Неўзабаве пасьля гэтага законапраект падпісаў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.
Згодна з законам, супрацоўнікам многіх дзяржаўных устаноў, якія не атрымлівалі заробкі цягам 43 дзён, будзе выплачана поўная кампэнсацыя, а сотні тысяч дзяржаўных служачых, якія знаходзіліся ў вымушаным неаплатным адпачынку, вернуцца да працы, а таксама будуць адноўленыя выплаты харчовай дапамогі маламаёмным амэрыканцам.
Раней Кангрэс ня мог дамовіцца аб дзяржаўным фінансаваньні, бо дэмакраты настойвалі на падаўжэньні падатковых льгот на мэдычнае страхаваньне і выдзяленьні сродкаў на льготныя праграмы аховы здароўя, у той час як рэспубліканцы адмаўляліся падтрымліваць гэтыя патрабаваньні.
Урэшце, дэмакратам не ўдалося дасягнуць сваёй мэты. Некалькі заканадаўцаў-дэмакратаў прагаласавалі за законапраект пасьля абяцаньня рэспубліканцаў абмеркаваць пытаньне падаўжэньня субсыдый у бліжэйшы час.
Паводле зьвестак Бюджэтнага ўпраўленьня Кангрэсу, праз спыненьне працы, выкліканае шатдаўнам, рост ВУП ЗША скароціцца ў чацьвёртым квартале на 1,5 %.
Для большасьці амэрыканцаў найбольш бачным сымбалем спыненьня працы стала скасаваньне значнай колькасьці рэйсаў па ўсёй краіне праз недахопу авіядыспэтчараў.
Новы закон прадугледжвае фінансаваньне большасьці дзяржаўных службаў толькі да канца студзеня, калі Кангрэсу зноў давядзецца вырашаць пытаньне разьмеркаваньня асыгнаваньняў на дзяржаўныя выдаткі.
Цяперашняе прыпыненьне працы ўраду ЗША стала самым доўгім у гісторыі краіны: шатдаўн адбываецца, калі Кангрэс ня можа дамовіцца аб фінансаваньні ўрадавай дзейнасьці, што пачынаецца 1 кастрычніка.
Папярэдні рэкорд быў усталяваны ў пачатку 2019 году, у часе першага прэзыдэнцтва Дональда Трампа. Тады шатдаўн доўжыўся 34 дні і 21 гадзіну.
Простай большасьці, якую маюць рэспубліканцы ў абедзьвюх палатах Кангрэсу, не хапіла для прыняцьця бюджэту. У Сэнаце галоўны фінансавы дакумэнт ЗША павінен быць ухвалены не менш, чым 60 дэпутатамі з 100.
Форум