Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва хоча зрабіць больш строгім пакараньне за паветраныя шары з кантрабандай


Аэрастат з кантрабандай
Аэрастат з кантрабандай

Урад Літвы ўхваліў папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія ўзмацняюць жорсткасьць пакараньня за дастаўку кантрабанды, калі яна нясе пагрозу грамадзкай бясьпецы.

Пасьля таго, як кабінэт міністраў ухваліць праект, падрыхтаваны Міністэрствам унутраных спраў (МУС), ён будзе накіраваны ў Сейм.

Як інфармуе LRT, дэпутатам, імаверна, прапануюць разгледзець папраўкі ў парадку асаблівай тэрміновасьці, бо справа на тле прылёту аэрастатаў зь Беларусі набыла вялікую грамадзкую значнасьць.

«Гэтыя папраўкі падрыхтаваныя ў адказ на пагрозы нацыянальнай бясьпецы, зьвязаныя зь нядаўняй актывізацыяй кантрабанды з дапамогай мэтэазондаў», — сказаў міністар унутраных спраў Уладзіслаў Кандратовіч.

«Дзейныя санкцыі за кантрабанду ацэньваюцца як неэфэктыўныя», — сказаў ён.

Тлумачальная запіска да праекту паведамляе, што цяпер кантрабандысцкімі паветранымі шарамі звычайна перавозіцца каля 1,5 тыс. пачакаў цыгарэт ці іншых тавараў падобнага памеру, сума складае каля 6 тыс. эўра.

Кантрабанда такога кошту не прыводзіць да крымінальнай адказнасьці, можа пагражаць толькі адміністрацыйны штраф, памер якога можа дасягаць 6 тыс. эўра.

На думку міністэрства, дзейнае рэгуляваньне недастаткова выразнае і пасьлядоўнае ў выпадках, калі парушэньні, зьвязаныя з выкарыстаньнем бесьпілётных лятальных апаратаў, уключаючы кантрабандысцкія паветраныя шары, ствараюць значныя пагрозы і наступствы для цывільнай авіяцыі і грамадзкай бясьпекі.

Прапануецца ўзмацніць жорсткасьць крымінальнай адказнасьці за кантрабанду любым спосабам: па паветры, па вадзе, аўтамабілямі, — калі яна пацягнула за сабой небясьпеку для жыцьця або здароўя чалавека, прадпрыемства, важнага для забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі, парушыла бясьпечны рух транспарту або груба парушыла грамадзкі парадак.

За кантрабанду тавараў, якія падлягаюць абкладаньню мытнай пошлінай, акцызных тавараў, у тым ліку цыгарэтаў, прадугледжана пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 4 да 8 гадоў. Аналягічнае пакараньне прадугледжанае за кантрабанду ядзерных, радыеактыўных, наркатычных, атрутных, хімічных, біялягічных рэчываў, мікраарганізмаў, таксінаў.

Пры гэтым за кантрабанду зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў прапануецца судзіць на тэрмін ад 6 да 10 гадоў, наркатычнай сыравіны (прэкурсораў) — ад 4 да 12, допінгу — ад 2 да 6 гадоў.

Папраўкі ў Літве падрыхтавалі пасьля таго, як на працягу апошняга месяца палёты паветраных шароў зь Беларусі, што несьлі кантрабанду, парушалі працу аэрапортаў Вільні і Коўны. Гэтыя здарэньні прывялі да рашэньня ўраду закрыць мяжу зь Беларусьсю на месяц — да 30 лістапада.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG