Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца Цурпанаў зьмяніў працэдуру прыёму грамадзян у пракуратуры Магілёва


Будынак пракуратуры ў Магілёве
Будынак пракуратуры ў Магілёве

Калі раней дзяжурны пракурор прымаў наведнікаў у фае, на першым паверсе, то цяпер — у службовым кабінэце. Праваабаронца Валадар Цурпанаў настойвае: гэта вынік ягонага змаганьня за правы грамадзян. У самой пракуратуры пацьвердзілі, што працэдура сапраўды зьмененая.

«Звароты з патрабаваньнямі, запісы ў кнігу скаргаў ды прапановаў, арышт, і нарэшце — перамога. У пракуратуры Магілёва ліквідаваны ганебны закутак «прыёму грамадзян», — гэтак адрэагаваў на зьмену працэдуры праваабаронца на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Стол, за якім прымалі наведнікаў пракуратуры
Стол, за якім прымалі наведнікаў пракуратуры

«Год давялося біцца, каб яны прыбралі стол за калёнамі, пра які пракурор казаў, што гэта месца прыёму грамадзян. Днямі мне паведамілі, што таго стала ўжо няма. Я туды схадзіў і пераканаўся, што гэта так. Цяпер народ чакае, пакуль прыйдзе дзяжурны пракурор і правядзе іх у свой кабінэт», — сказаў Свабодзе Валадар Цурпанаў.

«Лічу, што гэта наступствы маіх заяваў пра гэты ганебны закутак у кнігу скаргаў ды прапановаў», — камэнтуе сытуацыю праваабаронца.

«Да таго ж праблема набыла публічны розгалас у выніку двух канфліктаў. Адзін зь якіх скончыўся маім зьняволеньнем. Пракуратура мусіла адрэагаваць, бо я калі пісаў скаргі, то настойваў, што пракуратура парушае правы грамадзян, — працягвае Цурпанаў. — На ўваходзе ахоўнік патрабаваў у наведнікаў дакумэнты, бо яго абавязвала службовая інструкцыя. Што азначае гэты прапускны рэжым у пракуратуры, наведнік спраўдзіць нідзе ня мог, бо не былі вывешаныя адпаведныя правілы паводзінаў. Калі ж іх уводзіць — значыць, абмяжоўваць правы грамадзян. Таму пракуратура і вырашыла прыбраць гэты закутак як факт, як зьяву».

Валадар Цурпанаў
Валадар Цурпанаў

На адну з заяваў Цурпанава абласная пракуратура адпісала, што «асабісты прыём грамадзян дзяжурным пракурорскім работнікам зьдзяйсьняецца ў вызначаным кіраўніцтвам пракуратуры месцы на першым паверсе будынку ў непасрэднай блізкасьці ад паста міліцыі па ахове грамадзкага правапарадку».

«Месца прыёму грамадзян вылучана зыходзячы з тэхнічнай магчымасьці будынку з улікам тых катэгорыяў грамадзян, якія ў пераважнай большасьці наведваюць органы пракуратуры, з мэтаю недапушчэньня і своечасовага спыненьня супрацьпраўных дзеяньняў зь іх боку», — адказалі праваабаронцу ў лісьце, які падпісаў першы намесьнік пракурора Магілёўскай вобласьці Алег Пімашкоў.

Пост міліцыі ў будынку пракуратуры застаўся. Супрацоўнік дэпартамэнту аховы, як і раней, пытаецца ў наведнікаў, да каго яны прыйшлі, а потым тэлефануе, каб да іх прыйшоў дзяжурны пракурор.

«У міліцыянта, такім чынам, адпадае неабходнасьць патрабаваць дакумэнты, бо асобу спраўдзіць пракурорскі работнік», — кажа Валадар Цурпанаў.

Адзін са згаданых інцыдэнтаў прывёў да таго, што на Цурпанава склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня. Праваабаронца патрабаваў, каб ягоную заяву прынялі ў службовым кабінэце, а не ў фае. Калі актывіст свайго не дамогся, то запатрабаваў кнігу скаргаў і прапановаў. Пасьля таго як яму яе не далі, ён выклікаў міліцыю. Пазьней Цурпанава зьвінавацілі ў ілжывым выкліку міліцыі.

Вынікам наступнага інцыдэнту стаў выклік міліцыі ўжо пракурорскім работнікам. Выкліканы нарад міліцыі затрымаў Цурпанава, і больш за суткі пра яго не было зьвестак. На разглядзе адміністрацыйнай справы праваабаронца настойваў, што лічыць абразьлівым для сябе як грамадзяніна, калі супрацоўнікі пракуратуры прымаюць звароты ці скаргі на першым паверсе будынку пракуратуры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG