Сэрвіс Google Earth Pro абнавіў спадарожнікавыя здымкі беларускай сталіцы. На сьвежых кадрах можна ў дэталях разгледзець маштабы будаўніцтва на Залатагорскіх могілках, заўважыла «Наша Ніва».
Тут, за касьцёлам Сьвятой Тройцы (Сьвятога Роха), вядзецца будаўніцтва новага корпуса Акадэміі нацыянальнай бясьпекі — установы, якая рыхтуе кадры для КДБ.
Новыя здымкі пацьвярджаюць, што ранейшыя ацэнкі маштабаў гэтай амаль сакрэтнай будоўлі былі дакладнымі: гіганцкі катлаван «праглынуў» практычна ўсю вольную тэрыторыю квартала. Гэта азначае, што пад каўшамі экскаватараў апынулася большая частка гістарычных Залатагорскіх могілак, якія існавалі тут яшчэ з канца XVIII стагодзьдзя.
Частка могілак у сярэдзіне мінулага стагодзьдзя была зьнішчаная пад пракладку вуліцы Казлова і будаўніцтва Палаца мастацтва.
На месцы ж цяперашняга будаўніцтва тады зьнесьлі надмагільлі і ўзьвялі глушылку. Парэшткі ж людзей заставаліся ляжаць у зямлі.
Раней СМІ і каталіцкія актывісты паведамлялі, што будаўнікі знаходзяць чалавечыя косткі. Лёс выяўленых парэшткаў невядомы. Няма зьвестак і пра надмагільныя камяні, якія маглі б вярнуць імёны забытых менчукоў. Закон не абавязвае захоўваць іх, таму яны могуць апынуцца на звалцы як звычайнае будаўнічае сьмецьце.
«Наша Ніва» адзначае, што будаўніцтва вядзецца насуперак адразу двум законам.
Па-першае, парушаецца Закон «Аб пахаваньні і пахавальнай справе», згодна зь якім тэрыторыю былых могілак нават пасьля пераносу парэшткаў (чаго тут зроблена не было) нельга забудоўваць будынкамі — дазваляюцца толькі зялёныя насаджэньні.
Па-другое, ігнаруецца Кодэкс аб культуры і зацьверджаны Мінкультам праект зон аховы. Участак на Залатой Горцы ўваходзіць у ахоўную зону, дзе забаронена капітальнае будаўніцтва, а на тэрыторыі саміх могілак нельга пракладаць нават інжынэрныя сеткі.
Яшчэ ў 2018 годзе былі пляны пасьля зносу глушылкі зрабіць на вызваленай тэрыторыі «паркавую пляцоўку для сем’яў, каб адпачыць, памаліцца», а таксама адукацыйны цэнтар, — расказваў пробашч касьцёла Сьвятога Роха Юры Санько.
Форум