Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто кананізаваў гаўляйтэра Кубэ?


Міхась Скобла
Міхась Скобла

За карыкатуры на прарока Мухамэда рэдакцыя францускага часопіса «Шарлі Эбдо» была расстраляная тэрарыстамі. Водгалас тых аўтаматных чэргаў доўга яшчэ чуўся ў эўрапейскіх сталіцах і мусульманскіх краінах. І неяк усе экспэрты сышліся на тым, што маляваць падобныя карыкатуры непажадана, але ўвогуле можна, а вось забіваць за іх — катэгарычна нельга. Хто ж тут будзе пярэчыць наконт самасуду і забойства? Не забі — пастулят у хрысьціянскім сьвеце неаспрэчны.

Але сьвет хрысьціянскі — толькі частка сьвету агульнага, дзе могуць дзейнічаць зусім іншыя правілы. Ну не прыдумалі яшчэ нейкай прымальнай для ўсіх народаў канстытуцыі, паўсюль абавязковай да выкананьня. Дый пра зацьверджаную ААН Усеагульную дэклярацыю правоў чалавека палова насельніцтва зямлі ў лепшым выпадку толькі чула. І жыве тая палова, кіруючыся сваімі законамі, у тым ліку рэлігійнымі. Таму, на вялікі жаль, чалавецтва і ў будучыні не абыдзецца без канфліктаў на рэлігійнай глебе. Занадта блізка, проста небясьпечна блізка сышліся ў паўсядзённым жыцьці розныя рэлігіі. Рана ці позна іскра паміж імі праскочыць, і штосьці выбухне.

Міжрэлігійныя, нават міжканфэсійныя адносіны — увогуле вельмі далікатная сфэра. І спрадвеку талерантная Беларусь тут не выключэньне. Згадайма верш Алеся Гаруна «Спрэчка», героі якога сустрэліся на местачковым кірмашы. І ўсё было б у іх добра, каб хтосьці не скіраваў кірмашовую дыскусію ў рэлігійнае рэчышча.

Так ад цэнаў, бульбы, меры,
Што на рынку фальш дае,
Зачапілі справы веры
Дый... счапілісь за яе!

Гэтта слоў ім не хапіла, —
Знана вёска: словаў брак!
Потым, слова — хіба ж сіла?
Хіба ж зробіць, як кулак?

От і пляснуў Тодар ў вуха
Па-суседзку Тамашу,
І паўстала завіруха
У карчме на кірмашу.

Завіруху тую праз пэўны час супыніў дзед Ігнацы — гэткі сабе міратворца, хоць і не ў аанаўскай касцы. Ён разьняў разгарачаных сварліўцаў і прачытаў ім цэлую лекцыю пра неабходнасьць мірнага суіснаваньня. А каб ня дзед Ігнацы? Пазабіваліся б да сьмерці тыя дзядзька Тодар, два Пранцішкі, сват Гілерык і кум Тамаш.

Як падаецца, у сучаснай Беларусі падставаў для міжрэлігійнай варажнечы няма. Дзьве асноўныя канфэсіі — праваслаўная і каталіцкая — маюць свае прызнаныя дзяржавай сьвяты, іхныя катэдральныя саборы ў сталіцы нярэдка перазвоньваюцца цераз вуліцу, свае духоўныя сэмінарыі маюць і тыя, і тыя. Адраджаецца і будуе свае храмы царква ўніяцкая, чыйго сьвятога Язафата Кунцэвіча, праўда, на дух не пераносіць РПЦ. Якімі толькі эпітэтамі ня хрысьціць яго праваслаўны друк, тая ж «Жыровіцкая абіцель»: і вераадступнік, і ерэтык, і схізматык... Ну, але гэта гісторыя даўняя, тагачасныя падзеі «ў капцах паснулі, зельлем парасьлі».

Ня той, кажаце, Язафат Кунцэвіч сьвяты? А як вы паставіцеся да другога сьвятога, імя якога неяк адразу і не назавеш. Кананізаваў яго ня папа Рымскі з калегіяй кардыналаў, а малады празаік Андрэй Лазуткін, чыя аповесьць «Полигон» выйшла нядаўна ў выдавецтве «Кнігазбор».

Сучасных чытачоў мала чым зьдзівіць ці абурыць можна. Прывыклі ўжо да ўсяго. Тым больш калі выдавецкая анатацыя папярэджвае, што кніга, напісаная ў жанры «ост-мадэрнізму», «кагосьці раніць, для кагосьці стане адкрыцьцём». То бок, аўтар загадзя намерыўся нанесьці камусьці рану. Але і папярэджаны чытач, думаю, спатыкнецца аб наступны тэкст (стар. 39): «Наша греко-католическая церковь причислила убиенного гауляйтера Вильгельма Кубэ к лику мучеников — иконку со святым Вильгельмом Минским можно купить в любой церковной лавке».

Вось дык «адкрыцьцё» зрабіў Андрэй Лазуткін — беларуская ўніяцкая царква ў почат сьвятых да пакутніка за веру Язафата Кунцэвіча дадала гаўляйтэра Кубэ! Вось такі «ост-мадэрнізм» атрымаўся ў аўтара. Як ні дзіўна, гэтае «адкрыцьцё» і гэткі «ост-мадэрнізм» ня выклікалі пярэчаньняў ні ў дасьведчанай рэдактаркі кнігі Людмілы Рублеўскай, ні ў кіраўніцтва Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, у чыёй сэрыі «Кнігарня пісьменьніка» той «Полигон» і выйшаў у сьвет.

Мастацкая аповесьць, скажаце? Выдуманая фабула, гратэскавы сюжэт? Але ж уніяцкая царква ў Беларусі — рэальнасьць, дый Кубэ — ня выдуманы пэрсанаж. І калі мітрапаліт Сяргей Гаек зьвернецца з адпаведным пазовам у суд — хто адважыцца яго папракнуць? Я не адважуся, бо лічу, што «кананізацыя Кубэ» — сьвядомая правакацыя з мэтай выклікаць скандальчык. Праз скандальчык і ўвядоміцца можна, і героем у чыіхсьці вачах стаць.

Гісторыя з гаўляйтэрам — не адзінае «адкрыцьцё» Андрэя Лазуткіна. На старонках ягонай кнігі можна прачытаць пасажы накшталт: «Белорусская центральная рада — хуже фашистов», або: «полешуки — что-то вроде чукчей». А калі хтосьці ў ягонай аповесьці вітаецца: «Хайль Гітлер!», то абавязкова чуе ў адказ: «Жыве!». А калі, выбачаюся, камусьці падцерціся трэба, то аўтар знаходліва падсоўвае яму «Беларускую газэту» з партрэтам прэзыдэнта БЦР Радаслава Астроўскага. Увогуле, прыбіральняў у «Полигоне» яўна не хапае, таму галаву галоўнага героя пастаянна «сверлит навязчивая мысль: где бы поссать?».

Вось такой «честной и талантливой прозой» (з тае самае анатацыі) частуе нас малады пісьменьнік. Чытаючы яе, міжволі ўзгадваеш показку: калі пад дзьвярыма хтосьці наваліў, а потым пазваніў, то мае месца інсталяцыя, а калі спачатку пазваніў, а потым наваліў, то гэта пэрформанс.

«Полигон» таварыша Лазуткіна (ён сябра камуністычнай партыі, таму падобны зварот да месца) — гэта названыя вышэй жанры ў адным фляконе. Таму і пахне адпаведна, ажно на ваніты цягне.

Я ўжо не кажу пра «адкрыцьці» ў галіне адукацыі. Аўтар, які нібы на машыне часу раз-пораз апынаецца ў акупаваным немцамі Менску, цьвердзіць, што ў тагачасных беларускіх школах вучылі толькі лічыць да ста. А для каго ж тады друкаваліся падручнікі статысячнымі накладамі? Ці іх «кананізаваны» неўзабаве гаўляйтэр у райх вагонамі адпраўляў? На распалку, выбачаюся, печаў у Дахаў і Бухэнвальдзе...

Палігоны бываюць розныя. Напрыклад, «палігон ног і лап» паэта Віктара Жыбуля — гэта паліндром, які чытаецца аднолькава з абодвух бакоў. Гульня словаў, якая нікога ня раніць. А «Полигон» Андрэя Лазуткіна чытача без адпаведнага імунітэту абражае і раніць, і выклікае ўстойлівае жаданьне выкінуць увесь гэты «ост-мадэрнізм» у кантэйнэр для сьмецьця...

P. S. Прашу Беларускі ПЭН-Цэнтар не ўспрымаць гэты тэкст як дыскрымінацыю расейскамоўнага літаратара А. Лазуткіна.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG