Дата дня
13 лістапада 1625 году памёр Салямон Рысінскі, паэт-лацініст, першы, хто назваў сябе беларусам. У 1586 годзе, паступаючы ва ўнівэрсытэт Альтдорфу ў Нямеччыне, ён пазначыў сябе беларусам. Для гэтага ўраджэнец Полаччыны выкарыстаў тэрмін «Leucorussus». Цалкам гэта гучала як Solomo Pantherus Leuсorussus.
Пратэстант паводле веравызнаньня, Рысінскі быў пасьлядоўным у называньні сябе беларусам. У 1588 годзе ў лісьце да свайго нямецкага сябра Конрада Рытэрсгаўзэна ён упершыню назваў сваю радзіму «Беларусьсю», дзеля гэтага ўжыўшы тэрмін «Leucorossia».
Напісаў Статут Слуцкай пратэстанцкай школы, быў сябрам Лідзкай супольнасьці кальвіністаў. Памёр у Дзяляцічах на Наваградчыне.
13 лістапада 1915 году ў Вільні адкрылася першая беларуская пачатковая школа. Гэтаму папярэднічалі гады змаганьня за беларускую школу, якой не даваў адкрыць царскі ўрад.
У школе выкладала нямецкую мову Юльяна Мэнке, нарачоная Івана Луцкевіча. Усе яны разам з Вацлавам Ластоўскім ды іншымі ўваходзілі ў Беларускую школьную камісію на чале з Антонам Луцкевічам. Эліта нацыянальнага руху, не заўсёды згодная міжсобку ў палітычных пытаньнях, супольна займалася беларускім школьніцтвам як прыярытэтнаю справаю.
Пра стварэньне школы гісторык Уладзімер Ляхоўскі пісаў так:
Першая беларуская школа ў зоне Обэр-Ост была адкрытая 13 лістапада 1915 году ў Вільні на Юраўскай вуліцы дзякуючы стараньням Аляізіі Пашкевіч-Кейрысовай і Баляслава Пачобкі. Пачаткова лік вучняў у школе складаў усяго 36 чалавек, зь якіх былі сфармаваныя 3 узроставыя групы.
13 лістапада нефармальна адзначаецца Дзень беларускай школы. Сёлета ён праходзіць на тле няспыннага зацісканьня беларускамоўнай адукацыі на радзіме, у Беларусі. Шторазу ўсё меней беларускіх вучняў атрымліваюць веды на роднай мове, у школьніцтве пануе мова расейская. На 100-годзьдзе Таварыства беларускай школы рэжым Лукашэнкі скасаваў рэгістрацыю гэтай арганізацыі. У сваю чаргу, беларуская дыяспара за мяжою адкрывае гурткі, клясы зь беларускай мовай навучаньня, змаганьне беларусаў за асьвету дзяцей на роднай мове працягваецца.
У гэты дзень
1851 — пачала дзейнічаць тэлеграфная служба паміж Лёнданам і Парыжам.
1851 — увялі ў эксплюатацыю чыгунку паміж Масквой і Санкт-Пецярбургам.
2015 — адбылася сэрыя тэрарыстычных атак у Парыжы.
У гэты дзень нарадзіліся
1806 — Эмілія Плятэр, вядомая беларуская фальклярыстка і паэтка, удзельніца паўстаньня 1830–1831 гадоў. У часе вызвольнага паўстаньня яна ўзначаліла аддзел з 280 пехацінцаў, 60 вершнікаў і некалькіх сотняў узброеных косамі сялян і, пераапрануўшыся ў мужчынскае адзеньне, павяла іх на Дынабург-Дзьвінск.
1836 — Яраслаў Дамброўскі, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863–1864 гадоў, генэрал Парыскай камуны.
1850 — Робэрт Льюіс Стывэнсан, ангельскі пісьменьнік.
У памяці
1942 — Уладзіслаў Талочка, беларускі рэлігійны дзяяч, гісторык і літаратурны крытык.
1943 — Уладзіслаў Казлоўскі, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, паэт, выдавец. Быў адным з арганізатараў Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі ў 1930-я гады. Застрэлены савецкімі партызанамі ў Менску ў рэдакцыі «Беларускай газэты», галоўным рэдактарам якой быў.
1989 — Фёдар Янкоўскі, беларускі мовазнаўца і пісьменьнік. Сябар Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з 1968 году. З 1983-га — прафэсар катэдры беларускага мовазнаўства. Складальнік зборнікаў крылатых словаў і афарызмаў, прыказак і прымавак.
2007 — Цімох Вострыкаў, удзельнік антысавецкага збройнага супраціву пач. 1950-х, палітвязень, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1990-х – пачатку ХХІ стагодзьдзя.