Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ёсьць Беларусь у замежнапалітычнай стратэгіі ЗША. Аналіз Валера Карбалевіча


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сьцісла

  • Адміністрацыя ЗША зрабіла выгляд, што не пачула грубасьці з боку Лукашэнкі, для яе важна захаваць беларускі трэк адчыненым.
  • Намінаваньне Джона Коўла на пасаду спэцыяльнага пасланьніка ЗША ў Беларусі азначае, што беларуская тэма стала самастойным трэкам у замежнай палітыцы Вашынгтона.
  • У заяве Трампа акцэнтавана адно пытаньне парадку дня амэрыкана-беларускіх дачыненьняў. Гэта вызваленьне палітвязьняў.
  • ЗША ставіць задачу пашырыць поле для манэўра Менску ў ягонай замежнай палітыцы, павялічыць калідор магчымасьцяў.

Амэрыканская адміністрацыя выкарыстоўвае перамовы з Лукашэнкам як дадатковы канал сувязі з Крамлём. Вашынгтон таксама разглядае Лукашэнку як адмыслоўца, экспэрта па Пуціну. А вызваленьне беларускіх палітвязьняў дадае прэстыжу адміністрацыі ЗША.

Акрамя таго, адносіны зь Беларусьсю варта разглядаць у рамках стратэгіі Злучаных Штатаў па ізаляцыі Расеі.

Частковае скасаваньне санкцый адносна «Белавіі»

Пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка груба аблаяў улады ЗША за іх патрабаваньне Менску папрасіць прабачэньня ў Літвы, усе чакалі, чым адкажа Вашынгтон.

Пасьля кароткай паўзы Вашынгтон адказаў. Гэта адказ складаўся з двух частак.

4 лістапада Міністэрства фінансаў ЗША зьняло частку санкцый у дачыненьні да нацыянальнай авіякампаніі «Белавія». Гэта можна інтэрпрэтаваць як чыста тэхнічны крок, як удакладненьне да тых захадаў, якія зрабіў Мінфін ЗША 11 верасьня 2025 года. То бок Мінфін рэалізуе палітычныя рашэньні, якія адміністрацыя ЗША прыняла яшчэ ў верасьні ў адказ на вызваленьне чарговай партыі палітвязьняў. Бюракратычная машына працуе павольна.

Мінфін рэалізуе палітычныя рашэньні, прынятыя адміністрацыяй ЗША яшчэ ў верасьні

Але ў кожным разе, у гэтым рашэньні ёсьць і палітычны аспэкт. Вашынгтон мог бы пакрыўдзіцца і прыпыніць перамоўны працэс з Менскам. Аднак гэтага не адбылося. Адміністрацыя ЗША зрабіла выгляд, што не пачула грубасьці з боку Лукашэнкі і прадэманстравала гатоўнасьць працягваць перамовы з кіраўніцтвам Беларусі.

Тое, што ў рашэньні Мінфіну ЗША па «Белавіі» існуе выразны палітычны аспэкт, пацьвердзіла заява Дональда Трампа ад 9 лістапада. Яна вельмі знамянальная, і дае падставу для некалькіх высноваў.

Найперш, для цяперашняй адміністрацыі ЗША важныя ня словы, а справы, то бок рэальны палітычны працэс. Бо на цяперашнім этапе міжнародных адносін палітычныя заявы моцна дэвальваваліся.

Што азначае заява Трампа?

Тое, што з заявай адносна стасункаў зь Беларусьсю чарговым разам выступіў сам Трамп, сьведчыць пра адносна высокі статус гэтага пытаньня ў шкале прыярытэтаў замежнай палітыкі ЗША. Гэты трэк знаходзіцца пад кантролем самога амэрыканскага прэзыдэнта.

Беларуская тэма стала самастойным трэкам у замежнай палітыцы ЗША

Трамп паведаміў, што Джон Коўл намінаваны на пасаду спэцыяльнага пасланьніка ЗША ў справах Беларусі. Гэта падвышэньне статусу амэрыканскага дыплямата. Дасюль ён быў намесьнікам спэцпасланьніка прэзыдэнта ЗША па Ўкраіне Кіта Келага. І гэта азначала, што адносіны зь Беларусьсю былі вытворнымі ад палітыкі Злучаных Штатаў на ўкраінскім кірунку. Цяпер у зьвязку з новай пасадай Коўла можна зрабіць выснову, што беларуская тэма стала самастойным трэкам у замежнай палітыцы ЗША. Вага дачыненьняў зь Беларусьсю ў міжнароднай дзейнасьці Вашынгтону падвышаецца.

Важна зьвярнуць увагу, што ў заяве Трампа акцэнтавана адно пытаньне парадку дня амэрыкана-беларускіх дачыненьняў. Гэта вызваленьне палітвязьняў. Трамп называе іх «закладнікамі». Не будзем занадта зьвяртаць увагу на колькасьці ўжо вызваленых палітзьняволеных, якую называе прэзыдэнт ЗША. Але важна адзначыць, што, паводле Трампа, Коўл «цяпер працуе над тым, каб вызваліць яшчэ 50». То бок, можна меркаваць, што гэтая лічба ўжо ўзгодненая падчас перамоваў, і варта чакаць, што хуткім часам паўсотня палітвязьнях хутка вызваляцца з-за кратаў.

Гуманітарны трэк у палітыцы Трампа

Што стаіць за гэтымі крокамі Вашынгтону?

Паводле вэрсіі амэрыканскіх дыпляматаў і журналістаў, амэрыканская адміністрацыя выкарыстоўвае перамовы з Лукашэнкам як дадатковы канал сувязі з Крамлём. А таксама Вашынгтон разглядае Лукашэнку як адмыслоўца, экспэрта па Пуціну, ледзь ці не ягонага духоўніка. То бок ЗША глядзіць на Беларусь у кантэксьце вырашэньня праблемы замірэньня ва Ўкраіне.

ЗША глядзіць на Беларусь у кантэксьце вырашэньня праблемы замірэньня ва Ўкраіне

Што да тэмы палітвязьняў. Магчыма, у Вашынгтоне правільна разьлічылі, што дзеля атрыманьня Трампам Нобэлеўскай прэміі міру недастаткова толькі займацца мітатворчасьцю, прымірэньнем канфліктуючых дзяржаў. Гісторыя прысуджэньня гэтай прэміі паказвае, што тут павінен быць і нейкі гуманітарны трэк.

Вызваленьне палітвязьняў («закладнікаў») — гэта і ёсьць дадатак да актыўнай мітатворчасьці, якую дэманструе прэзыдэнт ЗША. Але ў сьвеце дзясяткі краін, дзе існуюць палітзьняволеныя. Беларусь тут апынулася ў цэнтры гэтай тэмы, на інфармацыйным перакрыжаваньні. Пра беларускіх палітвязьняў найбольш гавораць, прынамсі, у Эўропе.

Але, падаецца, гэта ўсё ж недастатковае тлумачэньне той увагі, якую ЗША надаюць Беларусі. Ёсьць яшчэ адзін чыньнік, паводле якога беларуская тэма набірае вагу ў замежнапалітычнай стратэгіі Злучаных Штатаў.

Курс на ізаляцыю Расеі

Калі глядзець на апошнія крокі ў замежнай палітыцы ЗША, то можна заўважыць, што так ці інакш кранаюць Расею. Сутыкнуўшыся з нежаданьнем Уладзімера Пуціна спыніць вайну супраць Украіны, Вашынгтон спрабуе ізаляваць РФ, пазбавіць яе хаўрусьнікаў і партнэраў. ЗША цісьне на Кітай, Індыю, Турэччыну, Вугоршчыну, каб тыя спынілі імпарт расейскай нафты. У гэтым пляне атрымліваецца далёка не ўсё, аднак працэс ідзе. З дапамогай Ізраілю нэўтралізаваны Іран. ЗША рашуча настроены адносна рэжыму Нікаляса Мадуры ў Вэнэсуэле.

Вашынгтон дэманструе імкненьне актыўна працаваць з дзяржавамі постсавецкай прасторы, якую Расею лічыць сваёй сфэрай уплыву. Мінулым тыднем упершыню ў гісторыі прэзыдэнт Злучаных Штатаў прыняў у Белым доме пяць лідэраў краін Цэнтральнай Азіі. Гэта была дэманстрацыя таго, што супрацоўніцтва з ЗША ня менш пэрспэктыўнае для іх, чым адносіны з Расеяй і Кітаем. Таксама не так даўно ў Вашынгтоне Азэрбайджан і Армэнія парафіравалі мірную дамову.

Задача больш сьціплая: пашырыць поле для манэўра Менску ў ягонай замежнай палітыцы

Падаецца, і стаўленьне да Беларусі разглядаецца ў рамках гэтай стратэгіі ЗША. Наўрад ці ставіцца задача выцягнуць краіну з геапалітычнага поля Расеі. Бо відавочна вялізная залежнасьць лукашэнкаўскай Беларусі ад РФ. Задача ставіцца больш сьціплая: пашырыць поле для манэўра Менску ў ягонай замежнай палітыцы, павялічыць калідор магчымасьцяў.

Уласна менавіта такую лінію адносна Беларусі праводзілі ЗША падчас першай кадэнцыі Дональда Трампа. Тады ў Менск ладзілі візыты дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо, дарадца прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан. Цяпер яна адраджаецца ў новых умовах.

Цяжка сказаць, ці зможа перамоўны працэс з ЗША павялічыць аўтаномію афіцыйнага Менску. Бо надта моцна памяняліся ўмовы ў параўнаньні з часам першай кадэнцыі Трампа. Але, калі вынікам гэтага працэсу стане вызваленьне палітвязьняў, то аднаго гэтага дастаткова, каб вітаць такую палітыку.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG