Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарга на выезд у Польшчу 13 лістапада павялічылася. Мытнікі Беларусі пагражаюць літоўскім кіроўцам штрафамі

абноўлена

На беларуска-латвійскай мяжы ў пункце «Грыгораўшчына» 13 лістапада стаяць 155 фур. Ілюстрацыйнае фота
На беларуска-латвійскай мяжы ў пункце «Грыгораўшчына» 13 лістапада стаяць 155 фур. Ілюстрацыйнае фота

Як паведамілі на сайце Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі на 8-ю гадзіну раніцы 13 лістапада, выезду ў Польшчу чакалі 3060 легкавых аўтамабіляў (12 лістапада — 297), 650 грузавікоў (770) грузавікоў і 55 аўтобусаў (15).

На беларуска-латвійскай мяжы ў пункце «Грыгораўшчына» 13 лістапада стаяць 155 фур (12 лістапада было 170), а 7 лістапада ў чарзе было 360 грузавікоў.

Выезду ў Літву ў пункце пропуску Каменны Лог чакаюць 570 грузавікоў і 359 — у Беняконях (12 лістапада было 370).

У Дзяржаўным мытным камітэце Беларусі ўдакладнілі, што на спэцыяльныя пляцоўкі ўжо перагналі 1045 грузавікоў на літоўскай рэгістрацыі. Кіроўцаў яшчэ 220 фур шукаюць, каб прымусіць іх перамясьціць у адмысловыя месцы. 140 з гэтых грузавікоў знаходзяцца абапал дарог недалёка ад пунктаў пропуску.

Мытнікі Беларусі пагражаюць кіроўцам літоўскіх перавозьнікаў адміністрацыйнай адказнасьцю за невыкананьне абавязаньня перавезьці грузавікі на спэцпляцоўкі. Яна прадугледжвае санкцыю ў выглядзе штрафу ў памеры да 100 базавых велічынь паводле артыкулу 24.3 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях — 4200 рублёў.

Пасьля прылёту зь Беларусі балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі літоўскі ўрад закрыў два пункты пропуску на мяжы з Беларусьсю. У выніку зьявіліся доўгія чэргі легкавікоў і аўтобусаў на выезьдзе зь Беларусі ў Польшчу.

Як раней паведамляў Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі, у сувязі з закрыцьцём літоўскімі ўладамі мяжы з Беларусьсю ў шэсьць разоў вырасла чарга легкавых транспартных сродкаў на выезьдзе ў Польшчу ў пункце пропуску «Берасьце».

Калі тыдзень таму выезду празь беларуска-польскую мяжу ў сярэднім чакалі 300-400 аўтамабіляў, то цяпер іх больш за 2500.

31 кастрычніка ўрад Беларусі пастанавіў забараніць праезд літоўскім фурам праз пункты пропуску іншых краін.

Што папярэднічала

Да 27 кастрычніка памежная служба Літвы падчас залёту балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі двойчы цалкам закрывала мяжу зь Беларусьсю на некалькі гадзін уначы. А з 27 кастрычніка закрыла яе для беларусаў цалкам — пакуль на месяц.

Праз палёты балёнаў увосень 9 разоў закрывалі паветраную прастору над Віленскім аэрапортам. У тым ліку адзін раз ужо пасьля поўнага закрыцьця мяжы — 30 кастрычніка.

Закрыцьцё мяжы будзе дзейнічаць да першай гадзіны ночы беларускага часу 1 сьнежня — з магчымасьцю падаўжэньня.

28 кастрычніка Польшча заявіла, што гатовая адкрыць два памежныя пераходы зь Беларусьсю ў лістападзе. Але 30 кастрычніка, пасьля кансультацыяў зь Літвой, перанесла гэты неназваны тэрмін яшчэ на некалькі тыдняў.

31 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што рашэньню Польшчы пра адкрыцьцё памежных пераходаў папярэднічала дамоўленасьць пра вызваленьне Анджэя Пачобута і іншых палітвязьняў. Цяпер яна таксама адкладзеная.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG