Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Будуць менш хадзіць у кавярні, а каву піць дома». Што адбываецца з кавай у Беларусі і ці будуць далей расьці цэны


Кава ў беларускай краме, ілюстратыўнае фота
Кава ў беларускай краме, ілюстратыўнае фота

Беларусы адзначаюць высокія цэны на каву. Цэны вырасьлі ўва ўсім сьвеце праз кепскі ўраджай. Мы паглядзелі, колькі цяпер каштуе кава ў Беларусі і як беларусы выходзяць з сытуацыі.

Молатая кава падаражэла на 54%

Беларусы адзначаюць высокія цэны на каву. Адзін зь беларускіх блогераў падняў у інтэрнэце пытаньне падаражэньня кавы ў Беларусі. І зрабіў іранічную выснову: інвэставаць варта было ня ў крыптавалюту, а ў пакункі кавы. Яго падтрымалі камэнтатары. Адна з удзельніц дыскусіі адзначыла, што за паўтара месяца пакунак кавы Jacobs падаражэў з 52 да 63 рублёў.

Мы паглядзелі цяперашнія цэны на каву на сайтах беларускіх крамаў. Купіць каву Jacobs у зерні (800 грамаў) расейскага вырабу можна праз сэрвіс edostavka за 51 рубель на зьніжцы. Кава Lavazza ў зерні каштуе ў беларускіх крамах 110–120 рублёў за кіляграм; молатую каву Dallmayr (500 грамаў) прадаюць на зьніжцы па 43 рублі. Кубачак амэрыкана ў кавярнях Беларусі, як відаць з онлайн-мэню, каштуе у сярэднім 4–7 рублёў, у рэстарацыях — 10 рублёў.

Удзельнікі дыскусіі выказалі думку, што кава адных і тых жа марак, прывезеная ў Беларусь і, прыкладам, у краіны Эўразьвязу, мае розную якасьць. Як пазначана на старонках беларускіх крамаў, каву нямецкай маркі Jacobs у зерні, якую прадаюць са зьніжкай, прывезьлі, яна першага, а не найвышэйшага гатунку. У той жа час беларускія крамы пазначаюць, што каву Lavazza, якую яны прадаюць, вырабілі ў Італіі, а Dallmayr — у Нямеччыне.

Молатая кава ў Беларусі за год (зь верасьня 2024 па верасень 2025 году), паводле Белстату, падаражэла на 54%. Прадстаўнік Нацыянальнага банку Беларусі Андрэй Картун адзначыў, што рост цэнаў на каву даў 0,2% інфляцыі. Для параўнаньня, цэны на чорную гарбату вырасьлі на 16% за год.

Кава падаражэла ўва ўсім сьвеце

Кава падаражэла ня толькі ў Беларусі, але ўва ўсім сьвеце. Асноўнай прычынай стаў меншы яе ўраджай, асабліва ў Бразыліі і Віетнаме, празь неспрыяльнае надвор’е: сьпёку, засуху, тайфун. За апошні год цэны на каву ў сьвеце вырасьлі на 57%. Пры гэтым запасы кавы ў сьвеце падаюць.

Так, цэны на каву значна вырасьлі за апошнія месяцы у суседняй Польшчы. Цяпер кіляграм кавы Jacobs у зерні у польскіх крамах каштуе каля 17 эўра (каля 58 рублёў), Dallmayr — 22 эўра (каля 75 рублёў), Lavazza — 24 эўра (каля 82 рублёў). Кубачак амэрыкана ў польскіх кавярнях каштуе 3–4 эўра (10–14 рублёў).

У Літве кіляграм кавы Lavazza ў зерні каштуе 32 эўра (109 рублёў), кіляграм Jacobs у зерні — 18 эўра (61 рубель), кубачак амэрыкана ў кавярні — 1,5–4 эўра (5–14 рублёў).

Ва Ўкраіне кіляграм кавы Lavazza ў зерні каштуе 1100–1500 грыўняў (прыкладна 77–105 беларускіх рублёў), кавы Dallmayr у зерні — 1200 грыўняў (84 беларускія рублі), Jacobs — 1100 грыўняў (77 беларускіх рублёў). Кубачак амэрыкана ва ўкраінскіх кавярнях каштуе 70–80 грыўняў (5–6 беларускіх рублёў).

Цэны на каву ў крамах краінаў ЭЗ ніжэйшыя, чым у беларускіх, а ў кавярнях — наадварот. Ва Ўкраіне цэны на каву бліжэйшыя да беларускіх.

«Менш сталі піць каву толькі зумэры»

Суразмоўца Свабоды, які працуе ў сфэры грамадзкага харчаваньня, расказаў на ўмовах ананімнасьці, што менш піць каву сталі толькі зумэры, то бок людзі, маладзейшыя за 30 гадоў. На ягоную думку, кава далей будзе даражэць, бо ў сьвеце зьмяншаецца плошча надзелаў, прыдатных да вырошчваньня кавы, а таксама расьце ўзровень жыцьця насельніцтва краін, дзе вырошчваюць каву, якое звычайна зьбірае зерне кавы за даляр у дзень.

Некаторыя інтэрнэт-карыстальнікі прызнаюцца, што праз высокія цэны на каву перайшлі на цыкорыю і гарбату. Жартуюць, што і на спатканьні цяпер будуць запрашаць не «на каву», а «на гарбату».

Камэнтатары дзеляцца інфармацыяй, дзе і якую каву набываюць. Адна беларуска кажа, што купіла на рынку кіляграм кавы ў зерні Lavazza ORO за 75 рублёў. Гэта на 30% таньней, чым у краме. Іншая раіць пераходзіць на каву расейскай маркі «Жокей», але ёй адказваюць, што гэтую каву немагчыма піць. Ёсьць прапановы менш вядомых марак кавы, якія закупляюць праз інтэрнэт-крамы.

«Дальнабойнікі» зь Беларусі, якія працуюць у Літве, адзначаюць, што яшчэ засталася кава ў пакунках за старую цану на аўтазапраўках на іхняй трасе, і плянуюць закупіцца там. Увозіць каву з Эўразьвязу ў Беларусь цяпер можна толькі для ўласнага карыстаньня, а не на продаж. Да таго ж дзейнічаюць абмежаваньні — ня больш за 1 кіляграм кавы ў тыдзень.

Яшчэ некалькі камэнтатараў адзначаюць, што смачная кава розных гатункаў сьвежага пражаньня — на «Беларуснафце». Нядаўна Лукашэнка раскрытыкаваў людзей, якія на аўтазапраўках купляюць ня толькі паліва, але і каву, і гэтым нібыта затрымліваюць чаргу.

Чакаюць плаўнага росту цэнаў на каву ў 2026-м

Эканамістка, экспэртка BEROC Анастасія Лузгіна у камэнтары Свабодзе сказала, што ў 2026 годзе кава ў сьвеце і адпаведна ў Беларусі можа надалей плаўна даражэць, наўрад ці будуць рэзкія скачкі цаны. Гэта вынікае з прагнозаў на сёлетні ўраджай кавы.

Анастасія Лузгіна
Анастасія Лузгіна

«У Бразыліі прагназуюць, што кавы будзе менш, чым летась, а ў Калюмбіі наадварот — чакаюць росту зборы кавы. Гэта можа стабілізаваць цэны на ўсясьветных рынках. Лепшы ўраджай можа скарэктаваць, ня даць расьці цэнам на кававае зерне на сусьветных рынках у канцы 2025-га і ў 2026 годзе», — адзначае Анастасія Лузгіна.

Яна дадае, што кароткатэрміновы ўсплёск цэнаў на каву можа быць у пачатку 2026 году, бо да канчатковага спажыўца рост цэнаў прыходзіць з спазьненьнем у параўнаньні з ростам сусьветных цэнаў.

«Калі мы кажам пра беларускі рынак, то да росту цэнаў на каву на сусьветных рынках дадаюцца іншыя фактары: дынаміка даходаў насельніцтва, рост заробкаў, які захоўваецца на высокім узроўні. Калі ў гэтых умовах кава працягне памяркоўна даражэць, думаю, гэта ня моцна паўплывае на попыт, ён захаваецца», — тлумачыць Лузгіна.

Паводле яе, беларусы наўрад ці будуць пераходзіць з кавы на цыкорыю і гарбату.

«У выпадку запавольваньня росту даходаў некаторыя могуць проста крыху менш хадзіць у кавярні, больш піць каву дома і пераключацца на таньнейшыя варыянты», — мяркуе суразмоўца.

Экспэртка адзначыла, што за апошнія дзесяць гадоў аб’ёмы спажываньня кавы расьлі, значна — у Кітаі. Асноўнымі спажыўцамі напою застаюцца Злучаныя Штаты Амэрыкі і краіны Эўропы. Яны спажываюць 40% гэтага прадукту.

«Нягледзячы на тое, што цэны на каву ў 2024 годзе падскочылі, попыт застаецца высокім і ў доўгатэрміновай пэрспэктыве будзе расьці. Зыходзячы з гэтай дынамікі, мы наўрад ці можам сказаць, што праз дарагую каву зьнізіцца попыт і зьнізяцца цэны. Кава застаецца прывабным таварам», — адзначае суразмоўца.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG