ён прачытаў у тэксьце „пакт МалатОва-РыбЕнтрапа“. Многія маладыя начальнікі атрадаў не любілі размаўляць з палітычнымі, бо тыя — адэкватныя, адукаваныя людзі, на галаву вышэй за іх па інтэлекце. Супрацоўнікам хочацца падтрымаць размову на прыстойным узроўні, але бяз зьвязкі зь нецэнзурных слоў яны ня могуць размаўляць.
Былі розныя супрацоўнікі: і прыстойныя, і „ябацькі“, якія нас лічылі „заблудшымі авечкамі“, а мы іх лічылі „ябацькамі“. Раней людзям можна было дараваць — не было інтэрнэту, не было адкуль чэрпаць інфармацыю, ну, а цяпер — гэта так дзіўна!» — разважае Мікалай.
Самы запатрабаваны доктар у калёніі
Дэфіцыт мэдычных кадраў у калёніях ёсьць, але Мікалай мяркуе, што ён ня большы, чым у звычайных паліклініках і лякарнях.
«У штаце ёсьць некамплект, але ён не крытычны. Заўсёды асуджанага можа прыняць фэльчар, але які б ён ня быў добры, ён не заменіць лекара. Але і доктар не заўсёды можа „разруліць“ сытуацыю, паколькі ў яго можа быць шмат ведаў, а па факту мэдыкамэнтаў амаль няма.
Мэдыкамэнты толькі „патрыятычныя“: у некаторых калёніях забаранялі атрымліваць імпартныя лекі, таму што былі беларускія, Усё ад адміністрацыі залежыць. Фармальна, дапамогу аказваюць, але гэтыя мэдыкамэнты без даказанай эфэктыўнасьці. Асобых праблем трапіць да тэрапэўта няма. Магчыма, ёсьць праблемы з тым, што калі ты працуеш у прамзоне, пры частых „адпрошваньнях“ да тэрапэўта і на фізіяпрацэдуры гэта можа сказацца на працы і ты можаш мець непрыемнасьці. Прычыну знойдуць», — кажа былы палітвязень.
Па словах Мікалая, самы запатрабаваны доктар у калёніі — стаматоляг. Па штату ва ўсіх мэдчастках павінен быць адзін стаматоляг. Ідэальна, каб іх было 2 альбо 3, але такое наўрад ці магчыма, разважае суразмоўца. Усё залежаць ад таго, колькі чалавек сядзіць у калёніі, і колькі лекараў працуе, кажа Мікалай.
«У адной калёніі я не дачакаўся чаргі да стаматоляга цягам 5 месяцаў, у другой чарга была ня больш за 2 тыдні. Я ня чуў пра рознае стаўленьне лекараў да палітычных і непалітычных, не сутыкаўся, каб да палітычных дрэнна ставіліся. Усё, можа, залежаць ад таго, колькі чалавек сядзіць у калёніі і колькі лекараў працуе», — мяркуе доктар.
Ці магчыма ў калёніях давядзеньне вязьняў да сьмерці, як было з палітзьняволенымі Вітольдам Ашуркам, Алесем Пушкіным ды іншымі? Лекар адмовіўся гэта камэнтаваць, бо ня ведае ўсіх акалічнасьцяў сьмерцяў.
«Я быў сьведкам, як ледзьве не памерлі два непалітычныя — усё было зьвязана з халатнасьцю мясцовага фэльчара. Я не абараняю турэмных мэдыкаў і не вінавачу іх. Трэба ведаць канкрэтную сытуацыю. Усё магло залежыць ад настрою ці халатнасьці канкрэтнага мэдработніка ў той момант. Адміністрацыя вельмі баіцца скандалаў, калі яе ніхто не прыкрывае. Будзе рабіць усё, каб гэтага скандалу не было. Ня думаю, што кагосьці будуць даводзіць да сьмерці — гэта малаверагодна», — выказаў меркаваньне Мікалай.
Што да мэдабсталяваньня, у некаторых калёніях яно нядрэннае, на думку мэдыка.
«У адной з калёній я пабачыў такую мэдчастку — у Менску не ва ўсіх паліклініках ёсьць такое сучаснае абсталяваньне, паліклінікі райцэнтраў там і побач не стаялі! У калёніі для рэцыдывістаў даўно быў закуплены добры пульманалягічны апарат. Я думаю, Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў не шкадуе на гэта грошай, таму што таньней ажыцьцявіць прафіляктыку сухотаў, чым потым іх лячыць. Так што флюаралягічныя апараты даволі прыстойныя.
У адну з мэдчастак быў закуплены добры апарат УГВ, быў і доктар, які мог працаваць на ім, але ня склалася. Быў закуплены добры апарат гастрафібраскапіі — спачатку таксама быў спэцыяліст, які мог паставіць „зонд“, але хутка звольніўся. Так што абсталяваньне ёсьць. Пытаньне — як і каму яго выкарыстоўваюць?», — задае рытарычнае пытаньне мэдык.
Што да прафэсійнага ўзроўню, калі параўноўваць спэцыяліста сельскай амбуляторыі, участковага тэрапэўта са звычайнай паліклінікі і лекара з мэдчасткі калёніі, то яны нічым не адрозьніваюцца, мяркуе Мікалай.
«У пляне харчаваньня ня так усё страшна»
Калі памілавалі Юрыя Зянковіча, Сяргея Ціханоўскага, Ігара Карнея, Андрэя Кузьнечыка і некаторых іншых палітзьняволеных, грамадзкасьць была ўражаная, як яны схуднелі — страцілі па 20 кг вагі. Ціханоўскі і Зяньковіч нават казалі, што перад вызваленьнем іх цягам месяцу ўзмоцнена «адкармлівалі». Што адбываецца, няўжо людзі за кратамі сапраўды галадаюць?
«Мае словы можа кагосьці шакуюць, але ў пляне харчаваньня ў цэлым ня так усё страшна. 20 гадоў таму жаўнераў у войску кармілі значна горш, чым кормяць цяпер асуджаных. Калі я быў курсантам, не было дня, каб у мяне не было пякоткі. За кратамі ні разу не было ні „пякоткі“, ні страўнікава-кішэчных разладаў. Вядома, харчаваньне залежыць ад калёніі, чым менш людзей, тым харчаваньне якасьней. Думаю, што знакавых палітзьняволеных сапраўды дрэнна кармілі, каля яны ўтрымліваліся ў адзіночках у ПКТ. Яшчэ ж многае залежыць ад асаблівасьцяў арганізму, шчытападобнай залозы, паталёгій, абмену рэчываў. Можна харчавацца нармальна, але з-за пастаяннай трывожнасьці, пагранічнага стану страчваць вагу. Халерык таксама хутчэй губляе вагу, чым флегматык», — разважае лекар.
Палітычныя — гэта кантынгент, які мае так званы «10 прафулік». У ПКТ і ШЫЗА «атаварка» забароненая. Калі людзі знаходзяцца ў атрадзе, атаварвацца ў турэмнай краме ім дазволена на 2 базавыя велічыні (84 рублі) у месяц.
«У каго 2 базавыя — той эканоміць і разумна разьмяркоўвае невялікія грошы, купляе толькі карыснае. А ў каго 5 ці 8 базавых, той толькі на колу выдаткоўвае столькі ж. Мне 2 базавыя на „атаварку“ хапала. На волі я важыў 95 кг, быў лішак масы цела. Мая ідэальная вага 89-92 кг, я з такой і выйшаў на волю. Праўда, пасьля 6 месяцаў ПКТ я схуднеў. Порцыі былі маленькія, але якасныя, амаль хатняя ежа. Калі б была „атаварка“, я б не схуднеў. За ўвесь тэрмін я толькі дзьве пасылкі атрымаў. Пасылку можна расьцягнуць надоўга. Некаторыя разьдзярбаньвалі пасылку за 2 тыдні. Нажруцца на ноч, ляжаць, пагладжваючы жывот: шчасьце ў жрачцы», — кажа былы палітвязень.
Па яго словах, у калёніях былі сучасныя спартзалі з крутымі трэнажорамі, якімі карысталіся набліжаныя да адміністрацый і карысныя для яе людзі. Але туды «палітычных» не пускалі.
«Праўда, каб трапіць у спартзалю, прапаноўвалі выканаць умовы: прызнаць віну, пагасіць пазоў і „стаць на шлях выпраўленьня“ — ты не павінен быць „злосьнікам“ (злосным парушальнікам рэжыму — РС). Але большасьць з „10-га прафуліку“ — „злосьнікі“, так што шлях да спартовай залі для іх зачынены. Зрэдку можна было паганяць мяч на стадыёне», — кажа Мікалай.
«У ПКТ сядзеў з неадэкватам»
На 6 месяцаў у памяшканьне камэрнага тыпу Мікалай трапіў за тое, што не захацеў мыць прыбіральні. Адміністрацыя калёніі цудоўна ведала, што ён працаваў у крымінальна-выканаўчай сыстэме і ведае, да чаго прывядзе прыборка туалетаў — гэта паніжэньня статусу.
«Начальнік атраду казаў, што статусаў цяпер няма, гэта ўсё неафіцыйна. І загадаў, каб я ў тлумачальнай напісаў, што адмовіўся прыбіраць ва ўмывальніку. Я адмовіўся і тады на мяне склалі рапарт, што я не вітаюся. Разыгралі шматхадовачку, зладзілі танны спэктакль. Калі я трапіў у іншую, больш строгую калёнію, адміністрацыя была зьдзіўленая: „За што ПКТ на такі тэрмін? А што ў вашай калёніі няма апэратыўнікаў?“», — пыталіся ў мяне.
Мікалай кажа, што шукаў пазытыў у знаходжаньні ў ПКТ, радаваўся таму, што, а 21-й ён клаўся спаць, а ў атрадзе другая зьмена працавала да 22-й. Не было тэлевізара, прагулка ў лепшым выпадку раз на дзень, а то і радзей. Здараліся моманты, калі выходзіў на прагулку і ледзьве ня страчваў прытомнасьць ад сьвежага паветра, кружылася галава.
«Мяне пасадзілі да неадэкватнага чалавека, якога большую частку тэрміну трымалі ў ПКТ, бо ў жылой зоне зь ім было б шмат праблем. З улікам таго, што ў гэтай калёніі яшчэ заставаліся „злодзейскія традыцыі“. У першыя дні кантралёры пыталіся, ці ўсё ў мяне ў парадку. Спачатку не разумеў, у чым справа, а потым зразумеў, што мяне пасадзілі з неадэкватам. У яго быў дыягназ — эмацыянальна-лабільны разлад асобы. Кантралёры мне нават спачувалі, але ў мяне не было выйсьця», — кажа Мікалай.
Што адбываецца ў «крытых» турмах
Апошнія некалькі месяцаў да сканчэньня тэрміну Мікалай адбываў у крытай турме № 4 Магілёва — як злосны парушальнік рэжыму.
Раней, каб зьняволенага з калёніі адправіць у крытую турму, трэба быць так званым «блатным», «шатаць рэжым», «пастаянна бадацца з адміністрацыяй», тлумачыць зь веданьнем справы Мікалай, які працаваў у калёніі для рэцыдывістаў на пачатку 2000-х.
«Звычайна людзі спачатку ў ШЫЗА, потым ў ПКТ, зноў у ШЫЗА — ім давалі шанец. Каб трапіць у „крытку“, трэба было вельмі цяжкае злачынства ўчыніць: плюнуць начальніку калёніі ў твар, зладзіць панажоўшчыну, пагром. Цяпер інакш. Мабыць, ёсьць адмысловы плян, альбо „палітычны“ знаходзіцца пад прыцэлам. Бывае, у чалавека не было ні ПКТ, ні ШЫЗА — а на яго аб’яўляюць паляваньне. Мы спрабавалі шукаць лёгіку — не атрымалася», — узгадвае Мікалай.
У крытай турме «атаварка» на 1 базавую (42 рублі), прагулка 1 раз у дзень. Многае залежыць ад таго, зь кім сядзіш у камэры, бо ў «крытцы» шмат эмацыянальна неўраўнаважаных, сьцьвярджае Мікалай.
«Са мной аднойчы сядзелі трое — усе з разладам асобы, ад якіх калёніі пазбаўляліся. Гэта былі крымінальнікі, якія былі выхаваныя ў цяжкіх умовах, у іх размытыя рамкі паводзінаў. Мяркую, што ў 60% сядзельцаў „крытак“ — эмацыянальна-лабільны разлад асобы, у іх усё жыцьцё ў турмах. Для псыхіятраў у турмах неаранае поле для працы», — перакананы лекар.
Мікалай пераймаўся, што ў яго таксама будзе 411 артыкул КК, які часьцяком «шыюць» іншым палітвязьням — непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі, і тэрмін могуць працягнуць. Ён прызнаецца, што нават рытм сардэчны парушаўся.
«Маральна цяжка было адбываць апошнія месяцы, бо каб чалавека „прыбіць“, робіцца гэта ў канцы тэрміну. Цяжкі псыхалягічны ўдар — „папіць кроў“», — кажа суразмоўца.
Мікалай правёў у Беларусі некалькі месяцаў пасьля вызваленьня. Прызнаецца, што было цяжка, ён адчуваў сябе, як сьціснутая спружына.
«Паўсюль чырвона-зялёныя сьцягі, плякаты, як трэба любіць міліцыю і сілавыя структуры. У адной песьні ёсьць словы: „Лагеря меня встречают, лагеря колючей проволокой обнимут“ — у мяне такое адчуваньне, што ўсё неба — гэта адзін вялікі Лукашэнка, які яго адбымае… Я цалкам прыціснуты, я цалкам без правоў. Забівала яшчэ пасіўнасьць маладых людзей. Вызваліўшыся з турмы, у Беларусі я пачаў заўважаць у сябе парушэньне сардэчнага рытму, нягледзячы на малады ўзрост, з-за таго, што пастаянна знаходзісься ў стане параноі і чакаеш, што могуць знайсьці твой стары камэнт і забраць, хоць тэрмін дзеяньня артыкулу скончыўся. Калі зьехаў зь Беларусі — сэрца працуе як швайцарскі гадзіньнік. Пакуль вяртацца дакладна ня хочацца», — прызнаецца Мікалай.
Форум