Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча патрабуе ад Беларусі выдаць двух дывэрсантаў, якія ўчынілі падрыў на чыгунцы


Урадавая дэлегацыя Польшчы на месцы падрыву чыгуначных каляінаў
Урадавая дэлегацыя Польшчы на месцы падрыву чыгуначных каляінаў

Часоваму паверанаму ў справах Беларусі ў Варшаве выдалі ноту з просьбай аб экстрадыцыі двух украінскіх дывэрсантаў, якія падарвалі рэйкі на ўсходзе Польшчы.

Часовы павераны ў справах Беларусі ў Варшаве атрымаў у сераду, 20 лістапада, ноту з просьбай аб экстрадыцыі двух грамадзян Украіны, падазраваных у дывэрсіі, зарганізаванай Расеяй. Пра гэта паведаміў прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Польшчы дзяржаўнаму інфармацыйнаму агенцтву PAP.

15 і 17 лістапада ў Польшчы адбыліся два здарэньні на чыгунцы. Спачатку стала вядома пра няспраўнасьці ў чыгуначнай інфраструктуры ў раёне населенага пункту Жычын, што ў Мазавецкім ваяводзтве, у люблінскім напрамку. Каляіны пашкодзіў выбух, непадалёк выяўленая яшчэ адна выбуховая прылада, якая не здэтанавала, паведамлялі польскія СМІ.

Другі падрыў адбыўся пад Пулавамі, штоў Люблінскім ваяводзтве, дзе была пашкоджаная чыгуначная кантактная сетка.

18 лістапада прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск паведаміў, што дывэрсію на польскай чыгунцы зьдзейсьнілі грамадзяне Ўкраіны, якія пасьля гэтага пакінулі краіну праз пункт пропуску Цярэспаль, выехаўшы ў Беларусь.

Тады ж міністар замежных спраў Радаслаў Сікорскі заявіў СМІ, што Варшава будзе патрабаваць ад Менску выдачы фігурантаў.

На наступны дзень Пракуратура Польшчы выставіла абвінавачаньні ў зьдзяйсьненьні дывэрсій тэрарыстычнага характару на заказ Расеі. Датычнымі лічаць 39-гадовага Аляксандра К. і 41-гадовага Яўгена І.

Мужчынаў абвінавачваюць у шпіянажы, які ўключае дывэрсіі ў інтарэсах замежных спэцслужбаў, стварэньні пагрозы катастрофы наземнага транспарту і выкарыстаньні выбуховых рэчываў. Ім пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.

У справе аб дывэрсіях затрымалі яшчэ некалькіх чалавек, але абвінавачаньні ім пакуль ня выставілі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG