Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кавалеўскі пра Коўла: «Такіх людзей называюць акуламі, якія могуць правесьці самыя складаныя перамовы»

абноўлена

Палітык і дыплямат Валер Кавалеўскі. Спэцпасланьнік ЗША па Беларусі Джон Коўл, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Ілюстрацыйны каляж.
Палітык і дыплямат Валер Кавалеўскі. Спэцпасланьнік ЗША па Беларусі Джон Коўл, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Ілюстрацыйны каляж.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў пра прызначэньне Джона Коўла спэцыяльным пасланьнікам ЗША ў справах Беларусі і анансаваў вызваленьне яшчэ 50 палітвязьняў. Ці схлусіў Лукашэнка, гаворачы, што адправіў амэрыканцаў на тры літары?

Ці дапаможа Джон Коўл у разьвязаньні літоўска-беларускага памежнага крызісу? У чым палягае сутнасьць угоды паміж афіцыйным Менскам і ЗША?

Гэта ды іншае вядучая Ганна Соўсь абмяркоўвае ў жывым эфіры з кіраўніком Агенцтва трансатлянтычнага супрацоўніцтва, палітыкам і дыпляматам Валерам Кавалеўскім.

1:15 — Што адбываецца ў адносінах паміж Беларусьсю і ЗША па-за публічнымі заявамі
5:49 — Хто такі Джон Коўл, намінаваны Дональдам Трампам на пасаду спэцпасланьніка ЗША ў справах Беларусі
8:50 — Як намінаваньне Джона Коўла камэнтуе офіс Ціханоўскай
12:25 — У чым Валер Кавалеўскі ня згодны з офісам Ціханоўскай
19:26 — Наколькі шырока прынята ў дыпляматычнай практыцы прызначэньне спэцыяльных пасланьнікаў і ці сьведчыць гэта пра важнасьць краіны
23:59 — Як Трамп наладжвае сувязі з былымі рэспублікамі СССР
28:54 — У чым можа быць сутнасьць угоды паміж афіцыйным Менскам і ЗША?
34:50 — Крызіс на беларуска-літоўскай мяжы
43:58 — Ці павінны Лукашэнка сядзець у турме
45:24 — Ці схлусіў Лукашэнка, гаворачы, што адправіў амэрыканцаў на тры літары
47:35 — Чаму Трамп у публічных допісах зьменшыў лічбу чаканых вызваленьняў у Беларусі

Фрагмэнт размовы

— Давайце пагаворым пра спэцпасланьніка ў пытаньнях Беларусі Джона Коўла, які амаль год вядзе перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам. Джона Коўл — юрыст, працаваў з буйнымі пазовамі супраць тытунёвых кампаній, пра што згадвае Дональд Трамп у сваим допісе. Ён мае сталыя кантакты з Дональдам Трампам, дапамагаў яму ў медыя- і юрыдычных пытаньнях. Валер, што вам вядома пра Джона Коўла, пра ягоны ўплыў і сувязі?

— Джон Коўл — вельмі дасьведчаны дыплямат. У Злучаных Штатах юрысты — гэта людзі, якія валодаюць выдатнымі сувязямі, гэта даволі высокааплачваемая прафэсія. У беларускім кантэксьце важна, што амэрыканскія юрысты — спэцыялісты пра правядзеньні перамоваў, асабліва на такім высокім узроўні, калі вядзецца пра шматмільярдныя пазовы. Такія перамовы сапраўды вельмі складаныя, недарма гэтых людзей называюць акуламі, якія могуць правесьці самыя складаныя перамовы. Для іх гэты асяродак абсалютна звыклы. Я б дадаў тут вельмі важны момант, што жонка Джона Коўла, Грэта Ван Сустэрэн — вядомая журналістка, менавіта ў кансерватыўных колах. У свой час яна была і адвакаткай, можна сказаць, што гэтая пара — даволі ўплывовая ў Вашынгтоне. Але самае галоўнае, гэта тое, што Джон Коўл —- давераная асоба Дональда Трампа. У яго ёсьць наўпроставы доступ да Трампа дзеля таго, каб абмяркоўваць, прапаноўваць, каб дасягаць нейкіх вынікаў. Цікавая адметнасьць, што званок Дональда Трампа Лукашэнку, які адбыўся ў жніўні напярэдадні саміта з Пуціным на Алясцы, гэта была прапанова менавіта Джона Коўла, які палічыў, што Дональду Трампу будзе варта паразмаўляць з чалавекам, які ведае Пуціна як вельмі блізкага чалавека, як палітыка, з якім ён працуе ўжо трэці дзесятак гадоў. У Коўла ёсьць магчымасьць уплываць на Трампа, але таксама атрымліваць і неабходную падтрымку з боку прэзыдэнта Злучаных Штатаў.

— Наколькі шырока прынята ў дыпляматычнай практыцы прызначэньне спэцыяльных пасланьнікаў? Як гэта сьведчыць пра важнасьць краіны для ЗША? Ці гэта асаблівасць міжнароднай палітыкі Дональда Трампа?

— Адміністрацыя Трампа адметная тым, што ў іх моцны ўхіл на тое, каб прызначаць людзей наўпрост адказных перад Трампам. Інстытут спэцпасланьнікаў пачынае імкліва расьці менавіта пры Трампе. Гэта прымяншае ролю і важнасьць Дзяржаўнага дэпартамэнта, які становіцца фактычна больш тэхнічным інстытутам дзеля абслугоўваньня працы спэцпасланьнікаў. Калі мы былі ў верасьні ў Вашынгтоне і сустракаліся якраз у офісе Джона Коўла, дакладней, генэрала Келага, то нам ужо тады было сказана, што Джон Коўл будзе галоўным па Беларусі ў Дзяржаўным дэпартамэнце, і вось зараз гэтае рашэньне пачынае фармалізавацца. Я б яшчэ адзначыў адметнасьць спэцыяльных пасланьнікаў у тым, што Джон Коўл яшчэ павінен будзе прайсьці працэдуру ўхваленьня ў Сэнаце Кангрэса Злучаных Штатаў. Гэта абавязковая ўмова. Фактычна гэта робіцца як для амбасадараў. То бок гэта ня толькі давер ад прэзыдэнта Злучаных Штатаў, а таксама і ад заканадаўчай улады, якая павінна даць зялёнае сьвятло, дзеля таго, каб ён выконваў свае абавязкі ўжо пры поўнай палітычнай падтрымцы ад усяго істэмблішмэнта.

— А калі будзе прызначаны амбасадар Злучаных Штатаў у Беларусі, і калі ён прыедзе, чым будзе ягоная роля адрозьнівацца ад спэцыяльнага пасланьніка?

— Амбасадар — гэта той чалавек, які пастаянна знаходзіцца ў краіне, у яго таксама такія самыя паўнамоцтвы, нават шырэйшыя, я думаю, чым у спэцпасланьніка. Спэцпасланьнік — спэцыяльная адзінка, якая прызначаецца для вырашэньня канкрэтнай сытуацыі.

— Давайце паглядзім на рэгіёны, куды Дональд Трамп прызначаў спэцыяльных пасланьнікаў і пра важнасьць гэтых рэгіёнаў для Злучаных Штатаў і як на гэтым тле выглядае Беларусь.

— Найбольш адметная Вэнэсуэла, якая таксама зьяўляецца праблемнай краінай па многіх парамэтрах і з пункту гледжаньня ўнутрыпалітычнай сытуацыі, але таксама там ёсьць перасячэньне інтарэсаў буйных геапалітычных гульцоў Расеі і Кітая, які вельмі зацікаўленыя і вельмі шмат укладаюць у Вэнэсуэлу. У Вэнэсуэле цяпер расьце напружанасьць, і Трамп фактычна ўжывае даволі жорсткія падыходы дзеля таго, каб паўплываць на Мадура, каб дамагчыся зьмены сытуацыі, фактычна зьмены рэжыму ў гэтай краіне.

Я адзначыў бы цікавы момант у зьнешняй палітыцы Трампа, які тычыцца ўжо нашага рэгіёна наўпрост — ён ня мае сур’ёзных перашкодаў, палітычных барʼераў да таго, каб працаваць з аўтарытарнымі рэжымамі. Літаральна некалькі месяцаў таму, калі мы былі ў Вашынгтоне на кансультацыях, пачуў ад аднаго саветніка ў даволі важнай установе, які сказаў, што на сёньняшні дзень ужо столькі аўтарытарных рэжымаў у сьвеце, што Злучаныя Штаты проста ня могуць сабе дазволіць не размаўляць з імі. Трэба вырашаць гэтыя праблемы і шукаць магчымасьці таго, каб Злучаныя Штаты атрымлівалі як мага больш карысьці ад узаемадзеяньня з такімі краінамі.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG