У Вярхоўным судзе Беларусі пачаўся трэці дзень працэсу над былой «сэнатаркай», гендырэктарам Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі Ганнай Шарэйкай і яшчэ шасьцю абвінавачанымі ў службовых злоўжываньнях з нанясеньнем вялікай шкоды дзяржаве.
Пра пачатак суда над Ганнай Шарэйкай Свабода пісала тут.
24 лютага ў судзе пачаліся допыты абвінавачаных. Першым суд вырашыў дапытаць Уладзімера Ліарэнцэвіча, былога спэцыяліста па зьнешнеэканамічных сувязях птушкафабрыкі.
Уладзімер Ліарэнцэвіч — адзін з двух фігурантаў справы, якіх вызвалілі з-пад варты датэрмінова. Ліаранцэвіча вызвалілі яшчэ ў сьнежні 2014 году.
Абвінавачаны Ліарэнцэвіч адмовіўся даваць паказаньні. На просьбу пракурора Аляксея Мяцельскага патлумачыць прычыны адмовы абвінавачаны нічога не сказаў, а толькі спаслаўся на сваё права і заявіў, што прыняў гэта рашэньне бязь ціску.
Паводле рашэньня суду, пракурор пачаў зачытваць паказаньні Ліарэнцэвіча, якія той даваў на сьледзтве. З першага зачытанага допыту Ліарэнцэвіча вынікае, што на фабрыку пастаўляліся замежныя кармавыя дабаўкі ў абход кантракту. Таксама абвінавачаны назваў літоўскага грамадзяніна Вальдэмараса Норкуса грамадзянскім мужам Ганны Шарэйкі. Абвінавачаны Ліарэнцэвіч адмовіўся таксама адказваць на пытаньні пракурора і іншых удзельнікаў працэсу. Паводле назіральнікаў за працэсам, абвінавачаны Леарэнцэвіч для таго і адмовіўся даваць паказаньні, каб не адказваць на пытаньні.
У паказаньнях Ліарэнцэвіча прагучалі зьвесткі, паводле якіх Ганна Шарэйка распарадзілася на паседжаньні кіраўніцтва, што яны будуць закупляць кармавыя дабаўкі толькі з Рыскага камбікормавага заводу праз фірму «Руском-Р», якая належыла Норкусу. Паводле абвінавачанага, Норкус перадаў яму 500 даляраў «за тое, што працуюць разам».
У наступным допыце Леарэнцэвіч адмовіўся ад паказаньняў, што Норкус даваў яму 500 даляраў. Сказаў, што агаварыў сябе, каб вызваліцца. Гэты допыт адбываўся тады, калі Ліарэнцэвіч быў на волі. Паказаньні адносна парадку тэндэраў Ліаранцэвіч пацьвердзіў.