Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зэльцэра сустрэнуць у Нью-Ёрку кветкамі


Эмануіл Зэльцэр, 30 чэрвеня.
Эмануіл Зэльцэр, 30 чэрвеня.
Празь некалькі гадзінаў дамоў у Нью-Ёрк вернецца Эмануіл Зэльцэр — амэрыканскі грамадзянін, які адбыў у беларускіх турмах амаль 15 месяцаў і 30 чэрвеня быў памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам.

Эмануіл Зэльцэр ляціць у Нью-Ёрк самалётам зь Вены, куды вылецеў сёньня раніцай зь Менску. У Менскім аэрапорце журналісты з Зэльцэрам так і не пабачыліся. Брат Зэльцэра Марк, які жыве ў Нью-Ёрку, патлумачыў “Свабодзе”, чаму ён выбраў менавіта гэты, самы раньні рэйс:

“Я за яго вырашыў гэты рэйс. Было некалькі магчымасьцяў, але я зыходзіў з таго, што яму хочацца як мага хутчэй зьехаць. І таму я выбраў гэты першы рэйс, а 5:30 раніцы. У Вену”.

Марк Зэльцэр кажа, што нават яму брат нічога не распавядаў адносна сваёй справы, а расказаў толькі пра тое, якое ў яго здароўе і які настрой:

“Ён сказаў, што
Калі яму абвясьцілі пра вызваленьне, ён не адразу паверыў, бо яму раней падобнае шмат разоў казалі.
калі яму абвясьцілі пра вызваленьне, ён не адразу паверыў, бо яму раней падобнае шмат разоў казалі. Але калі выйшаў за межы калёніі, то, хаця быў такі слабы, што яго кідала ў бакі, але адчуваў сябе гатовым паляцець да зорак. Такім чынам, настрой у яго такі, што, мяркую, у сябе ён прыйдзе хутка. І яшчэ: абсалютна сьветлая галава. Я адмыслова правяраў яго, ці памятае прозьвішчы пэўных людзей, пэўныя тэлефоны? Усё памятае. Уражаньне, што ў турме ён быў не 15 месяцаў, а 15 дзён”.

Паводле Марка Зэльцэра, гісторыя ягонага брата шырока вядомая ў ЗША. Часьцей за ўсё брата называюць тут “закладнікам Лукашэнкі”, кажа Марк Зэльцэр. Ён мяркуе, што ў аэрапорце Нью-Ёрку брата будуць сустракаць дзясяткі простых людзей, а ня толькі прадстаўнікі ўладаў і журналісты:

“Будзе вельмі шмат: сям’я, сябры, калегі па працы. Я налічыў толькі 25 былых кліентаў Эмануіла, якія зьбіраюцца прыехаць. Я нікому не кажу адмыслова, але яны неяк даведваюцца і прыяжджаюць. Шмат будзе”.

Марк Зэльцэр выказаў вялікую падзяку “добрым людзям”, якія спрычыніліся да вызваленьня ягонага брата, у тым ліку журналістам недзяржаўных мэдый у Беларусі. Карэспандэнту “Свабоды” Марк Зэльцэр сказаў: “Гэта не Лукашэнка вызваліў Эмануіла, гэта вызваліў ты і твае калегі”:

Існуе меркаваньне, што Эмануіл Зэльцэр стаў ахвярай інтрыг вакол спадчыны заўчасна памерлага грузінскага алігарха Бадры Патаркацышвілі, на якую нібыта прэтэндуе і расейскі алігарх-уцякач Барыс Беразоўскі. Паводле гэтай вэрсіі, Барыс Беразоўскі нібыта справакаваў у Менску арышт Зэльцэра, які быў адвакатам Патаркацышвілі і валодаў дакумэнтамі адносна ягонай спадчыны. Беразоўскі адмаўляе сваю датычнасьць да гэтай справы. Разам з Эмануілам Зэльцэрам была асуджаная грамадзянка Расеі, ягоная сакратарка Ўладлена Функ (Брускова). Год зьняволеньня жанчына адбывала ў Гомельскай жаночай калёніі. 20 сакавіка 2009 году Ўладлену Функ вызвалілі, цяпер яна ў ЗША.

“Я зыходжу з таго, як асьвятлялася гэта незалежнымі журналістамі ў Беларусі. Спачатку я думаў, што артыкул у „Нью-Ёрк Таймс“ альбо ў „Лёндан Таймс“ будзе значнейшы за артыкул у „Беларускіх навінах“, на БелаПАНе ці Радыё Свабода. Але ў выніку гэта выявілася няправільна. На шчасьце, мы зразумелі гэта даволі хутка, што пытаньне справядлівага вырашэньня гэтага канфлікту, увогуле справядлівасьці ў Беларусі, — гэта пытаньне дзейнасьці і сьмеласьці незалежных мэдый у Беларусі. Зараз ва ўсім сьвеце ўсе агенцыі падаюць навіну, што яго выпусьцілі. А я паўтараю, што ведаю, хто яго адпусьціў і хто яго вызваліў. Яго вызвалілі добрыя людзі ў Беларусі”.

Вялікую падзяку Марк Зэльцэр выказаў таксама амэрыканскаму ўраду і асабліва часоваму паверанаму ў справах ЗША ў Беларусі Джонатану Муру, якога назваў “бліскучым дыпляматам”.

Усе 15 месяцаў пасьля арышту Эмануіла Зэльцэра 12 сакавіка 2008 году Радыё Свабода не радзей як раз на тыдзень абавязкова згадвала пра гэтага амэрыканца, прыводзіла меркаваньні пра прычыны ягонага арышту, зьбірала факты зь ягонай закрытай беларускімі ўладамі справы. Я спытаўся ў Марка Зэльцэра: якою бачыцца яму будучыня гэтай справы зараз, пасьля вызваленьня Эмануіла Зэльцэра?

Марк Зэльцэр за тое, каб “перагарнуць цяжкую старонку і больш да яе не вяртацца”. Але, сказаў Марк Зэльцэр, гэта вырашаць ягонаму брату і толькі яму. Марк Зэльцэр мяркуе, што ягоны брат сустрэнецца з журналістамі, але ня выключыў, што спачатку яму будзе патрэбны час, каб “паправіць здароўе, сапсаванае ў беларускіх турмах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG