Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка памілаваў Зэльцэра


Эмануіл Зэльцэр
Эмануіл Зэльцэр
Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб памілаваньні Эмануіла Зэльцэра, грамадзяніна ЗША, чыйго вызваленьня на гуманных падставах настойліва дамагаўся амэрыканскі ўрад.

Вызваліць Эмануіла Зэльцэра Аляксандар Лукашэнка паабяцаў сёньня, 30 чэрвеня ў размове з амэрыканскімі кангрэсмэнамі, прычым паабяцаў зрабіць гэта “ўжо цягам дня”. Аднак амаль да вечара афіцыйныя крыніцы ў Менску маўчалі пра тое, ці прынятае адносна Зэльцэра нейкае рашэньне. Блізу 17 гадзіны прэсавы сакратар кіраўніка дзяржавы Павал Лёгкі паведаміў “Свабодзе”:

“Так, магу пацьвердзіць, што Аляксандар Лукашэнка сапраўды падпісаў указ аб памілаваньні Эмануіла Зэльцэра”.

Эмануіл Зэльцэр зараз знаходзіцца ў магілёўскай калёніі № 15, яго трымаюць у мэдычнай частцы калёніі. Калі амэрыканец выйдзе на волю? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да адваката Зэльцэра — Зьмітра Гарачкі, які зараз знаходзіцца ў Магілёве. Адвакат, аднак, ня мае інфармацыі пра тое, калі вызваляць ягонага падабароннага:

“Ніякай інфармацыі няма”.

Брат Зэльцэра Марк, які жыве ў Нью-Ёрку, уважліва сочыць за падзеямі ў Менску і Магілёве вакол ягонага брата, якога лічыць ахвярай барацьбы вакол спадчыны памерлага грузінскага алігарха Бадры Патаркацышвілі. Зэльцэр быў адвакатам Патаркацышвілі, раптоўна памёрлага ў лютым 2008 году.

Марк Зэльцэр гэтак пракамэнтаваў навіну пра ўказ аб памілаваньні ягонага брата:

“Кожны дзень бы такое!.. Не, зразумела, што пакуль я яго не пабачу, казаць канчаткова рана. Сёньня першы дзень, калі такі прасьвет. Спадзяюся, мы яго прывядзем у належны стан. Празь лекараў, харчаваньне, любоў. Гэта былі самыя дрэнныя 15 месяцаў ягонага жыцьця, а ўсё астатняе будзе сьветлым”.

Эмануіл Зэльцэр быў арыштаваны летась 16 сакавіка, прыляцеўшы зь Лёндана ў Менск, і асуджаны беларускім судом на 3 гады зьняволеньня за камэрцыйны шпіянаж і падробку дакумэнтаў. Ужо вядома, што Зэльцэр прыляцеў у Менск на асабістым самалёце расейскага алігарха-ўцекача Барыса Беразоўскага. Марк Зэльцэр мяркуе, што Беразоўскі і справакаваў арышт ягонага брата, а таксама — што расейскі алігарх прэтэндуе на частку маёмасьці Патаркацышвілі. Барыс Беразоўскі гэтыя абвінавачаньні абвяргае і не камэнтуе зьвесткі, паводле якіх летась ён прылятаў у Менск на працэс над Зэльцэрам і нават сустракаўся зь ім у турме. Я спытаўся ў Марка Зэльцэра: якім, на яго думку, будзе наступны крок Барыса Беразоўскага?

“Я ведаю, што, на жаль, людзі Беразоўскага знаходзяцца цяпер у Менску. Канечне, гэта для іх ня самая лепшая навіна. Самае галоўнае, каб ён спакойна выехаў з краіны і прыехаў у ЗША. Тут мы пра яго паклапоцімся”.

У амбасадзе ЗША ў Беларусі не даюць камэнтароў пра захады дзеля выезду Эмануіла Зэльцэра ў ЗША.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG