Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зацікавіўся праектам павароту ракі Прыпяць, якая цячэ ва Ўкраіну


Аляксандр Лукашэнка, 2025
Аляксандр Лукашэнка, 2025

Канчатковага рашэньня яшчэ не ўхвалілі.

18 лістапада Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, на якой разам з чыноўнікамі абмеркаваў праграму разьвіцьця Палесься, разьлічаную на пэрыяд да 2030 году. Вядома, што кіраваць праграмай будзе Міхаіл Русы — прадстаўнік Лукашэнкі ў Берасьцейскай вобласьці.

Як піша БелТА, сярод іншага Лукашэнка зьвярнуў увагу на водныя рэсурсы галоўнай воднай артэрыі Палесься, ракі Прыпяць, якая ўпадае ў Дняпро, а той далей нясе свае воды праз Украіну ў Чорнае мора.

«Куды адыходзяць гэтыя воды? Добра б Украіна карысталася спаўна дняпроўскімі водамі... У мора адыходзяць гэтыя воды. Дык чаму ж мы сёньня не думаем аб тым, што гэту ваду трэба „павярнуць назад“ тады, калі трэба, і туды, куды трэба», — сказаў Лукашэнка на нарадзе.

Паводле Лукашэнкі раней кіраўніцтва Гомельскай вобласьці прапаноўвала яму вярнуцца да тэмы Днепра-Бугскіх каналаў і ён даручаў старшыні Гомельскага аблвыканкама Івану Крупко ўнесьці прапанову.

«Ён мне як унёс прапанову — у мяне ў вачах пацямнела. Таму што такіх вялікіх грошай у нас проста няма», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле БелТА, у выніку Лукашэнка сказаў, што наконт гэтай ідэі трэба яшчэ параіцца з дасьведчанымі людзьмі.

  • Сыстэма каналаў на тэрыторыі Палесься зьвязвае Дняпро з ракой Віслай, якая ўпадае ў Балтыйскае мора. Паводле праекту аднаўленьня гэтага воднага шляху пад назвай Е-40, які фінансава падтрымліваў Эўразьвяз, па ім можна штогод перавозіць да 6 мільёнаў тон грузаў, аднак праз вайну ва Ўкраіне і разрыў эканамічных сувязяў паміж Беларусьсю і Польшчай рэалізацыя праекта замарозілася.
  • Праект павароту сібірскіх рэк на поўдзень у пачатку 1980-х гадоў спрабавала рэалізаваць кіраўніцтва Савецкага Саюзу, якое спасылалася на патрэбы ў водных рэсурсах для сельскай гаспадаркі рэспублік Цэнтральнай Азіі.
  • Праект патрабаваў надзвычайных фінансавых укладаньняў, якімі краіна ўжо не валодала, а таксама пагражаў катастрафічнымі наступствамі для прыроды Сібіры, між тым улады пачалі яго рэалізоўваць. Змарнаваўшы велізарныя сродкі праект канчаткова спынілі з прыходам да ўлады ў СССР Міхаіла Гарбачова.
  • Выраз «паварот сібірскіх рэк» стаў прыкладам валюнтарызму і марнатраўства савецкай улады.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG