Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар абароны Літвы – салідная жанчына


Сёлета ў сьнежні роўна год, як абаронным ведамствам Літвы кіруе Раса Юкнявічэне. Яе з поўным правам можна назваць экспэртам у справах Беларусі. Як сябра прэзыдыюму партыі “Саюз Айчыны” (партыя стала пераемніцай руху за незалежнасьць Літвы “Саюдзіс”), Раса Юкнявічэне была сярод тых, хто стаяў ля вытокаў парлямэнцкай групы “За дэмакратычную Беларусь”. Спадарыня Юкнявічэне -- сябра літоўскага Сэйму ад 1990 году, а ў складзе новага ўраду ўзначаліла Міністэрства абароны Літвы.


-- Спадарыня Юкнявічэне, практыка постсавецкіх краінаў сьведчыць, што міністар абароны, як правіла, гэта салідны мужчына ў генэральскім званьні…

-- А я вось -- салідная жанчына (сьмяецца)

-- Што абсалютна бясспрэчна. Але на Вашым прыкладзе ці можна казаць: каб эфэктыўна кіраваць арміяй, не абавязкова быць у генэральскіх лямпасах і заканчваць адмысловыя ўстановы?

-- Найперш, я не кірую арміяй. У краінах NATO, у дэмакратычных дзяржавах немагчыма ваеннаму быць міністрам абароны. Гэта супрацьзаконна. У нас дзейнічае грамадзянскі, дэмакратычны, палітычны кантроль над вайскоўцамі. Так што мужчына ці жанчына (а перада мной быў былы лекар ад сацыял-дэмакратаў), але яшчэ не было ніводнага ваеннага. А калі нават ваенны, то ён павінен быць у адстаўцы. Гэта ў адпаведнасьці з нашым заканадаўствам. Арміяй, паводле Канстытуцыі, кіруе важная фігура – Галоўнакамандуючы арміяй. Зараз гэта генэрал-маёр Арвідас Поцюс, прызначаны сёлетнім летам. Вось ён зьяўляецца ваенным. Так што нашае міністэрства складаецца як з цывільных, так і з вайскоўцаў, але ўзначальвае абавязкова цывільны чалавек, уключна з асобай міністра. А арміяй кіруе Галоўнакамандуючы з усімі сваімі структурамі. І ён таксама прызначаецца разам прэзыдэнтам і парлямэнтам.

-- Камэнтуючы нядаўнія беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні “Захад-2009”, Вы ў досыць катэгарычнай форме заявілі: манэўры нясуць пагрозу ваеннага толку. Якія ўвогуле зробленыя высновы ў Міністэрстве абароны Літвы наконт тых вучэньняў?

-- Ну як сказаць у адказ ці не ў адказ? Літва нікому не пагражае. А вось сцэнар, легенда тых вучэньняў былі вельмі дзіўнымі. Гэты сцэнар мне вельмі моцна нагадаў часы халоднай вайны. Маўляў, NATO – гэта ворагі, гэта пагроза; ворагі нападаюць на Беларусь зь Літвы... Ну якія мы тут ворагі? Наша армія ня мае ніякай нападніцкай стратэгіі. Літоўская стратэгія – толькі абаронная. Таму канечне, гэта голая прапаганда, якая ня ведаю на якіх наіўных людзей разьлічаная. Я маю на ўвазе прапаганду вакол неабходнасьці такіх вучэньняў. Але гэта рэальнасьць, бо яшчэ не было пасьля распаду Савецкага Саюзу вучэньняў такога маштабу. Канечне, мы вывучалі і вывучаем акалічнасьці манэўраў, пра гэта ведаюць і вашы афіцыйныя асобы. І відавочна, што такія вучэньні не спрыяюць той сытуацыі, калі дэкляруецца, што акно ў Эўропу для Беларусі нібыта прыадчынілася.

Зь іншага боку, я разумею: такія вучэньні – не пагроза NATO. Як арганізацыі. NATO, канечне, нашмат мацнейшая і можа даць адпор. Гэта ведаюць усе. Чаму такія вучэньні мелі месца на тэрыторыі Беларусі? Думаю, сэнс у тым, каб прадэманстраваць: Беларусь зьяўляецца часткай сфэры ўплыву канкрэтнай дзяржавы. І скіравана гэта было ў большай ступені на вас, чым на нейкія трэція краіны. Вучэньне мела больш геапалітычныя, тэрытарыяльныя аспэкты, чым яно пагражала Літве як сябру NATO. Калі б мы не былі сябрамі NATO, то, канечне, пытаньне гучала б інакш. А калі яшчэ з аднаго боку, то я нават рада, бо ў нас зьяўляецца больш аргумэнтаў мець аналягічныя вучэньні і адпаведную падрыхтоўку тут, на нашай тэрыторыі.

-- У афіцыйных колах Літвы ёсьць адчуваньне ваеннай небясьпекі з усходу?

-- Усе нашы афіцыйныя дактрыны гавораць аб тым, што наўпроставай ваеннай пагрозы сёньня для Літвы няма. Іншыя пагрозы – кшталту энэргетычнай залежнасьці, палітычнай ці сацыяльнай нестабільнасьці, падмацаванай звонку, інфармацыйныя войны -- усё гэта так ці інакш ёсьць. Але простай ваеннай пагрозы няма, таму што мы сябры NATO, і 5-ы артыкул дамовы альянсу дзейнічае. Мы працуем над тым, каб дамова ў выпадку небясьпекі сапраўды дзейнічала. І практычна ведаем, што на справе гэта будзе насамрэч дзейнічаць.

-- Ці маеце Вы намер пазнаёміцца зь беларускім калегам – якраз з шэрагу “салідных мужчынаў”?

-- Я запрашала вашага міністра абароны. Праўда, не новага, а яшчэ “старога”. Была выказаная прынцыповая згода. Але, на жаль, літаральна нядаўна ў вас адбыліся кадравыя зьмены. У выніку я атрымала ліст з просьбай “зразумець сытуацыю”. Але запрашэньне дзейнічае і для новага міністра. І я думаю, спадзяюся, што ў наступным годзе такая сустрэча адбудзецца тут, у Вільні.

-- Спадарыня Юкнявічэне, на Ваш погляд, наколькі прэстыжная, запатрабаваная вайсковая служба ў Літве?

-- У нас зараз адбываюцца значныя рэформы ў арміі. Я прыйшла на гэтую пасаду, калі былы ўрад адмовіўся ад прызыўнікоў і зараз у нас войска толькі прафэсійнае. Мая партыя не была “за” гэтае рашэньне, і зараз мы бачым, што было памылкай так хутка, без падрыхтоўкі перайсьці ад прызыўной да выключна прафэсійнай сыстэмы. Асабліва калі мы ў крызісе, калі няма грошай на прафэсіяналаў, таму што мы мусім плаціць гэтым людзям. Зараз сытуацыя такая, што мы маем больш за тысячу чалавек, якія ня могуць дачакацца, калі ж мы возьмем іх у войска. Але ў нас няма грошай. Таму перайшлі да іншай мадэлі: з тых людзей, якія чакаюць чаргі па-за войскам, узялі сто ў якасьці прызыўнікоў, на тых жа умовах. Потым для іх будзе год пераходны з крыху ніжэйшым заробкам, а пасьля ўжо яны стануць прафэсіяналамі. Мы паглядзім на іх матывацыю, на іх падрыхтоўку фізычную, псыхалягічную і г.д. Але гэта ўсё добра, калі крызіс і беспрацоўе, пра такую матывацыю зусім нельга забывацца. У іншым выпадку сытуацыя магла быць іншай. Але ў любым выпадку наша армія па апытаньнях грамадзкасьці знаходзіцца на 3-4 месцах. Вельмі добры вынік. Людзі давяраюць арміі, але маладыя людзі ня так ужо хочуць быць прызыўнікамі.

-- Ці адчувальна паўплываў на матэрыяльнае становішча вайскоўцаў глябальны крызіс?

-- Людзі хочуць падвышэньня заробкаў усюды, канечне. І ў Амэрыцы хочуць. Мы зараз, на жаль, заробкі зьменшылі ўсім. Я ня ў курсе па ўсіх катэгорыях, але шараговец першага году службы атрымлівае жалаваньне ў памеры 2000 літаў. Гэта салдат. Потым, натуральна, памеры павялічваюцца. У мяне заробак на рукі, так бы мовіць, чыстымі, атрымліваецца 7600 літаў. Дарэчы, заробак папярэдняга міністра быў 15000. Але крызіс, і мы заробкі зьменшылі ў салідарнасьць з усімі іншымі. Нічога ня зробіш. Калі мы зьмяншаем пэнсіі, то мусім таксама пачаць эканоміць. Толькі на першых старонках газэт ня пішуць пра тое, як мы моцна сабе зьменшылі заробкі (сьмяецца).

-- Не сакрэт, што ў Вас досыць шчыльныя сувязі зь Беларусьсю. Ці адчуваеце Вы прагрэс у заяўленай эўрапейскай скіраванасьці Менску?

-- Так, зь Беларусьсю ў мяне досыць спэцыфічныя сувязі. Яшчэ ў апазыцыі я кіравала групай па сувязях літоўскага парлямэнту з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Мы доўгі час працавалі на парлямэнцкім узроўні, я ведаю многіх вашых лідэраў апазыцыі. Зараз, працуючы ў Міністэрстве абароны, ёсьць шмат падставаў, каб наладзіць кантакты зь людзьмі, якія цяпер ва ўладзе. Так, зараз мы бачым крыху прыадчыненае вакно для Беларусі. Аднак, можа так стацца, што яно і зачыніцца, бо няма ўпэўненасьці ў сардэчнасьці, адкрытасьці з боку беларускага кіраўніцтва. Але ўсё ж... І як я бачу будучыню, сыходзячы з нашай сытуацыі, то гэта прагматычны інтарэс: каб Беларусь як дзяржава была ў Эўропе, каб яна была на эўрапейскай мапе, каб наша мяжа была зь Беларусьсю, а не зь якойсьці іншай вялікай дзяржавай. На жаль, у нас няма пакуль што асаблівых кантактаў як у палітычнай сфэры, так і на ўзроўні Міністэрстваў абароны -- то бок, з вашымі ваеннымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG