У бэрлінскім выдавецтве «Trescher» выйшаў друкаваны праваднік па Беларусі. Аб’ём — паўтысячы старонак з фатаздымкамі, мапамі і плянамі, наклад — 3 тысячы асобнікаў. Аўтары — колішняя журналістка агенцтва БелаПАН Марына Рахлей і філёляг-славіст Андрэ Бём.
Па словах Марыны Рахлей, якая цяпер жыве і працуе ў Нямеччыне, выданьне апісвае этапы дзяржаўнага станаўленьня краіны, расказвае пра сытуацыю ў палітыцы, эканоміцы, культуры, рэлігіі. Асобны разьдзел адсылае да гісторыі беларускай мовы, літаратуры, музыкі, тэатру. Ёсьць кароткі нямецка-беларуска-расейскі размоўнік.
Ад самага пачатку кідаецца ў вочы, што Беларусь у тытуле падаецца як Weißrussland. Марына Рахлей удакладняе, што ў выніку нежартоўнай «бітвы» з выдавецтвам удалося адстаяць напісаньне Republik Belarus у тэксьце, але на вокладцы дзеля пазнавальнасьці ўсё ж пакінута назва, вядомая немцам яшчэ ад савецкіх часоў — Weißrussland.
Аўтары зыходзілі з прынцыпу: «Краіна і яе культура — гэта больш, чым можна пабачыць вачыма». Таму ў кнізе фігуруюць ня толькі памяткі даўнейшай гісторыі, але і мясьціны, зьвязаныя з гістарычным кантэкстам Беларусі савецкага пэрыяду. Зьмешчаныя адрасы, можа, ня самыя прыцягальныя з гледзішча чыстага турызму, але важныя для разуменьня гэтай нядаўняй эпохі.
Ці стане пасьля гэтай працы Беларусь больш прывабнай для патэнцыйных турыстаў? Вось што пра гэта мяркуе другі аўтар даведніка — Андрэ Бём. У свой час па праграме акадэмічных абменаў ён выкладаў нямецкую мову ў Белдзяржунівэрсытэце ў Менску (2005–2010 гг.) і Дзяржаўным унівэрсытэце імя Янкі Купалы ў Горадні (2011–2015 гг.). Выдатна валодае беларускай і расейскай мовамі, жанаты зь беларускаю, мае дачку:
«Мы з Марынай зьвяртаем увагу на тое, што Беларусь — гэта, канечне ж, ня рай для турыстаў. Кажучы па справядлівасьці, ня Рым і не Парыж. Але ў Беларусі ёсьць вельмі шмат месцаў, якімі сапраўды можна зацікавіць іншаземцаў, і мы іх у выданьні апісваем. Паколькі наклад кнігі 3 тысячы асобнікаў, што адносна няшмат для такой краіны, як Нямеччына, мяркую, яна будзе распрададзена вельмі хутка».
Карэспандэнт: «З чым найперш асацыюецца Беларусь у вашых суайчыньнікаў? Чарнобыль, Лукашэнка, нешта яшчэ?».
«У многіх немцаў яна асацыюецца з краінай у пэўнай ступені ізаляванай, чаму спрыяе найперш палітычная сытуацыя ў Беларусі. Ну і, само сабой, традыцыйная зьвязка — Чарнобыль, Лукашэнка... Але, па вялікім рахунку, пра Беларусь ведаюць надзвычай мала. Нават нягледзячы на тое, што ў Нямеччыне ёсьць людзі, якія пачынаюць цікавіцца Беларусьсю. То бок калі я параўноўваю сытуацыю 10–15 гадовай даўнасьці, як толькі пачаў сюды прыяжджаць, і цяперашнюю, то колькасьць зацікаўленых немцаў вырасла. Усё, вядома, адносна, але на пачатку 2000-х не было і гэтага».
Цікаўлюся ў Андрэ Бёма: колькі часу пайшло на збор і сыстэматызацыю такога значнага матэрыялу?
«Мы пачалі працаваць над нашай кнігай яшчэ ў 2011-м, збор інфармацыі доўжыўся прыблізна 3 гады. Скажам так: мы скончылі працу дзесьці год таму, аддалі „рукапіс“ у выдавецтва, пасьля чаго пачалася рэалізацыя тэхнічнай часткі. Як, пэўна, ведаеце, апошнія чатыры гады я стала жыў у Беларусі, так што пошук фактуры ня быў вялікай праблемай. Але я яшчэ раней інтэнсіўна езьдзіў па краіне, і падчас гэтых падарожжаў таксама было зроблена шмат фатаздымкаў, сабрана багата фактычнага матэрыялу. Гэта ж, зразумела, тычыцца і Марыны Рахлей».
І ўсё ж — што замінае заходнім эўрапейцам разглядаць беларусаў як цікавых, адкрытых да кантактаваньня суседзяў? Чаму тых ж немцаў можна сустрэць па ўсім сьвеце, але не ў такой ужо геаграфічна аддаленай Беларусі? Падсумоўвае Андрэ Бём:
«Шмат для каго Беларусь застаецца ўсяго толькі былой савецкай рэспублікай, паўнавартаснай палітычнай супрацы практычна няма. А гэта — сур’ёзная перашкода, каб захацелася адкрываць для сябе Беларусь. Усё ж невядомасьць людзей палохае. Немцы, якія падарожнічаюць, прыяжджаюць у Беларусь, заўважна розьняцца ад сваіх папярэднікаў у 1990-х. Найперш, узроўнем зацікаўленасьці тым, што адбываецца ў вашай краіне. У сваёй бальшыні гэта адносна маладыя людзі ва ўзросьце 30–40 гадоў, студэнты. Я апошнія гады працаваў у Гарадзенскім унівэрсытэце, дык там, як і ў іншых беларускіх ВНУ, актыўна ўкараняецца адукацыйная праграма „Erasmus“, па лініі якой пачынаюць прыяжджаць студэнты зь Нямеччыны, з шэрагу заходніх краінаў. Думаю, такіх ахвотных зь цягам часу будзе ўсё больш».
Перад складальнікамі друкаванага правадніка стаяла задача вызначыць дзясятку галоўных мясьцін, здольных адлюстраваць беларускую непаўторнасьць. Урэшце спыніліся на Менску, Горадні, Полацку, Гомелі, Пінску, Мсьціславе, Нясьвіскім палацы Радзівілаў, палацы Сапегаў у Ружанах, царкве ў Сынкавічах, Белавескай пушчы. Мірскі замак, разьмешчаны на вокладцы, стаіць асобна, бо гэта ўжо раскручаны брэнд, і яго прапануюць любому госьцю першым чынам.
Разам з тым у пералік нацыянальных адметнасьцяў ўвайшлі і аб’екты ў іншых гарадах Беларусі — Барысаве, Быхаве, Ветцы, Воршы, Гальшанах, Іўі, Слоніме, Слуцку, Ракаве, Косаве. Некалькі турыстычных маршрутаў пракладзеныя па сталіцы.
У сьнежні кніга паступіць у продаж. Прадавацца яна будзе ў кнігарнях і інтэрнэт-крамах нямецкамоўных краінаў. Кошт стартуе ад 21,59 эўра.