Аматары айчыннай гісторыі, відаць, зьвярнулі ўвагу на кніжную сэрыю «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры». Не заўважыць яе немагчыма — за апошнія год-паўтара брашурак з пазнавальнымі партрэцікамі на вокладках выйшла даволі шмат, і часам у кнігарнях іх ставяць на паліцу ў адмысловай скрынцы. Ян Чачот, Мітрафан Доўнар-Запольскі, Аркадзь Смоліч, Мікола Ермаловіч... Дзясяткі сапраўды годных імёнаў — здавалася б, як тут не парадавацца за распрацоўнікаў, аўтараў і выдаўцоў сэрыі, якая, да слова, і каштуе вельмі танна. Пакупнік па такой цане набывае кнігі, не прыцэньваючыся. Набыў і я — жыцьцяпіс Міколы Ермаловіча, напісаны Анатолем Астапенкам.
Набыць набыў, але радаваўся нядоўга. Радасьць маю, як туман над ранішнім лугам, дарэшты разьвеяла прадмова, напісаная Анатолем Тарасам — «заснавальнікам, каардынатарам і рэдактарам» усёй сэрыі. У той прадмове я не знайшоў ні слова пра вартасьці Астапенкавай кніжкі, там і сам Ермаловіч прысутнічае як дапаможная фігура, як «сьведка на працэсе». А сам «працэс», увесь ягоны патас і гнеў скіраваныя супраць гісторыка Алеся Краўцэвіча. «Заснавальнік і каардынатар» вырашыў скарыстаць сваю ж сэрыю, каб зьвесьці асабістыя рахункі. І зрабіў гэта ў беспардонна-агрэсіўнай форме. Прычым — прыкрыўшыся партрэцікам Ермаловіча.
У прадмове ён цьвердзіць, што «такія, як Краўцэвіч, старанна служаць тым, хто дае ім грошы, — летувісам, палякам, расейцам», што «для людзей, падобных Краўцэвічу, галоўнае ва ўсе часы — добра ўладкавацца», што «да 1992 году ўсе яны хаваліся пад шафай, як мышы». Паводле Анатоля Тараса, Краўцэвіч — і хлус, і прыстасаванец, і каньюнктурнік.
Бі хоць таўкачом, абы было па чом — кажуць у народзе. Па чым жа б’е аўтар прадмовы, якая ня мае аніякага дачыненьня да кніжкі, на пачатку якой зьмешчаная? Аказваецца, угнявіў яго тэкст Алеся Краўцэвіча «Анатоль Тарас і Парнас», дзе крытычна (але, на маю думку, аргумэнтавана) ацэньвалася дзейнасьць Анатоля Тараса як гісторыка і публікатара. І вось — адказ, які нагадвае размахваньне аглобляй на навуковай дыскусіі. Што ж, махай, калі запярэчыць ня можаш, але — у іншым месцы. Пры чым тут Ермаловіч?!
У прадмове Анатоль Тарас вінаваціць прафэсійных гісторыкаў (усіх без вынятку!) у тым, што падчас застою тыя «пісалі казкі пра дасягненьні савецкага ладу і змаганьне беларусаў за камунізм». А ў якасьці ўзору такой творчасьці чамусьці прыводзіць працу Алеся Краўцэвіча «Гарады і замкі беларускага Панямоньня XIV–XVIII ст.». Вось жа ніхто ня ведаў, што ў асобна ўзятых Лідзкім і Мірскім замках камунізм быў пабудаваны яшчэ паўтысячагодзьдзя таму! Гэтае «адкрыцьцё», безумоўна, належыць запісаць на рахунак Анатоля Тараса.
А на рахунку доктара гістарычных навук Алеся Краўцэвіча — больш за дзясятак кніг па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку падрабязныя жыцьцяпісы вялікіх князёў. Кнігі тыя сталі настольнымі для маладых гісторыкаў, іх вывучаюць ва ўнівэрсытэтах, прэзэнтацыі іх адбываюцца па ўсёй Беларусі. Прывяду толькі адзін факт: кніга «Стварэньне Вялікага Княства» вытрымала ўжо чатыры перавыданьні і стала сапраўдным бэстсэлерам, што зь літаратурай падобнага жанру здараецца надзвычай рэдка.
Беспадстаўна вінавацячы Алеся Краўцэвіча за прыслужваньне камуністычнай ідэалёгіі, Тарас мог бы згадаць (і гэта выглядала б дарэчы) пра кніжку таго ж Міколы Ермаловіча «Дарагое беларусам імя» (1970), дзе расказвалася не пра Гедыміна ці Міндоўга, а пра Леніна. Як па мне, гэта быў вымушаны кампраміс, які аніякім чынам не дыскрэдытуе імя славутага гісторыка. Але аўтар прадмовы забываецца на гэты факт, апантаны жаданьнем адпомсьціць, згнюсіць, затаптаць у гразь імя іншага гісторыка.
У гэтай апантанасьці «заснавальнік і каардынатар» сэрыі забываецца, што ён яшчэ і рэдактар
У гэтай апантанасьці «заснавальнік і каардынатар» сэрыі забываецца, што ён яшчэ і рэдактар. А таму ў кніжцы Анатоля Астапенкі безьліч артаграфічных памылак, стылёва недапушчальных выразаў накшталт «адгадаваныя тлустыя літоўцы», «эўфарыя прыйшла ў свой антыпод», «паходзіў хоць зь сялянскай, але пародзістай сям’і», «ішоў, як сабака па сьледу» (гэта пра Міколу Ермаловіча!). Сустракаюцца і факталягічныя памылкі. Скажам, рэдактарам часопіса «Маладосьць», які надрукаваў Ермаловічаву «Старажытную Беларусь», быў ня Генрых Далідовіч, а Анатоль Грачанікаў.
Ведаючы Анатоля Астапенку, я патэлефанаваў яму і сказаў: прадмова пахавала тваю кніжку. У адказ пачуў, што «заснавальнік, каардынатар і рэдактар» уставіў яе туды бязь ведама аўтара... Як кажуць, далей ехаць няма куды.
За паклёп і шахрайства Статут ВКЛ 1588 году, якім больш за два стагодзьдзі карысталіся нашы продкі, прадугледжваў пакараньне — «быць бітым ля ганебнага слупа розгамі». Пра гэта, напэўна ж, ведаў Мікола Ермаловіч — герой кніжкі, якой так не пашанцавала з прадмовай. Думаю, і для яе «антыгероя» Алеся Краўцэвіча Статут ВКЛ — падручная кніга. Ня шкодзіла б і Анатолю Тарасу часьцей заглядаць у той статут — асабліва перад «каардынаваньнем» свайго чарговага выдавецкага праекту ці пісаньнем да яго прадмовы. А раптам падзейнічала б, і выдавецтву «Харвест» (менавіта яно выпускае сэрыю «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры») не давялося б чырванець за сваю прадукцыю.
На гэтым можна было б паставіць кропку. Але днямі мне патэлефанаваў адзін паважаны чалавек і «ад імя Анатоля Тараса» папрасіў напісаць кніжку пра Ларысу Геніюш — для той самай «харвестаўскай» сэрыі. Натуральна, я адмовіўся. Кніжку тую, хутчэй за ўсё, нехта напіша. А ў прадмове да яе «заснавальнік, каардынатар і рэдактар» зможа даць свой чарговы суровы адлуп, і я нават здагадваюся — каму...
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.