Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд пачаў судзіць сэнатара Ганну Шарэйку


Заля на працэсе над Шарэйкай перапоўненая. Шмат сваякоў абвінавачаных і журналістаў
Заля на працэсе над Шарэйкай перапоўненая. Шмат сваякоў абвінавачаных і журналістаў

Разам зь ёй на лаве падсудных 6 чалавек, у іх ліку гарамадзянін Літвы Вальдэмарас Норкус.

У беларускім Вярхоўным судзе пачаўся разгляд справы сябра Савету Рэспублікі Ганны Шарэйкі, якая займала пасаду генэральнага дырэктара ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка».

Як перадае з суду карэспандэнт Свабоды, разам з Шарэйкай на лаве падсудных шэсьць чалавек, у тым ліку гарамадзянін Літвы Вальдэмарас Норкус, былы дырэктар фірмы «Даймас». Заля на працэсе перапоўненая, сярод прысутных шмат сваякоў абвінавачаных і журналістаў.

Судзьдзя Давыдаў, пракурор Мяцельскі. Падсудныя, акрамя Шарэйкі: Вальдэмарас Норкус, Надзея Семчанкава — былая намесьнік гендырэктара фабрыкі, Яўген Канавальчанка — былы намесьнік гендырэктара, Мікалай Камароў, былы намесьнік гендырэктара па фінансах, Уладзімер Ліарэнцэвіч — галоўны спэцыяліст па зьнешнеэканамічных сувязях фабрыкі, Пётар Разжавін — гендырэктар расейскай фірмы «Русском-Р».

Крымінальная справа ў дачыненьні да Шарэйкі была заведзеная Генэральнай пракуратурай у чэрвені 2014 году. Паводле інфармацыі праваахоўнікаў, на працягу некалькіх гадоў яна давала незаконныя ўказаньні службовым асобам птушкафабрыкі, якія ўваходзілі ў конкурсную камісію, каб яны прымалі рашэньні аб закупах кармоў і кармавых дадаткаў у замежнай фірмы па завышаных цэнах. Гэта пацягнула прычыненьне шкоды на 4 мільярды рублёў.

Паводле зьвестак праваахоўнікаў, у выніку сваёй дзейнасьці Ганна Шарэйка ў кароткія тэрміны змагла пабудаваць дарагі катэдж плошчай 240 кв.м, набыць элітную бытавую тэхніку і іншую маёмасьць. У дачыненьні да яе была заведзеная крымінальная справа паводле часткі 3 артыкулу 424 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG